Таямніцы прафесіі адкрывае фізіка: чым у пытанні прафесійнага самавызначэння вучняў дапамагае гэты вучэбны прадмет

- 14:00Образование

У школе закладваюцца асновы свядомага стаўлення да выбару прафесіі. Адным з варыянтаў вырашэння праблемы прафесійнага самавызначэння вучняў з’яўляецца політэхнічная накіраванасць прадметаў прыродазнаўчага цыкла, а менавіта фізікі.

 У змесце курса фізікі разглядаюцца пытанні, цесна звязаныя з тэхналагічнымі працэсамі розных прамысловых падраздзяленняў (механічныя, тэрмічныя і электрычныя спосабы апрацоўкі металаў, апрацоўка металаў ціскам і з выкарыстаннем рознага роду выпраменьвання і інш.).

На сваіх уроках ужо з 7 класа пачынаю рыхтаваць вучняў да выбару прафесіі. Так, пры вывучэнні тэмы “Інерцыя” звяртаю ўвагу на немагчымасць хуткага спынення станка, дэталі, якая рухаецца.

У межах тэмы “Ціск цвёрдых цел” гавару пра тое, што, змяняючы S плошчу або F сілу, можна змяняць ціск P = F : S. Прапаную на­зваць слясарныя і сталярныя інструменты, пры рабоце з якімі гэтая заканамернасць выкарыстоўваецца. У гутарцы высвятляем, якім чынам гэтая прылада створыць вялікі ціск, прадстаўнікі якіх рабочых прафесій павінны добра ведаць гэтую заканамер­насць.

У 9 класе, актуалізуючы веды па гэтай тэме, гаворым аб апорах ЛЭП, падмурках будынкаў, збудаванняў. На ўроках па тэме “Дэфармацыя, віды дэфармацый” размова ідзе аб прафесіях муляра, электрыка, сталяра-цесляра, швачкі-матарысткі.

Пры вывучэнні пытанняў тэмы “Дыфузія” разглядаюцца прынцыпы тэхналагічных працэсаў: цэментавання, храміравання, паяння, зваркі, плаўлення, афарбоўкі паверхняў. Гутарым з вучнямі аб прафесіях зваршчыка, маляра і г.д.

Пры вывучэнні асноў малекулярна-кінетычнай тэорыі знаёмлю вучняў з дыфузнымі працэсамі:

  • звяртаю іх увагу на эфект уздзеяння лекаў у выглядзе таблетак, пры ўжыванні якіх адбываецца працэс растварэння;
  • вучні тлумачаць перавагу інгаляцыі перад іншымі спосабамі ўвядзення лекавых рэчываў у органы чалавека, жывёл (пры расшчапленні прэпарата павялічваецца плошча, якую ён пакрывае, і хуткасць руху часціц);
  • тлумачым лячэнне кіслароднага галадання з выкарыстаннем кактэйляў і кіслародных падушак, якія спрыяюць нармалізацыі ўтрымання кіслароду ў крыві чалавека.

Пры вывучэнні цеплавых з’яў і асноў тэрмадынамікі знаёмлю вучняў:

  • з дзеяннем сагравальных кампрэсаў, грэлак, кварцавых лямпаў, прынцып работы якіх заснаваны на змене ўнутранай энергіі падчас цеплаперадачы і пашырэнні крывяносных сасудаў;
  • з вынікам дзеяння масажу, які заснаваны на змене ўнутранай энергіі падчас выканання механічнай работы;
  • з прымяненнем цяпла і холаду пры лячэнні скурных захворванняў, з прымяненнем крыягенных камер;
  • з вынікамі анестэзіі — паніжэннем тэмпературы з прычыны выпарэння;
  • з метадам дыятэрміі, заснаваным на цеплавым дзеянні току, з мэтай узмацнення кровазвароту, зніжэння ціску на здаўлены хваробай орган: страўнік, мачавы пузыр.

Найбагацейшы матэрыял для праф­арыентацыі падлеткаў на медыцынскія спецыяльнасці дае вывучэнне фізікі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Цяжка на­зваць фізічныя з’явы, вынаходствы, адкрыцці, якія так ці інакш не знайшлі б адлюстравання ў медыцыне. Многія найбуйнейшыя дасягненні чалавечага розуму апошняга часу абумоўлены пераносам вынікаў тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў з адной галіны навукі ў іншую. Таму ў вучэбным працэсе вялікую ролю адыгрываюць міжпрадметныя сувязі. Навучэнцы з задавальненнем абгрунтоўваюць фізічныя заканамернасці ведамі і прыкладамі з біялогіі, геаграфіі, гісторыі.

Аляксандр КЛЕЯНКОЎ,
настаўнік фізікі Капачоўскага дзіцячага сада —

сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна
Магілёўскай вобласці
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі