Сёння — мара, а заўтра — прафесія

- 10:27Навіны рэгіёнаў

Гульнявы праект шостага дня з інтрыгуючай назвай “Дванаццаць месяцаў” пачаўся сёлета ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Сваёй мэтай праект ставіць згуртаванне ўдзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах розных напрамкаў дзейнасці.

Нядаўна ў рамках праекта было вырашана правесці конкурс “Марачы аб прафесіі”, сэнс якога, як зазначылі самі арганізатары, у ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі.
У трох намінацыях — “Малюнак”, “Прэзентацыя” і “Эсэ” — канкурсанты, а гэта дзеці ад 5 да 16 гадоў, падзяліліся марамі пра будучыню, раскрылі свет любімых і незвычайных прафесій. Нехта хоча стаць будаўніком, педагогам, дызайнерам, фатографам, а камусьці марыцца разгадоўваць коней ці дрэсіраваць дэльфінаў. Адважныя хлопчыкі мараць ахоўваць багацце банкаў ці пайсці ў сакрэтныя агенты.Узнагароды дзеці атрымлівалі з рук начальніка Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі Уладзіміра Глазунова.
— У свеце вельмі многа цікавых прафесій, і іншы раз нялёгка выбіраць, — звярнуўся Уладзімір Іванавіч да ўдзельнікаў конкурсу. — Трэба заўсёды памятаць, што чалавек, які любіць сваю прафесію, становіцца сапраўдным прафесіяналам, таму важна выбраць справу па душы.Па выніках конкурсу быў распрацаваны зборнік, у які ўвайшлі работы пераможцаў. Пераможцы і прызёры творчага спаборніцтва разам з узнагародамі і памятнымі падарункамі атрымалі і зборнік. Ён будзе напамінаць ім не толькі пра ўдзел у конкурсе, але і пра іх мары. Хто ведае, можа, сёння гэта толькі мары, а заўтра — справа ўсяго жыцця.

Наталля ЛУТЧАНКА.