Таццяна Мелюх: «У рабоце з дзецьмі трэба быць цікавым і пазітыўным» 

- 9:00Главная, Образование

Вобраз першага настаўніка назаўсёды застаецца ў памяці яго выхаванцаў, упэўнена настаўніца пачатковых класаў Таццяна Мелюх з Пагост­-Загародскай сярэдняй школы імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія Пінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша прафесія асаблівая, бо ў ёй закладзена вялікая адказнасць і любоў. Калі гаварыць пра любоў, то гэта найперш любоў да дзяцей, без якой немагчыма стаць сапраўдным педагогам, — лічыць Таццяна Мікалаеўна. — А без любові да працы і жыцця ў школе ўвогуле няма чаго рабіць. Цяжка ўявіць, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб навучыць дзіця чытаць, лічыць, пісаць, сябраваць, жыць па агульначалавечых правілах… Без шчырай любові і таленту з гэтым не справіцца.

Настаўніца чуйна рэагуе на змяненні ў свеце, які імкліва развіваецца і прад’яўляе новыя выклікі сістэме адукацыі, патрабуючы ад яе інавацыйных форм і метадаў работы, а ад асобы — мабільнасці, прадпрымальнасці, актыўнасці, талерантнасці і камунікабельнасці. З улікам гэтага Таццяна Мелюх ставіць перад сабой яшчэ адну важную задачу — навучыць малодшых школьнікаў паспяхова адаптавацца ў навакольным свеце. А каб справіцца з усімі выклікамі, трэба ператварыць прафесію ў лад жыцця.

Вобраз першага настаўніка назаўсёды застаецца ў памяці і сэрцы яго вучняў. Да сённяшняга часу Таццяна Мікалаеўна з павагай і хваляваннем успамінае сваю настаўніцу Жанну Рабкавец, якая і цяпер перадае свае веды вучням у Чухаўскай сярэдняй школе Пінскага раёна. Менавіта ў асобе гэтага чалавека будучы педагог, пераступіўшы парог класа, набыла старэйшага сябра, чулага, клапатлівага і нераўнадушнага, гатовага дапамагчы ў цяжкую хвіліну і падтрымаць.

— З вышыні часу выдатна разумею, што сустрэча з першым настаўнікам для пачаткоўца — гэта найперш сустрэча з асаблівым чалавекам, здольным па­ўплываць на далейшы лёс дзіцяці, дапамагчы стаць добрым чалавекам, на­быць упэўненасць у сваёй будучыні. А часам педагог становіцца для вучня другой мамай, псіхолагам, абаронцам і прыкладам для пераймання, зараджа­ючы сваёй энергіяй юныя сэрцы, — гаворыць Таццяна Мелюх.

З імем першага настаўніка звязана шмат успамінаў, а вось якімі яны будуць, прыемнымі ці не вельмі, цалкам залежыць ад яго. З вялікай павагай Таццяна Мікалаеўна ўспамінае не толькі першую настаўніцу, але і іншых педагогаў: настаўніцу гісторыі і класнага кіраўніка Валянціну Махнюк, настаўніка фізікі Ула­дзіміра Ляпеева, настаўніка матэматыкі Мікалая Мемеха… Толькі на ўласным вопыце Таццяна Мелюх зразумела, колькі ім спатрэбілася працы і цярпення, каб з маленькіх непаслухмяных і гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак выраслі ўдумлівыя і мэтанакіраваныя людзі.

— У рабоце з дзецьмі, асаб­ліва пачаткоўцамі, трэба быць цікавым і пазітыўным, — упэўнена Таццяна Мікалаеўна. — Выхаванцы павінны радавацца зносінам з педагогам і ганарыцца ім. Толькі ў добразычлівай атмасферы можа цалкам рэалізаваць свой патэнцыял таленавіты настаўнік і раскрыцца любы, нават не вельмі паспяховы, вучань.

У зносінах з чамучкамі Таццяна Мелюх імкнецца знаходзіць радасць і натхненне, без якіх яна не адчувае маральнага задавальнення ад работы, а ў “экстрэмальных” сітуацыях захоўвае ўраўнаважанасць і спакой, каб пагасіць канфлікт у самым яго пачатку.

