Так проста быць добрым

- 11:06Нам пішуць

Прывучыць чалавека рабіць дабро трэба як мага раней, з самага дзяцінства. Я не ведаю, кім стануць у будучым выпускнікі нашай школы, але ўпэўнена ў адным: яны заўсёды будуць рабіць дабро, таму што растуць неабыякавымі людзьмі. Сутнасць нашага цімураўскага руху — клопат пра тых, хто ў ім мае патрэбу, павага да мінулага і сучаснасці сваёй Айчыны, імкненне зрабіць свет чысцейшым, лепшым, дабрэйшым, пачаўшы з самога сябе і навакольных.

Традыцыі цімураўскага руху нашай школы знайшлі развіццё ў добраахвотным удзеле піянераў у добраўпарадкаванні прышкольнага ўчастка і прылеглай тэрыторыі, ахове прыроды, клопаце і дапамозе пажылым і адзінокім аднавяскоўцам, падтрымцы ветэранаў педагагічнай працы і заслужаных калгаснікаў аграгарадка Кароліна, клопаце пра адзінага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Емяльянавіча Жывульку, які пражывае на тэрыторыі нашага сельскага Савета.

У Дзень пажылых людзей дзеці праводзяць святочныя канцэрты, сустрэчы, віншаванні, стараюцца нікога не абдзяліць увагай. Да Дня Перамогі дзейнічаюць аперацыі “Ліст ветэрану”, “Чыстыя вокны”, дзеці ўдзельнічаюць у акцыі “Дзякуй за перамогу”. Штогод у красавіку праводзім “Тыдзень дабра”, падчас якога аказваем дапамогу пажылым, адзінокім людзям, ветэранам вайны і працы, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Быць добрым — так проста!

Часлава ЦЭЙКАЛА,
педагог-арганізатар Каролінскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна.