На самай справе ён шакаладны. Прадстаўленая на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе кампазіцыя “Шчодрык”, якую выканала навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Злата Шпак, узнагароджаны сярэбраным медалём.
Сусветная алімпіяда кулінараў праводзіцца адзін раз у чатыры гады, пачынаючы з 1990 года. На гэты раз удзел у ёй прынялі больш за дзве тысячы кандытараў і шэф-повараў з 50 краін. Беларуская каманда вельмі годна прадставіла нашу краіну — заваявала 5 залатых, 11 сярэбраных і адзін бронзавы медаль. Сярод прафесіяналаў была адна навучэнка будучы тэхнік-тэхнолаг Злата Шпак.
— Гэта не першы поспех нашай навучэнкі, — расказвае дырэктар каледжа Леанід Бялей. — Яна стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus і будзе прадстаўляць краіну на сусветным чэмпіянаце ў наступным годзе ў Абу-Дабі. Вясной гэтага года Злата перамагла ў адкрытым конкурсе кандытарскага мастацтва ў Маскве.
На алімпіядзе Злата прадставіла кампазіцыю “Шчодрык” па матывах аднайменнага нацыянальнага абраду.
— Хацелася паказаць часцінку нашай культуры, характар беларуса, таму і атрымаўся такі зборны вобраз, — гаворыць Злата. — З добрай усмешкай, у саламяным капелюшы, з кветкамі і грыбамі.
А прыдумвалі Шчодрыка вялікім калектывам: выкладчыкі і майстры вытворчага навучання разам са Златай праглядалі інтэрнэт, часопісы, стваралі эскізы, абмяркоўвалі ўзоры і дэталі ўпрыгожвання.
— Самым складаным было зрабіць твар Шчодрыка, праз вочы перадаць дабрыню і адкрыты характар нашага героя, — працягвае Злата. — Часам работа ішла вельмі хутка, часам штосьці не атрымлівалася, перараблялася.
Трэба адзначыць, што было выкарыстана 11 розных тэхнік работы з шакаладам, белы і чорны шакалад, харчовыя фарбавальнікі. Не менш складанай аказалася транспарціроўка кампазіцыі. Па ўмовах алімпіяды, удзельнікі прывозілі гатовы выраб. З пяці да сямі гадзін раніцы ў залах, дзе праходзіла кулінарная алімпіяда, удзельнікі ўстанаўлівалі свае вырабы і працавалі над апошнімі штрыхамі. Калі канкурсанты пакінулі павільён, за работу ўзялося журы. А дзясятай гадзіне раніцы дзверы адчыніліся для ўсіх, хто хацеў убачыць шэдэўры кулінарнага майстэрства.
— Вельмі хваляваліся, як даедзе наш 76-сантыметровы Шчодрык. Для яго змайстравалі спецыяльный футляр з акенцамі, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Ірына Брушко. — Але ўсё атрымалася, і Злата справілася з заданнем выдатна. Вялікую ўдзячнасць хочацца выказаць і галоўнаму рэдактару часопіса “Пекарь&Кондитер” Людміле Аўсянікавай за дапамогу ў арганізацыі ўдзелу ў такіх знакавых спаборніцтвах.
— Злата вельмі адказная і сур’ёзная, — уступае ў размову майстар вытворчага навучання Алена Горбач. — Да кожнай справы ставіцца вельмі старанна, можа працаваць да позняга вечара, пакуль не атрымаецца той вынік, які яе задаволіць.
У тэхналагічным каледжы вялікую ўвагу ўдзяляюць азнаямленню навучэнцаў з найноўшымі тэхналогіямі і сусветнымі тэндэнцыямі ў кулінарнай і кандытарскай справе, рэстаранным бізнесе. Так, удзел у кулінарнай алімпіядзе спалучылі з вучэбна-адукацыйнай праграмай “Сучасныя методыкі падрыхтоўкі спецыялістаў для галіны грамадскага харчавання, рэстараннага і гасцінічнага бізнесу на прыкладзе Чэхіі і Германіі”. Дэлегацыя ў складзе 14 выкладчыкаў і навучэнцаў пабывала ў сярэдняй і вышэйшай школах атэльнага бізнесу і гастраноміі ў Празе. Абмеркавалі і магчымасці праходжання тут стажыровак гродзенскіх навучэнцаў.
А Злата ўжо пачынае думаць аб новых конкурсах і аб тым, якую кампазіцыю для іх зрабіць. Акрамя заняткаў (любімымі з’яўляюцца спецпрадметы па тэхналогіях), дзяўчына наведвае гурток “Урачыстасць стылю і густу”, рыхтуецца да ўдзелу ў майстар-класах сусветна вядомага іспанскага шакалацье Ханса Аванда і ў акадэміі швейцарскага шакаладу.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва тэхналагічнага каледжа.