Таленавітая Алеся

- 11:27Нам пішуць

Шасцікласніца Алеся Жураўлёва — сапраўдная зорачка Матнявіцкага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна. Нягледзячы на свой юны ўзрост, яна прымае вельмі актыўны ўдзел ва ўсіх сферах школьнага жыцця: пачынаючы ад класнага самакіравання да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе ў Мінску. Так, у гэтым навучальным годзе Алеся прайшла ўсе этапы IV Рэспубліканскага конкурсу юных майстроў па мастацкім тэкстылі і атрымала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе, выткаўшы закладку для кнігі ў тэхніцы заправачных узораў.

Алеся займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Клуб юных Васіліс” у школе, рыхтуецца і ўдзельнічае ў прадметных алімпіядах, прадметных завочных конкурсах, наведвае навукова-практычныя канферэнцыі навучэнцаў, прымае ўдзел практычна ва ўсіх творчых конкурсах і агітбрыгадах.

Гэты навучальны год і асабліва вясна сталі для Алесі па-сапраўднаму выніковымі. Акрамя дасягненняў у конкурсе па тэкстылі, яна атрымала два дыпломы ІІІ ступені ў адкрытай краязнаўчай канферэнцыі навучэнцаў “Гомельская вобласць — край родны” на базе гімназіі Кармы за прадстаўленне вынікаў сваёй навуковай працы і за конкурсны фотаздымак на экалагічную тэматыку. Таксама Алеся мае дасягненні ў камандных конкурсах, напрыклад, у раённым злёце каманд юных інспектараў дарожнага руху і спаборніцтве “Снежны снайпер”.

Гэта вынікі карпатлівай і стараннай працы дзяўчынкі на працягу ўсяго навучальнага года. Зусім хутка пачнуцца доўгачаканыя летнія канікулы, а Алеся ўжо плануе, якія этапы новай даследчай работы ёй неабходна ажыццявіць да восені, каб са свежымі сіламі працягнуць шлях да новых вяршынь.

Ганна ЕЎДАКІМЕНКА,
настаўніца геаграфіі Матнявіцкага ясляў-сада — базавай школы Чачэрскага раёна.