Што такое хор?
Гэта — многагалоссе…
Гэта плячо ў плячо…
Гэта душа ў душу…
Гэта сэрца ў сэрца…
Гэта адзінае шматгалосае сэрца, якое спявае. І гэтыя спевы пераліваюцца з сэрца ў… шматтысячныя душы.
У гэта цяжка паверыць, але ў нашай краіне яшчэ 50 гадоў назад не існавала хароў. Былі, магчыма, нейкія зачаткі-пачаткі, але ўсеагульнага дзіцячага і маладзёжнага харавога руху не было. Ён пачаўся ў 1966/1967 навучальным годзе, калі ў мінскай сярэдняй школе № 1 была адкрыта першая ў Беларусі харавая студыя, а з ёй і хор “Дружба” — першы школьны хор, які даў штуршок развіццю дзіцячага харавога руху ва ўсёй краіне.
Вымушаны зараз сказаць адну інтымную рэч. Маё станаўленне як мужчыны прыпала на пачатак 90-х. Я тады знаёміўся з рознымі дзяўчатамі і, натуральна, на спатканнях пытаўся ў іх, чым яны займаюцца ў вольны час. Магчыма, мне проста шанцавала на шляхетных дзяўчат, але кожная другая мне казала, што спявае ў хоры: у БДУ, у МДЛУ, у БДПУ імя Максіма Танка, у сярэдняй школе № 130 (сённяшняй гімназіі № 15)… Я, у той час ачмурэлы “цяжкім металам”, пытаўся ў іх, маўляў, што прыкольнага ў тым, каб стаяць яшчэ з трыццаццю дзеўкамі і спяваць Ave Maria Брамса. А яны мне адказвалі, што ў тым і “прыкол” — каб стаяць разам з трыццаццю дзяўчатамі на сцэне і спяваць Ave Maria Брамса. Я не разумеў тады маіх суразмоўніц, але, пасталеўшы і адчуўшы, як уласная дачка з радасцю ходзіць на хор у музычную школу, іх урэшце зразумеў.
Сёння ў школе дзіцячы хор як, па-нямецку кажучы, Vorstellung (ідэя, канцэпт, уяўленне, задумка, паняцце, сэнс) — з’ява, на жаль, даволі рэдкая. Тым не менш дзіцячыя харавыя калектывы яшчэ ёсць. Яны даюць нам магчымасць радавацца творчай супольнасці дзяцей. Яны даюць нам магчымасць адчуваць шчасце, што ёсць такія дзеці. Яны даюць нам магчымасць на спатканнях усё яшчэ сустракаць такіх дзяўчат і хлопцаў…
Наша гутарка — з нязменным (з 1976 года) кіраўніком узорнага хору “Дружба” сярэдняй школы № 1 Мінска Таццянай Віктараўнай Валошынай.
— Таццяна Віктараўна, гэта быў канец 60-х… Як усё адбывалася?
— Быў такі Яўген Іванавіч Марцынюк. А ў яго быў хор у нашай звычайнай сярэдняй школе Мінска. Неяк ён даведаўся, што ў Расіі, у горадзе Чыгуначным, пад кіраўніцтвам Георгія Аляксандравіча Струвэ дзейнічае дзіцячы хор “Піянерыя” са сваёй строгай праграмай, раскладам, планам заняткаў. Ён называўся “Піянерыяй”, бо быў першым у СССР. Марцынюк тады з’ездзіў да Струвэ і загарэўся ідэяй распачаць дзіцячы харавы рух у Беларусі. Вярнуўшыся ў Мінск, Яўген Іванавіч звярнуўся непасрэдна ў Міністэрства асветы — да Анатоля Андрэевіча Філіповіча, які курыраваў урокі спеваў, і намесніка міністра асветы Максіма Максімавіча Круглея. Яны ўбачылі вочы Марцынюка, якія гарэлі, якія проста крычалі “Нам трэба хор у школу!”, і падпісалі загады.
— Дзіцячы харавы рух пачынаўся ў Беларусі натуральна, без перашкод?
