Там, дзе пануе дух навукі…

- 12:04Нам пішуць

Правядзенне прадметных тыдняў — гэта адна з самых прадуктыўных форм работы з дзецьмі. Пры гэтым галоўнае — стварыць атмасферу навукі. Навучэнцы чакаюць і з задавальненнем удзельнічаюць у мерапрыемствах тыдня, любяць не толькі самастойна праводзіць гульні, але і складаць заданні для аднагодкаў.

У канцы студзеня ў сярэдняй школе №1 Навагрудка адбыўся прадметны тыдзень матэматыкі, фізікі і інфарматыкі, які адкрыла “Жывая газета”. У кожным класе карэспандэнты “Жывой газеты” паведамілі пра прадметны тыдзень. Усяго ў газеце было 4 старонкі, кожная з якіх была прысвечана асобнаму прадмету. На матэматычнай старонцы прапаноўваліся лагічныя міні-задачкі, на фізічнай вучні разгадвалі фізічныя загадкі, на станронцы інфарматыкі разгадвалі рэбусы. У выніку ўсё навучэнцы пазнаёміліся з планам правядзення тыдня.

Быў дадзены старт адукацыйнаму марафону “QR-крыжаванка”. Адукацыйны марафон зацікавіў дзяцей, кожны клас імкнуўся адказаць на закадаванае пры дапамозе QR-кода заданне. Для гэтага ім быў неабходны мабільны тэлефон і спецыяльны дадатак.

Праца інтэрактыўнай выставы “Незвычайныя прыборы” выклікала захапленне і цікавасць, усім хацелася паглядзець на вясёлку, пакруціць кола… Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі В.М. Гурынай хлопчыкі і дзяўчынкі з 8“Б” класа падрыхтавалі дэманстрацыйныя доследы з фізічнымі прыборамі. Вадзім Копаць з веданнем справы дэманстраваў дзецям розныя магніты, рухавік унутранага згарання, паказваў маланку і многае іншае.

Цікавы быў дзень “Вясёлае лічэнне”, у рамках якога ўсім класам было прапанавана злічыць ўсё вакол сябе (прыступкі, вокны, парты, крэслы і іншае). Па выніках падлікаў былі запоўненыя “падліковыя ведамасці”, у якія ўвайшлі ўсе лічбы з класа. Хочацца адзначыць, што вясёлае лічэнне аб’яднала дзяцей, і на перапынках ім было чым заняцца.

А ў 6 класах прайшло незвычайнае Свята колькасці, якое пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі Валянціны Янаўны Лаўрушчык падрыхтавалі і правялі 10-класніцыРыма Амінева і Ксенія Навагран. Удзельнікі расказвалі вершы пра матэматыку і фізіку, успомнілі прыказкі і прымаўкі, у якіх выкарыстоўваюцца лікі, пагаварылі пра святы і магічны лік 7, адказалі на ўсе пытанні матэматычнай віктарыны. Падчас свята падлічваліь індывідуальны рэйтынг кожнага ўдзельніка, па выніках якога пераможцамі сталі Вікторыя Федаркевіч і Руслана Кухарэвіч.

У 7—8 класах прайшоў турнір юных фізікаў, дзе навучэнцам давялося не толькі вырашаць вельмі складаныя фізічныя задачы, але і самастойна праводзіць доследы, адказваць на пытанні тэстаў. Спатрэбіліся таксама і веды па матэматыцы. Турнір праводзіла настаўніца фізікі Валянціна Міхайлаўна Гурына. Па словах удзельнікаў, самай цікавай была практычная частка турніру.

Для навучэнцаў 2 і 4 класаў навучэнка 10 класа Ксенія Навагран правяла інтэлектуальную гульню “Дзе логіка ?!”, падчас якой школьнікам было прапанавана знайсці агульнае ў чатырох малюнках, знайсці лішнюю карцінку, вызначыць, чаго не хапае на малюнку, а таксама дапоўніць прыказку.

27 студзеня ў суботні дзень навучэнцы 8—9 класаў ўдзельнічалі ў квэст-гульні “У пошуках скарбу”. Усім удзельнікам была пастаўлена задача знайдзі зніклы дакумент.

Скончыўся тыдзень ўрачыстай лінейкай закрыцця і ўзнагароджаннем пераможцаў. Хочацца падзякаваць навучэнцам і педагогам за правядзенне прадметнай тыдня. Асабліва вучням 10 класа, якія не толькі дапамагалі ў правядзенні тыдня, але і з’яўляліся аўтарамі заданняў і гульняў.

Калектыў сярэдняй школы №1 Навагрудка