Тэхнічная “кухня”: праверана на сабе

- 8:21Выбар прафесіі

Часта для таго каб выбраць прафесію, важна паглыбіцца ў яе, адчуць. А калі выбіраеш філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж”, гэта неабходна ўдвая: пры адсутнасці цягі і цікавасці да тэхнікі нават уседлівасць і стараннасць у вучобе не дапамогуць. Пасля знаёмства з установай відавочна: каледж створаны выключна для “тэхнароў”.

Установа вядзе падрыхтоўку на дзвюх ступенях адукацыі:  прафесійна-тэхнічнай (спецыяльнасці — “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”) і сярэдняй спецыяльнай (спецыяльнасці — “Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Рухавікі ўнутранага згарання”, “Маркетынг”). Сёння ў каледжы вучацца больш за тысячу маладых людзей. Па словах дырэктара Мікалая Жгуна, тут не бывае праблем з наборам і размеркаваннем.

Каб зразумець, ці складана вучыцца, трэба праверыць гэта на сабе. Разам з хлопцамі-другакурснікамі адпраўляюся на заняткі па спецпрадмеце “Металарэзальныя станкі”. На сценах і сталах аўдыторыі — складаныя для непадрыхтаванага вока канструкцыі: вузлы, маторы, невядомыя дэталі абсталявання, што дзейнічае на прад­прыемствах. Пачуўшы словы “бабка”, “фартух”, “шпіндэль”, здаецца, апынаешся на прафесійнай кухні. З  цягам часу становіцца зразумела, што я не зусім памыляюся: толькі кухня тут адмысловая — тэхнічная.

У рамках дыпломнага праектавання навучэнцы працуюць над дзеючымі задачамі вытворчасці. Яны маюць базавы прыклад дэталі. Іх задача — знайсці ўдасканалены падыход да рашэння задачы і паказаць яго эканамічную эфектыў­насць. Такая работа па насычанасці і ўзроўні складанасці прыраўноўваецца да ўніверсітэцкай. Прадстаўнікі арганізацый часта ацэньваюць рашэнні навучэнцаў і прымяняюць вынікі іх работ на практыцы.

— Педагог у нас як медык: калі аднойчы паглыбляецца ў прафесію, пасля не можа сысці. Таму важна не толькі вало­даць сваёй дысцыплінай, але і ўмець слухаць навучэнцаў, падаваць матэрыял так, каб ім хацелася яго вывучаць.  Імкнуцца, каб увага скіроўвалася толькі на цябе, — пераканана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Пласкавіцкая. І вельмі хутка знаходзіцца доказ яе слоў.

Выкладчык Ала Хрышчановіч — выпускніца каледжа. Пасля размеркавання спецыяліст 20 гадоў працавала на Мінскім маторным заводзе. Але трывалае жаданне быць педагогам урэшце ўзяло сваё, і ўжо 15 гадоў Ала Васільеўна выкладае ў роднай установе.

— Калі вучылася тут, падыход выкладчыкаў і атмасфера адыгралі вырашальную ролю ў тым, што я і сама захацела працаваць педагогам. Праўда, спачатку мара адклалася (дзяўчына паступала на інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ, але не прайшла, і на наступны год падала дакументы на машынабудаўнічы.Заўвага аўтара). Бываюць моманты, калі чалавек на працы выгарае. Так было і са мной: аднойчы зразумела, што на заводзе больш не магу. Сувязі з выкладчыкамі не перарываліся — і я прыйшла ў каледж, — прыгадвае педагог. — Я вучу дзяцей, але ж і сама шмат чаму вучуся. Яны новае пакаленне — больш звязанае з інтэрнэтам і тэхналогіямі. Зразумела, неабходна быць у трэндзе, на адным узроўні з імі. Навучэнцам важныя рэальныя прыклады і сітуацыі. Яны прыходзяць да нас сфарміраванымі, але мы можам уплываць на іх станоўча. Таму важна навучыць іх не толькі прадмету, але і жыццю, культуры паводзін і зносінам з навакольнымі. 

Здаецца, паспрабуй утрымаць энергію хлапечай групы. Але для Алы Васільеўны гэта не праблема. “Што гэта за дэталь, падкажыце мне?” — з хітрынкай цікавіцца ў хлопцаў Ала Васільеўна, заходзячы ў кабінет. Юнакі спачатку бянтэжацца, пасля смялеюць і адказваюць. Яны прызнаюцца, што ў дэталях разбірацца не складана, але над прадметам “Электратэхніка” прыхо­дзіцца пасядзець. Многія з маладых людзей выбралі спецыяль­насць, бо цікавіліся тэхнікай.

Лабараторная работа, на якую мы трапілі, — прыклад  выканання дыпломнага праекта ў мініяцюры. Наша тэма — “Вывучэнне абсталявання і наладка такарна-шрубарэзнага станка”.

Заказчыкамі кадраў выступаюць буйныя прад­прыемствы. Тры кіты сярод іх — Мінскі трактарны завод, Мінскі завод шасцерань і Мінскі маторны завод: палова леташніх выпускнікоў размеркавалася сюды. Таксама моладзь уладкоўваецца на “Амкадор-Белвар”, Мінскі механічны завод імя С.І. Вавілава, завод колавых цягачоў і інш.