— Настаўнік павінен дакладна ведаць мэты сваёй дзейнасці і спосабы іх дасягнення, — падкрэс-­
лівае Таццяна Мікалаеўна. — Гэтаму ж неабходна навучыць і дзяцей. Чым раней вучні ўсвядо­мяць сваё месца ў свеце і змогуць самі вырашаць пастаўленыя задачы, тым лепш. А каб выхаваць такіх асоб, педагог абавязаны пака­заць прыклад. Нельга забываць і пра тое, што дзеці вучацца ўсяму добраму ў тых, каго любяць.

Настаўнік пачатковых класаў — гэта ўніверсальны педагог, які спалучае ў сабе і матэматыка, і філолага, і гісторыка. Аднак Таццяна Мелюх глядзіць на любімую прафесію яшчэ шырэй — гэта місія, прызванне.

Ужо са школьных гадоў Таццяна Мікалаеўна ведала, дзе будзе вучыцца далей. У тагачасным Пінскім педвучылішчы яна атрымала якасную адукацыю: навучылася пісаць канспекты, правяла першы ўрок, здолела самастойна справіцца з вялікім дзіцячым калектывам.

— Ганаруся, што вучылася ў адной з лепшых устаноў адукацыі Піншчыны, — прызнаецца настаўніца. — Ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Больш за тое, толькі пераканалася ў яго правільнасці.

Працуючы ў школе больш за 25 гадоў, Таццяна Мелюх развівае і ўмацоўвае ў выхаванцах творчы пачатак, без якога нельга пабудаваць жыццё так, каб было добра не толькі сабе, але і тым, хто побач.

— Толькі творца здольны прынесці вялікую карысць і сабе, і сям’і, і грамадству, і дзяржаве, — выказвае сваё меркаванне Таццяна Мікалаеўна. — Дзеці розныя, і іх здольнасці праяўляюцца па-рознаму. Важна своечасова разгле­дзець іх і навучыць прымяняць у жыцці, не пакідаючы ў баку ад гэтага і бацькоў. Толькі сумесная работа дапаможа паспяхова справіцца з агульнымі задачамі.

Таццяна Мелюх штодзень жыве з выхаванцамі адной дружнай сям’ёй, з радасцю ідзе туды, дзе яе чакаюць і лю­бяць, дзе ёй цёпла і ўтульна. Настаўніца ўпэўнена: толькі тады ўсё задуманае атрымаецца, калі будзеш вучыцца сам, ісці ў нагу з часам і нават апярэ­джваць яго. А каб быць заўсёды на сучаснай хвалі, педагог актыўна звяртаецца да ІКТ, займаецца самаадукацыяй і любіць паўтараць мудрую думку: “Свечка нічога не стра­ціць, калі ад яе полымя запа­ліць іншую свечку”. У тым, каб быць такой свечкай для сваіх выхаванцаў, і бачыць сваё жыццёвае прызначэнне Т.Мелюх.

Запаліць ведамі яна можа не толькі вучняў, але і калег. Таццяна Мікалаеўна распрацавала аўтарскую методыку па фарміраванні інфармацыйных кампетэнцый дзяцей на ўроках матэматыкі з дапамогай прыёмаў вітагеннага навучання. Акрамя таго, педагог на ўзроўні раёна абагульніла вопыт па выкарыстанні чарцяжоў і ілюстрацый пры рашэнні задач на рух у 3—4 класах і актывізацыі дзейнасці першакласнікаў на ўроках матэматыкі праз дыдактычныя гульні. На рахунку настаўніцы шмат публікацый у метадычных часопісах. Таццяна Мелюх — аўтар вучэбных дапаможнікаў “Рыхтуемся да алімпіяды па матэматыцы” для 2, 3 і 4 класаў. Вопыт педагога па розных кірунках работы запатрабаваны сярод слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі Брэсцкага абласнога ІРА, дзе яна часта выступае лектарам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