Тата, мама, я — неразлучныя сябры

- 15:43Нам пішуць

Здароўе — вялікая каштоўнасць. Забяспечыць дзіцяці здароўе ў дашкольным узросце — значыць закласці падмурак у развіццё здаровага пакалення. Дамагчыся поспехаў ва ўмацаванні здароўя, у паўнавартасным фізічным развіцці дзяцей, у павышэнні іх рухальнай актыўнасці сям’я і дзіцячы сад могуць толькі разам. Сумесныя фізкультурныя святы і забавы з удзелам дзяцей і іх бацькоў — найбольш плённыя формы ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў.

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і ў нашай дашкольнай установе прайшло фізкультурнае свята “Тата, мама, я — неразлучныя сябры”. Удзел узялі выхаванцы сярэдняй “А” і спецыяльнай груп, а таксама іх бацькі, мамы і таты. Спаборнічалі дзве каманды — “Дружба” і “Спорт”. Дарослым і дзецям былі прапанаваны конкурсы і эстафеты: “Пранясі, не кінь”, “Перадай мяч”, “Пралезь праз абруч”, “Пераадолей перашкоду” і інш. Разам з дзецьмі бацькі скакалі, бегалі, падтрымлівалі адзін аднаго. Малыя таксама прадэманстравалі спартыўнае майстэрства і імкненне да перамогі. Акрамя конкурсаў на шпаркасць, спрыт і цягавітасць, былі заданні на кемлівасць “Дай правільны адказ”, “Адгадай, што гэта?”, дзе нашы ўдзельнікі таксама былі на вышыні.

Не абышлося і без сюрпрызу. У гасцях на свяце пабываў Рассеяны, які пераканаўся, што нашы хлопцы і іх бацькі хуткія, вынослівыя, умелыя і дружныя. У кожнай каманды былі гледачы-заўзятары, якія падтрымлівалі сцяжкямі і плакатамі, для іх таксама праводзіліся гульні і конкурсы. Выхаванцы харэаграфічнай групы “Тапатушкі” парадавалі ўдзельнікаў задорным танцам “Добры настрой”, а дзяўчынкі са старэйшай групы выканалі песню “Спартыўная сям’я”.

Вынік спаборніцтваў прадказальны: перамагла дружба! Кожная сям’я была ўзнагароджана граматай і падарункам. І ўсе без выключэння атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою, а самае галоўнае — жаданне пастаянна займацца спортам і сачыць за сваім здароўем.

Ала МАРЧАНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання ДУА “Яслі-сад № 7 г. Круглае”.