Сёлета ў Мінскай вобласці пачалі працаваць 44 класы інжынернага кірунку

- 16:41Образование

Сёлета ў вобласці пачалі працаваць 44 класы інжынернага кірунку, у якіх займаецца 391 навучэнец. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Набор у такія профільныя класы стартаваў з гэтага навучальнага года. Спецыфіку будучай прафесіі вучні інжынерных класаў спазнаюць не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Такая магчымасць ім выпала дзякуючы супрацоўніцтву ўстаноў адукацыі са шматлікімі прадпрыемствамі і УВА краіны.

У Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна інжынерны профіль карыстаецца папулярнасцю сярод вучняў.

“У нашай гімназіі ёсць STEM-цэнтр, а таксама працуе клас робататэхнікі, — дзеліцца дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Саматыга. — Дзякуючы гэтаму, у нас ёсць унікальная магчымасць спалучаць адукацыйны працэс і дадатковую адукацыю ў сферы робататэхнікі, тым самым прывіваючы навучэнцам цікавасць да інжынерных спецыяльнасцей”.

З пачатку бягучага навучальнага года Лошніцкая гімназія супрацоўнічае з БДТУ ў напрамку правядзення даследчых работ і прафарыентацыйных мерапрыемстваў.

“Такое супрацоўніцтва дазваляе вучням сарыентавацца ў інжынерных спецыяльнасцях і выбраць найбольш цікавы для іх кірунак, — дадае Ю.Саматыга. — Залічэнне ў профільныя інжынерныя класы адбываецца на падставе конкурсу. Так, сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі павінен быць не ніжэйшы за 7 і адзнакі па вучэбных прадметах, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, таксама не ніжэйшыя за 7 балаў”.

У інжынерным класе на павышаным узроўні вывучаюцца тыя дысцыпліны, ведамі па якіх неабходна валодаць, каб паступіць ва УВА адпаведнага профілю. Фізіка, геаграфія, матэматыка, хімія, біялогія — асноўныя прадметы, на вывучэнне якіх робяць упор будучыя інжынеры. Дарэчы, абавязковым з’яўляецца і засваенне вучэбнай праграмы факультатыву “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”.

Акрамя інжынернага профілю, у Лошніцкай гімназіі працуюць класы педагагічнага, аграрнага і ваенна-патрыятычнага кірункаў.

“Найбольш папулярнымі сярод вучняў гімназіі з’яўляюцца педагагічныя класы, — з гордасцю адзначае Юлія Саматыга. — У нашых навучэнцаў высокі ўзровень паступлення ва УВА краіны, і мы гэтым вельмі ганарымся”.

Наталля САХНО