Сямнаццацігадовы прафесіянал

- 11:19Рознае, Спартыўныя падзеі

Значная падзея адбылася ў гісторыі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна. Як паведаміў афіцыйны сайт наймацнейшага баскетбольнага клуба краіны “Цмокі”, кантракт тэрмінам на тры гады падпісаны з 17-гадовым спартсменам Уладзіславам Блізнюком. Уладзіслаў у бягучым навучальным годзе скончыў 11 клас Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы.

Сваю спартыўную кар’еру юнак пачаў яшчэ ў 5 класе, калі ў складзе зборнай каманды школы трапіў на абласную спартакіяду па стрытболе сярод юнакоў па месцы жыхарства, у Гродне. Удалая гульня не засталася без увагі трэнераў з абласнога цэнтра, і Уладзіслаў на працягу некалькіх гадоў заставаўся сапраўдным лідарам каманды Гродзенскай вобласці, якую двойчы прыводзіў да чэмпіёнства ў першынстве Рэспублікі Беларусь па баскетболе. У гэты ж час былі выступленні за гродзенскія каманды СДЮШАР Гродна, “Рэгіён-2010” (Гродзенскі раён), БК “Мешчаракова” (Мінск), “СДЮШАР Мінск — 2006”. Ва ўсіх камандах Уладзіслаў Блізнюк быў на вядучых ролях, неаднойчы станавіўся лепшым гульцом турніраў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Да падпісання кантракта на працягу апошняга сезона, акрамя выступлення ў юнацкай Еўралізе, Уладзіслаў з’яўляўся ўдзельнікам чэмпіянату Беларусі сярод дарослых у складзе каманды “БДЭУ РЦАП”.

І вось новая прыступка ў спартыўным станаўленні таленавітага юнака — прафесійны кантракт. Хочацца спадзявацца, што Уладзіслаў скарыстае атрыманы шанс і зробіць яшчэ адзін крок да мэты свайго жыцця, якую ён сам сабе і паставіў, — кар’ера баскетбаліста-прафесіянала, магчыма, нават згуляе са сваім кумірам Кайры Ірвінгам з амерыканскай каманды “Кліўленд” з мацнейшай лігі свету — НБА.

На гэтым прыкладзе хочацца сказаць усім юнакам і дзяўчатам з глыбінкі, з вёсак, аграгарадкоў: у вас таксама ёсць магчымасці рэалізаваць сябе, галоўнае — ставіць мэту і імкнуцца, пастаянна працуючы і развіваючы свае здольнасці, якія ёсць у кожнага.

Дзмітрый БЛІЗНЮК,
дырэктар установы і трэнер школьнай баскетбольнай каманды
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.