Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 451, у адпаведнасці з якім 89 чалавек удастоены дзяржаўных узнагарод. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прадстаўнікі розных сфер дзейнасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё лёгкай прамысловасці, дарожнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу, чыгуначнага і воднага транспарту, удасканаленне энергетычнай і падатковай сістэм рэспублікі, забеспячэнне развіцця банкаўскага сектара і фінансавання дзяржаўных праграм, укараненне новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння насельніцтва, значныя дасягненні ў сферы адукацыі, культуры, мастацтва і спорту.
Так, ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны дырэктар КСУП “Брылёва” Аркадзь Кобрусеў, ордэнам “За службу Радзіме” III ступені — камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Узброеных Сіл Аляксей Папоў. Сярод удастоеных ордэна Пашаны прафесар кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Алена Бялова, старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па вольнай барацьбе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі” Аляксандр Мядзведзь.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Іна Віннік, загадчык лабараторыі гігіены працы РУП “Навукова-практычны цэнтр гігіены” Рыгор Касячэнка.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні. Заслужаным дзеячам культуры Беларусі стаў галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. Звання “Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь” удастоены загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў і загадчык кафедры факультэцкай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Шылянок, звання “Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь” — дырэктар ЗАТ “Калінка” Галіна Каліценя, звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь” — генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве Фёдар Прывалаў.
Заслужаным будаўніком Беларусі стаў генеральны дырэктар ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 5” Валерый Габец, заслужаным энергетыкам Беларусі — генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Шацернік, заслужаным работнікам фізічнай культуры і спорту Беларусі — старшы інструктар-метадыст сацыяльнай установы “Інвацэнтр” Беларускага таварыства інвалідаў Барыс Бачкоўскі.