Танец у чвэрць стагоддзя

- 10:42Навіны рэгіёнаў

Гонар адкрываць некалькі важных мерапрыемстваў на абласных “Дажынках” у Воранаве даверылі ўзорнаму дзіцячаму ансамблю танца “Радунскія салавейкі”. “Паланэз” у выкананні старшай групы пачынаў святкаванне ў адноўленым гарадскім парку, а сярэдняя група танцам “Ручнікі” дала старт “Палітры талентаў”, у якой прынялі ўдзел творчыя калектывы з усёй Гродзеншчыны.

Ансамбль “Радунскія салавейкі” быў створаны ў Радунскай сярэдняй школе 25 гадоў назад. Для невялікага населенага пункта творчы калектыў стаў сапраўднай культурнай пляцоўкай, месцам полікультурнага выхавання не аднаго пакалення дзяцей.

— Воранаўшчына асаблівая тым, што на гэтай зямлі спакон веку жылі людзі розных нацыянальнасцей, — гаворыць дырэктар Радунскай сярэдняй школы Святлана Пачобут. — З улікам шматнацыянальнага і шматканфесійнага складу нашага рэгіёна пытанні полікультурнай адукацыі набываюць асаблівую актуальнасць у рабоце школы. Тое, што такое выхаванне магчыма і сродкамі харэаграфіі, на працягу 25 гадоў даказваюць нашы “салавейкі”. Навучаючы дзяцей мастацтву танца, педагогі ўносяць неацэнны ўклад у пазнанне асаблівасцей сваёй нацыянальнай культуры, культуры іншых народаў, спрыяюць прывіццю цікавасці і разумення прыгажосці навакольнага свету.

У рэпертуары “Радунскіх салавейкаў” народныя танцы займаюць асноўнае месца. Сярод іх — беларускія, рускія, польскія, літоўскія, яўрэйскія, цыганскія танцы. Актыўнае супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, народным ансамблем “Трамблянка” з Польшчы, артысткай ансамбля “Белыя Росы” Гродзенскай абласной філармоніі Вольгай Мілюцінай дазваляе павышаць прафесійнае майстэрства юных танцораў. У 2004 годзе ансамблю танца “Радунскія салавейкі” прысвоена званне “ўзорны”.

— Для паспяховай дзейнасці ансамбля ў школе створаны ўсе ўмовы, — расказвае яго нязменны кіраўнік Францішка Габіс. — У школе ёсць кабінет харэаграфіі. Калектыў мае больш за 100 сцэнічных касцюмаў. Супрацоўнічаем мы з інструментальнай групай Радунскай школы мастацтваў, і часта выступленні адбываюцца пад жывую музыку.

А натхненне для школьных танцораў — гэта канцэрты. Ансамбль шмат выступае як у Воранаўскім раёне, так і на сцэнах у іншых месцах Беларусі і за мяжой (у Літве і Польшчы). Штогод прымае ўдзел у танцавальных конкурсах міжнароднага ўзроўню. Шэсць разоў быў удзельнікам Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. І такая дэталь: за апошнія гады канцэртная дзейнасць ансамбля дала магчымасць папоўніць фонд пазабюджэтнай дзейнасці школы на 12 млн недэнамінаваных рублёў.

Праз “Радунскіх салавейкаў” прайшло не адно пакаленне навучэнцаў. На святкаванне 25-годдзя калектыву прыйшлі бацькі сённяшніх удзельнікаў, самі былыя члены калектыву. Павіншавалі “салавейкаў” розных пакаленняў намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Андрэй Карповіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Ганевіч. Завітаў у госці і ансамбль “Смардзявяне” з Польшчы на чале з солтысам горада Смардзевіцы Юзэфам Крулем.

А на ўрачыстым вечары прадставілі не толькі пастаноўкі розных гадоў, але і згадалі гісторыю калектыву. Адным з самых урачыстых момантаў святкавання стала прысвячэнне ў члены калектыву самых юных яго ўдзельнікаў — вучняў 3—5 класаў. Яны далі клятву на вернасць “Радунскім салавейкам” і іх традыцыям і атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай калектыву.

Сёння ў калектыве танцуе больш за 60 навучэнцаў у трох узроставых групах ад 7 да 17 гадоў. За 25 гадоў існавання праз творчую школу прайшло звыш 200 дзяцей. А яшчэ “салавейкі” не толькі танцуюць, але і вучаць. У пачатку снежня ў Радунскай школе адбыўся першы “Фэст народнага танца”, у якім прынялі ўдзел 7 калектываў Воранаўскага раёна. Як сказала Францішка Францаўна Габіс, мэта фэсту, які плануецца праводзіць адзін раз у два гады, павысіць выканаўчую культуру, навучыць і дапамагчы педагогам у творчай дзейнасці.

А тое, што гэтыя планы здзейсняцца, у Радунскай сярэдняй школе не сумняваюцца. Як жа інакш, калі дэвізам школы сталі словы “Усё творча, а інакш навошта”!

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з архіва школы.