Талент Крапівы натхняе

- 12:32Культура

Уздзеншчына — зямля, якая нарадзіла шмат талентаў. 2016 год асаблівы не толькі для уздзенцаў, але і для ўсіх беларусаў. Менавіта ў гэтым годзе мы святкуем 120 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, пісьменніка і драматурга Кандрата Крапівы, ураджэнца вёскі Нізок Уздзенскага раёна.

2 сакавіка ў выставачнай зале Узденскага палаца культуры адбыліся літаратурна-мастацкі вернісаж “Талент Крапівы натхняе” і адкрыццё выставы беларускіх мастакоў Яўгена Шунейкі, Андрэя Лычкоўскага і Хведара Ладуцькі.
Супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса падрыхтавалі цёплую сустрэчу прыхільнікаў творчасці Кандрата Крапівы. Віншаванне ад унучкі Кандрата Крапівы, вядомага беларускага мастацтвазнаўца Алены Атраховіч, зачытала супрацоўніца бібліятэкі Вольга Віяленцій. Павіншавала прысутных са святам загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама Алена Спірына. Сярод гасцей мерапрыемства былі школьнікі, іх настаўнікі і дырэктар сярэдняй школы № 2, якая з гордасцю носіць імя Кандрата Крапівы, Алена Іаргачова.
— Год культуры супаў са 120 годдзем з дня нараджэння нашага земляка. І сёння мы святкуем гэтую асаблівую для нас падзею, — адзначыла дырэктар бібліятэкі Аксана Драчан. — А вось выставы менавіта гэтых мастакоў сталі для нас ужо добрай традыцыяй, проста цяперашняя прысвечана памяці Крапівы.
— Наша задача на выставе — паказаць, што натхняла байкапісца на творчасць, — падзяліўся сваімі думкамі Яўген Шунейка. — Паказаць прыгажосць Уздзеншчыны, яго радзімы.
Яўген Шунейка, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў акадэміі мастацтваў, выкарыстоўвае для сваіх партрэтаў і пейзажаў акварэль, алейныя фарбы і пастэль. Таксама ён працуе ў рэдкім народным стылі набойкі.
Хведар Ладуцька, мінскі майстар, працуе ў асноўным у пастэльным і алейным жывапісе ў жанрах пейзажа і нацюрморта. А вось уздзенскі мастак Андрэй Лычкоўскі працуе ў жанры нацюрморта і пейзажа ў станковым жывапісе. Мастакі не толькі паказалі прыгажосць радзімы Крапівы, але і напісалі яго партрэты разам з героямі баек.
На кожным адкрыцці сваёй выставы мастакі праводзяць майстар-клас: Яўген Шунейка і Хведар Ладуцька пішуць партрэты прысутных пастэллю, а Андрэй Лычкоўскі выконвае нацюрморт. На гэты раз у іх сталы мужчынскі калектыў дабавілася і маладая мастачка Яўгенія Сушкевіч, якая з’яўляецца супрацоўніцай мясцовага Палаца культуры.
Пакуль майстры працавалі, госці атрымлівалі асалоду ад выканання песень народным ансамблем народнай песні “Зборная субота”, ад таго, як чытаюць на памяць вершы і інсцэніруюць байкі Крапівы школьнікі. Забаўляла прысутных загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольга Віяленцій “літаратурнай прышчэпкай” па творчасці беларускага паэта. А ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Нёманец” прачыталі слухачам свае сатырычныя творы.
Натхніў байкапісец на новыя здзяйсненні і юных мастакоў: вучні школ Уздзенскага раёна прадставілі шэраг малюнкаў з героямі твораў Крапівы. Сярод мастакоў-пачаткоўцаў ёсць і выхаванцы Андрэя Лычкоўскага, які выкладае ў мясцовай школе.
Кандрат Крапіва не толькі працягвае жыць на старонках кніг і ў сэрцах беларусаў, але і натхняе будучыя пакаленні на творчасць.

Валерыя КІСЛАЯ,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.