— Такія школы, як наша, дзе з’яўляліся харавыя студыі, раслі як грыбы. Пра БССР гаварылі нават як пра феномен — калі літаральна ўсю рэспубліку ахапіў гэты рух, нашы харавыя калектывы выязджалі ў абсалютна розныя куткі свету і адусюль вярталіся з дыпломамі, пра якія нават латышы і эстонцы не маглі марыць. Я памятаю, як школьны хор з Наваполацка яшчэ ў савецкія часы выйграў конкурс у ЗША — гэта быў фурор на ўвесь Савецкі Саюз.
— Вы адчуваеце настальгію па тых часах…
— Ну канечне! Раней у мяне ў хоры было да ста чалавек. Некалькі гадоў назад нам зламалі ўсе нашы выпакутаваныя шматгадовай працай праграмы. І сёння ўсе нашы заняткі — гэта факультатывы. Яны не ацэньваюцца. Дзеці не атрымліваюць дакумент аб атрыманні музычнай адукацыі. Крыўдна: на нейкіх там курсах чалавек правучыўся два тыдні — і атрымлівае “скарыначку”, а тут дзеці спяваюць 8 гадоў — і нічога не атрымліваюць.
— Вы, напэўна, памятаеце асабіста Георгія Аляксандравіча Струвэ. Што гэта быў за чалавек? Як асоба? Як музыкант?
— Ён быў, несумненна, вялікі чалавек. Георгій Аляксандравіч закончыў маскоўскую кансерваторыю, аспірантуру ў самога Кабалеўскага. Так атрымалася, што ў свой час Г.А.Струвэ пачаў працаваць з дзецьмі і зрабіўся гэтакім рухавіком дзіцячай харавой культуры ўсяго Савецкага Саюза. Георгій Аляксандравіч ездзіў па ўсёй нашай вялікай краіне, многа разоў бываў у Беларусі, у тым ліку са сваім хорам. Ён быў бацькам дзіцячага харавога руху ў Саюзе. Іншага слова нават не падбяру. А мы — з розных куткоў СССР — ездзілі да яго, як нават самі жартавалі, “у Маскву па песні”.
— Гэтыя паездкі былі жаданымі?
— Гэта была сапраўдная аддушына. Нашы заняткі ў Маскве называліся “Камертон”. Мы выязджалі туды двойчы ў год. Туды запрашаліся вядомыя кампазітары, кіраўнікі дарослых і дзіцячых музычных калектываў. Аднойчы мы паехалі туды з нашым хорам — і нас слухаў увесь Савецкі Саюз у Інстытуце імя Гнесіных у асобе кіраўнікоў дзіцячых хароў з усіх рэспублік СССР. Дзякуючы “Камертону” я мела асабістыя сустрэчы з такімі асобамі, як Дзмітрый Кабалеўскі, Уладзіслаў Сакалоў, Тамара Папаценка, Юрый Чычкоў, Анатоль Новікаў, Аляксандра Пахмутава… Гэта быў для нас, кіраўнікоў школьных харавых калектываў, залаты час.
— І сёння пра яго застаецца толькі марыць?
— Безумоўна, факультатыўны тып харавых заняткаў наклаў свой негатыўны адбітак: я сёння стаміўся, я сёння атрымаў дрэнную адзнаку па геаметрыі — не пайду на гэты хор, лепш пасяджу ў “Фэйсбуку”, лепш пагуляю на вуліцы. Я вам шчыра скажу. Мяне супакойвае адна рэч — традыцыя. У мінскай сярэдняй школе № 1 усе ўжо прывыклі да таго, што тут быў, ёсць і будзе хор. Хор “Дружба”. Я выхоўваю дзяцей маіх былых вучняў і нават дзяцей дзяцей маіх вучняў.
— Таццяна Віктараўна, я, магчыма, і ведаю прыблізны адказ на сваё наступнае пытанне, але хацелася б, каб з вашых вуснаў яго пачулі нашы настаўнікі і чыноўнікі: а для чаго дзіцяці, юнаму чалавеку патрэбен хор, патрэбна музыка?
