Сябруюць школамі

- 12:00Навіны рэгіёнаў

Шэсць дагавораў аб супрацоўніцтве — такі вынік візіту дэлегацыі дэпартамента адукацыі Елгаўскага краю Латвійскай Рэспублікі ў Гродзенскі раён. Дагаворы заключаны паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама і дэпартаментам адукацыі Елгаўскага краю і пяццю навучальнымі ўстановамі з абодвух бакоў.

Гасцей сустракалі беларускімі напевамі артысты народнага тэатра “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору. А песню Райманда Паўлса латвійскія госці папрасілі выканаць на біс. На латышскай мове віталі елгаўскіх педагогаў у Раціцкай сярэдняй школе. Тут іх азнаёмілі з новым корпусам і сталовай, расказалі пра арганізацыю харчавання і падвозу школьнікаў з навакольных населеных пунктаў.

Вопыт добраўпарадкавання тэрыторыі, школьны агарод, кветкавае афармленне класаў і зялёны куток адпачынку паказалі ў Капцёўскай сярэдняй школе. Адзінаццацікласнік Антон Кохна расказаў аб дзейнасці школьнага самакіравання ў раёне, члены турыстычнага клуба “Норд” — аб развіцці турызму. Азнаёмілі гасцей з дзейнасцю інтэлектуальнага клуба “Фартуна” і навуковага таварыства “Інтэлект”, арганізацыяй дадатковых заняткаў па прадметах і рабоце з адоранымі навучэнцамі. Арганізацыю летняга адпачынку дзяцей прадставілі ў Квасоўскай сярэдняй школе.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Андрэй Сямашка, вынікі азнаямлення з адукацыйнай сістэмай Гродзенскага раёна былі падведзены на круглым стале. Вопыт работы прадставілі кіраўнікі Раціцкай, Капцёўскай, Азёрскай, Квасоўскай і Путрышкаўскай сярэдніх школ. Дагаворы аб супрацоўніцтве прадугледжваюць абмен вопытам, краязнаўчыя экскурсіі, правядзенне сумесных спартыўных і культурных мерапрыемстваў, у прыватнасці фальклорных фестываляў.

Дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Алег Хрыптовіч расказаў, што школа актыўна супрацоўнічае са школай Друскінінкая з суседняй Літвы. Новае партнёрства з латвійскім бокам — гэта пашырэнне гарызонтаў міжнароднага супрацоўніцтва. Намечана, што некаторыя мерапрыемствы правядуць дыстанцыйна, у анлайн-рэжыме, але адзін раз у год будуць адбывацца візіты ў Беларусь і Латвію. І ўжо на асенніх канікулах, як паведаміла дырэктар Капцёўскай сярэдняй школы Людміла Санюковіч, навучэнцы адправяцца ў свой першы латвійскі візіт — у Сталгененскую школу Елгаўскага краю.

А ў гэты візіт для латвійскіх гасцей была арганізавана багатая культурная праграма: яны пабывалі на Аўгустоўскім канале, экскурсіі па Гродне, у музеі пісанкі ў гарадскім пасёлку Сапоцкін.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.