Сябруем з роднай мовай

Ужо другі год у нашай школе дзейнічае гурток “Сябрую з мовай”. Сёлета ў ім займаюцца другакласнікі.

Ідэя стварэння гуртка ўзнікла невыпадкова. На першым уроку беларускай мовы мая калега пачала размаўляць з дзецьмі па-беларуску. Вучні доўга і няўцямна ўслухоўваліся, а адзін хлопчык спытаў: “А вы і па-англійску ўмееце?” У нашай мясцовасці дзеці рэдка чуюць беларускую мову. Узнікла неабходнасць новага падыходу да выкладання мовы. А для гэтага трэба як след зацікавіць вучняў, даўшы прастору для творчасці і пакінуўшы рамкі ўрока. Так з’явіўся гурток “Сябрую з мовай”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаць мову ў розных відах дзейнасці.

Найбольш эфектыўным спосабам уздзеяння на пачуцці дзяцей з’яўляецца музыка. Вучні імкнуцца спяваць прыгожа, для чаго старанна вымаўляюць словы. Малодшыя школьнікі ахвотна спяваюць калыханкі, народныя і дзіцячыя песні. Даволі часта песні суправаджаюцца відэапраглядам.

Узбагаціць слоўнік вучняў і развіць звязную мову дапамагае прагляд беларускамоўных мультфільмаў з абавязковым абмеркаваннем і тлумачэннем незнаёмых слоў. Першакласнікам найбольш падыходзіць шматсерыйны мультфільм “Прыгоды ката Філімона”, бо яго героі мала размаўляюць, а многія словы суправаджаюцца дзеяннямі. Другакласнікам можна прапанаваць мультфільмы “Мядзведзік Фантазік” і “Аблавушак”. Вучні вельмі любяць мультфільмы “Пан Катовіч”, “Каза-манюка”, “Піліпка” і “Залатая яблынька”.

У разуменні мовы добра дапамагаюць загадкі. Дзецям падабаецца віктарына “Свая гульня”, дзе загадкі размеркаваны па групах, напрыклад, па колерах вясёлкі: зялёны — адгадкі будуць зялёнага колеру (агурок, крапіва), жоўты — жоўтага (сланечнік, дзьмухавец).

Усе дзеці любяць казкі. Мы чытаем іх разам, седзячы ў коле. Потым падбіраем прыказкі з прапанаваных і завучваем іх. Вучні малююць ілюстрацыі да твораў, пасля чаго арганізоўваецца выстава.

Важна не толькі разумець беларускую мову, але і правільна гаварыць на ёй. Тут на дапамогу прыходзяць беларускія народныя гульні. Каб пачаць гульню, неабходна вывучыць лічылку ці дражнілку. Потым трэба прагаварыць вершаваныя радкі, каб пачалося дзеянне, якога чакаюць дзеці: бег, хованкі, скокі, танцавальныя ці імітацыйныя рухі.

Мова абавязкова павінна быць эмацыянальна афарбаванай. У гэтым дапамагае інсцэніроўка вершаў і казак. Маленькія артысты з задавальненнем выступаюць перад аднакласнікамі на ўроках чытання ці класных гадзінах.

Для пашырэння слоўнікавага запасу выкарыстоўваю электронны сродак навучання “Лексічны матэрыял па беларускай мове”. Дзеці працуюць за камп’ютарамі, выконваючы заданні па засваенні беларускай лексікі, размешчанай па тэматычных блоках “Поры года”, “Дні тыдня”, “Словы ветлівасці” і г.д. Пасля выканання заданняў вучні бачаць колькасць правільных адказаў і памылак.

Серыю прэзентацый “Актыўны слоўнік” можна выкарыстоўваць як на ўроках, так і на занятках гуртка. Кожнае новае слова суправаджаецца карцінкай на экране. Словы згрупаваны па тэматычных блоках, якія прапаноўвае праграма па літаратурным чытанні. На экране з’яўляецца карцінка і рускі варыянт назвы ці цэлага выразу, а беларускі з’яўляецца пасля таго, як вучні правільна яго назавуць. Новы лексічны матэрыял з “Актыўнага слоўніка” аформіла ў выглядзе закладак, якія выкарыстоўваюцца для завучвання слоў.

Я падабрала фізкультхвілінкі да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў на кожны месяц года, якія ўвайшлі ў каляндар для настаўніка, надрукаваны выдавецтвам “Свет слова” ў 2016 годзе.

Усе прапанаваныя метады і падыходы да вывучэння беларускай мовы прыносяць значныя вынікі. Дзеці сталі разумець родную мову, лепш чытаць і адказваць на пытанні, выкарыстоўваючы беларускую лексіку. А гэта азначае, што вучні ўжо сябруюць з мовай.

Наталля ГАПУН,
настаўніца пачатковых класаў Высокаўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.