— Мала таго, што харавая творчасць — гэта калектыўная творчасць, што яны адно за аднаго сцяной стаяць… Яны ведаюць пра кампазітара, чый твор спяваюць, эпоху гэтага кампазітара. За год мы развучваем каля 30 твораў — гэта значыць, што дзеці ведаюць 30 вершаў на памяць. А гэта ўсё добрыя вершы, бо на дрэнныя музыку не пішуць. А калі наогул гаварыць пра музычную адукацыю, то вось дзіцятка сядзіць перад нотамі — яно бачыць і басовыя, і скрыпічныя ключы, а іх трэба суаднесці з размяшчэннем на інструменце, плюс фортэ, піяна, легата, стаката і іншыя змены ў музычным рытме. І я ўжо не кажу пра здароўе: навукоўцамі даказана, што пеўчае дыханне развівае арганізм. Гэта як бы масаж органаў знутры — калі лёгкае раздзімаецца пры вакальным удыху значна больш, чым пры звычайным удыху, і масіруюцца ўсе органы. У мамы, якая спявае падчас цяжарнасці, народзіцца больш шчаслівае і здаровае дзіця — проста яно будзе атрымліваць больш кіслароду.
— Я нават не чакаў такое пачуць…
— Больш за тое скажу: у кароўніках, дзе іграе класічная музыка, каровы даю ць больш малака, чым там, дзе яна не іграе. Менавіта класічная музыка, а не хіп-хоп.
— Ну да гэтага, мабыць, дадумаліся толькі шведы!
— А мо і фіны якія. Але гэта праўдзівая інфармацыя. Я ж не жартую пра важнасць музычнай адукацыі. Гляньце на нашу Дошку гонару на першым паверсе ў фае школы. Амаль што ўсе яны з музычных класаў. Ім усё трэба: і музыка, і матэматыка, і літаратура… І, вы ведаеце, калі чалавек з дзяцінства прывык да павышаных нагрузак, ён і потым будзе старацца зрабіць больш, чым іншы, на любой сваёй пасадзе. Ён будзе проста больш зацікаўлены ў сваёй прафесійнай справе, чым той, хто праседзеў сваё дзяцінства пад венікам. Ці, як сёння, ля камп’ютара.
— Таццяна Віктараўна, геаграфія вашых замежных гастроляў уражвае. Толькі ў адной Польшчы гэта Слупск, Паронін, Закапанэ, Лодзь, Вісла, Львувек, Варшава, Жэшаў, Познань… У Германіі — Аўгсбург, Мюнхен, Кёльн… Ці была самая запамінальная замежная паездка?
— Усе замежныя — памятныя. Магчыма, самая-самая — у Арменію, у Ерэван. Па-першае, мы ляцелі туды ці не чацвёртым рэйсам — рэйсы ўсё адкладвалі з-за нялётнага надвор’я. А па-другое, нас прымалі там як урадавую дэлегацыю.
Зрэшты, у савецкія гады нас усюды прымалі на ўзроўні мэра горада — у Малдавіі, Італіі, Германіі. У Італіі мне казалі наўпрост: “Якая ў вас высокая харавая культура!” А я ім у адказ: “Вы, італьянцы, спевакі ад прыроды, мне пра гэта гаворыце?!” І тады яны мне тлумачылі: “У нас трымаюць гэты рух адзінкі — салісты-вакалісты. А ў вас гэта масавая культура. Мы не сабралі б такі хор, як ваша “Дружба”, нават з дзесяці рымскіх школ”.
— На чым паразумеліся тады з італьянцамі?
— Ды не на чым. Мне проста было вельмі прыемна слухаць іх словы. А сёння я разумею: і мы хутка прыйдзем да такой сітуацыі.
— Цікава, а прыбалты да італьянцаў прыязджалі? У іх жа, наколькі ведаю, харавая культура наогул узведзена ў культ.
