Сяброўства не ведае меж

- 11:20Навіны рэгіёнаў

У Полацку дэлегацыя з нямецкага горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена наведала раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і яслі-сад № 24.

Старшыня таварыства дружбы “Фрыдрыхсхафен-Полацк” Эльвіра Мюлер і член арганізацыі Андрэа Марыя Келер-Вікер сустрэліся з кіраўніцтвам горада-пабраціма, а таксама з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і ўстаноў, з якімі на працягу больш чым чвэрць стагоддзя падтрымліваюць узаемныя сувязі. У цэнтры ўвагі былі новыя напрамкі партнёрства і праектная дзейнасць, перспектывы далейшай сумеснай работы. Як праінфармавала начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, паміж гарадамі наладжана цеснае супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне адукацыі. Напрыклад, адзін з апошніх рэалізаваных праектаў накіраваны на дапамогу дзецям, якія маюць парушэнні аўтыстычнага спектра.

— Намі быў запатрабаваны існуючы вопыт Фрыдрыхсхафена ў названым кірунку, у прыватнасці, у частцы рэабілітацыі і метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, — паведаміла Ірына Афанасьеўна. — Перада-дзеную нямецкімі сябрамі метадычную літаратуру для педагогаў мы пераклалі, адаптавалі, і гэты каштоўны вопыт ужо задзейнічаны. Безумоўна, абмен вопытам узаемны: мы актыўна дзелімся сваімі напрацоўкамі. Акрамя таго, партнёрства накіравана на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, дзе аказваюць карэкцыйную дапамогу дзецям, якія маюць парушэнні аўтыстычнага спектра. Так, таварыства дружбы аказала падтрымку ў набыцці мультыборда, дыягнастычных матэрыялаў, наглядных і вучэбных дапаможнікаў для аснашчэння рэсурснага цэнтра па аўтызме. Пры наведванні ЦКРАіР прадстаўнікі таварыства дружбы “Фрыдрыхсхафен-Полацк” азнаёміліся з яго дзейнасцю, абсталяваннем, магчымасцямі і адзначылі відавочны рух наперад у параўнанні з убачаным падчас папярэдняга візіту. Варта дадаць: падобныя сустрэчы адбываюцца штогод, выключэннем стаў толькі пе-рыяд пандэміі. Тое, што атрымліваецца зрабіць, — вынік работы ўсяго калектыву і кіраўніцтва цэнтра, сацыяльнага партнёрства, а ў першую чаргу моцнай дзяржаўнай падтрымкі, якая аказваецца сістэме спецыяльнай адукацыі.

Госці таксама наведалі яслі-сад № 24. Выхаванцы да іх прыезду пад-рыхтавалі цудоўны канцэрт. Светлыя прасторныя памяшканні, сучаснае абсталяванне для гульняў і развіцця — міні-экскурсія па дашкольнай установе пакінула добрыя ўражанні. Яслі-сад паспяхова ўдзельнічае ў праекце “Зялёныя школы” і з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. У ходзе сустрэчы прадстаўнікі горада-пабраціма, кіраўнікі ўпраўлення па адукацыі райвыканкама і дашкольнай установы, педагогі абмеркавалі магчымасці і шляхі сумеснай работы, уключаючы ўдасканальванне дапамогі дзецям, якія маюць парушэнні зроку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Полацкага райвыканкама.