— Так. Гэта неверагоднае відовішча. Як у нас былі першамайскія дэманстрацыі, у іх — харавыя спевы. Ідуць па праспекце: наперадзе — кіраўніцтва раёна, горада, а за імі — аркестры, харавыя калектывы, усе ў нацыянальных строях, з такім усеагульным нацыянальным уздымам. Калі б мне пра гэта хто-небудзь проста расказаў, не паверыла б. Але я сама ўсё гэта бачыла на свае вочы. Неверагоднае відовішча: усе ідуць да пеўчага поля, як на нейкае звышсвята. Тут жа — танцоры, тут жа — жанглёры. Нават, здаецца, паліцэйскія спяваюць і падтанцоўваюць.
У Прыбалтыцы вякамі сілкавалася харавая музычная культура. Але з іншых рэспублік СССР мы, беларусы, былі самымі прасунутымі. На нас раўняліся іншыя рэспублікі. Віктара Уладзіміравіча Роўду прымалі ўсюды як самага шаноўнага госця, як самага высокага прафесіянала.
— Тацяна Віктараўна, вы сябруеце з бацькамі сваіх выхаванцаў?
— Ведаеце, на вялікі жаль, з бацькамі я стала сябраваць менш. Таты і мамы маіх сённяшніх выхаванцаў нарадзіліся ў той час, калі распадаўся Савецкі Саюз, калі страчваліся ранейшыя савецкія каштоўнасці, а новыя не набываліся. І бывае нярэдка сітуацыя, калі мая пазіцыя як кіраўніка хору не заўсёды супадае з пазіцыямі бацькоў дзяцей, якіх я выхоўваю. Мне, шчыра кажучы, не хочацца пра гэта нават гаварыць. Калі бацькі гавораць “Навошта нам гэты хор?”, пра што можна гаварыць?
— Можа быць, дзеці, якія ўсё ж такі ходзяць на хор, сёння разумнейшыя за сваіх бацькоў?
— Можа, вы і маеце рацыю. Я цудоўна разумею, што яны любяць хіп-хоп. Але мяне грэе думка, што ў іх ёсць і іншае, не толькі хіп-хоп. Яны любяць, разумеюць і ацэньваюць сапраўднае мастацтва. Кожны год дзеці праходзяць праз канцэртны абанемент — яны наведваюць 4 канцэрты на працягу года. І я потым не магу нарадавацца, як яны дакладна чуюць музычнае выкананне гэтых канцэртаў, як яны ўсё потым дакладна разбіраюць і робяць свае заўвагі. Яны, безумоўна, ходзяць на дыскатэкі, але любяць і класічную музыку. Не проста любяць, а разбіраюцца ў ёй. Гэта іншыя дзеці, чым тыя, якія любяць толькі хіп-хоп. Калі толькі хіп-хоп — гэта, я лічу, жах.
— Таццяна Віктараўна, вы амаль 50 гадоў кіруеце школьным хорам “Радасць”. Навошта вам гэта?
— Чалавек, выбіраючы прафесію, напэўна разумее, чаму ён яе выбраў. А я, гледзячы на пражытыя гады, радуюся: адзін настаўнік не спраўляецца і з 20 дзецьмі ў класе, а ў мяне — 60 дзяцей. І гэта ўсё не шэрая маса. Яны ўсе лідары. Яны ўсе актыўныя.
Думаю, што ў гэтым ёсць і мая заслуга. Развучваючы кожны новы твор, я імкнуся расказаць пра жыццё, якое папярэднічала гэтаму твору.
У мяне дзень нараджэння 25 студзеня, у Дзень Таццяны. Мае выпускнікі прыходзяць і нагадваюць ужо мне самой: “А вы ж, Таццяна Віктараўна, нам так казалі…”
Я стараюся выхоўваць не толькі музыкантаў, харыстаў, але і людзей. Калі ў іх у жыцці пойдзе нешта не так, яны змогуць стварыць сваю аўру, у якой людзі будуць жыць па іх законах. І там будзе камфортна жыць вам і вашым сябрам.
— Вялікі дзякуй за гутарку.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.