Ідзём замацоўваць веды на практыцы — у лабараторыю. Тут намаляваны ў метадычцы станок становіцца рэальнасцю, і хлопцы сочаць за яго работай ужывую. 16К20ПФ1— універсальнае абсталяванне, якое ёсць на кожным заводзе. Працуючы з ім, важна многае: разлічыць сілу націскання, час, які адводзіцца на адточванне патрэбнай разьбы, і г.д. Выкладчыкі гаво­раць, што калі навучэнцы разбіраюцца, далей праблем не бывае і можна смела давяраць ім работу на станках з праграмным кіраваннем (на іх выраб дэталі максімальна аўтаматызуецца, і рызыка з’яўлення браку зво­дзіцца да мінімуму). Паказваюць хлопцам вытачку дэталі і на гэтых навінках. У лабараторыі, побач з рэальным абсталяваннем, як нідзе становяцца зразумелымі адрозненні ў мысленні “тэхнароў” і “гуманітарыяў”. Гэтая розніца вельмі важная, паколькі без схільнасці да дакладных навук і аб’ёмна-прасторавага бачання вучыцца ў каледжы амаль нерэальна. І навучэнцы, якія сыходзяць з установы, робяць гэта таму, што недацягваюць або не бачаць сябе ў прафесіі.

Вытворчае навучанне на базе арганізацый пачынаецца ў моладзі на 3 курсе. І хоць размеркаванне праходзіць у красавіку, ужо ў лютым паступаюць персанальныя заяўкі. На размеркаваннях часта бывае “горача”, бо за выпускнікоў разгараюцца спрэчкі. Дарэчы, філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж” — адзіная ў краіне ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая рыхтуе кадры па спецыяльнасці “Рухавікі ўнутранага згарання”.

Практыкуюцца маладыя людзі круглы год, бо практыка ўкліньваецца ў вучэбны працэс: такарная, фрэзерная і слясарная майстэрні каледжа не стаяць без работы. Паглядзець на спецыфіку іх работы сюды на дні адкрытых дзвярэй завітваюць і старшыя школьнікі.

Мы трапляем у майстэрню на першы этап — знаёмства з тэхнікай бяспекі. Навучэнцам трэба прывыкнуць да шуму станкоў, зразумець іх асаблівасці, пазнаёміцца з будовай. Пасля заліку па тэхніцы бяспекі моладзь дапускаецца да адпаведных аперацый з металам. У кожнага — свой станок.

Намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай практыцы Юлія Курсуновіч расказвае, што самыя таленавітыя навучэнцы звычайна, справіўшыся з заданнямі па праграме, ідуць далей і ствараюць уласныя вырабы. Нярэдка такія навучэнцы бяруць удзел у выкананні дзяржаўных заказаў і атрымліваюць заработную плату.

— Для дзяцей карысна, што азнаямленчая практыка праходзіць тут. Не на кожным прадпрыемстве з імі будуць адпрацоўваць тое, што рэкамендуецца па праграме. Самае большае — патлумачаць, як дзейнічаюць станкі, — гаворыць Юлія Аляксандраўна. — Зараз ад кіраўнікоў прадпрыемстваў ці работнікаў заводаў можна пачуць: “Ай, навошта вам гэта трэба — зараз усюды станкі з праграмным кіраваннем”. Але калі станочнік не навучыўся працаваць на ўніверсальным абсталяванні, яго нельга пускаць за станок з ПК. Націскаць на кнопкі можа хто заўгодна, а спецыяліст павінен разумець, што рабіць, калі з абсталяваннем нешта здараецца.

Адно з апошніх дасягненняў установы — выступленне на конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills у 4-х кампетэнцыях: “Інжынерны дызайн CAD”, “Такарныя работы на станках з ПК”, “Фрэзерныя работы на станках з ПК” і “Аўтамабільныя тэхналогіі”. Па выніках адборачных гарадскіх тураў па дзвюх першых кампетэнцыях навучэнцы філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж“ прайшлі на рэспубліканскі этап.

Андрэй Кірпічэнкаў працуе майстрам у каледжы з 1992 года. Спецыяліст  ведае шмат прыёмаў, каб навучыць маладога чалавека працаваць за станком. Самы дзейсны — за час работы даць магчымасць стаць самастойным, не баяцца станка (педагог адзначае, што фрэзероўшчыкам у гэтым плане лягчэй, бо, па тэхніцы бяспекі, яны знаходзяцца ад станка далей, чым слесары і токары).

Андрэй Уладзіміравіч перакананы, што асваенне навучэнца ў прафесіі залежыць ад яго асабістых якасцей. Але найбольш хутка асвойваюцца дзеці, якія знаёмяцца з тэхнічнай працай дома.

— Гэта мае калегі, толькі маладыя. Іх вынікі немагчыма ацэньваць з дапамогай адзнак. Уявіце, што пасведчанне вадзіцеля выдаваліся б з адзнакай. Напрыклад, “катэгорыя С”, адзнака 4. Што гэта значыць? Ты або ўмееш ездзіць, або не. Так і ў нашай прафесіі: на станку нельга працаваць добра ці дрэнна. Пытанне ў тым, можаш ці не, — лічыць майстар. — Калі пачынаеш гаварыць з навучэнцамі на роўных, яны спачатку губляюцца. Але з часам разумеюць, што гэта нармальна: майстэрні каледжа павінны дакладна ўзнаўляць вытворчы цэх, куды выпускнікам давядзецца прыйсці на работу. Важна данесці маладым людзям, што ў майстэрні можна памыляцца без наступстваў. Гэта месца, дзе за памылку нічога не будзе і ў іх ёсць магчымасць яе выправіць.

Многія выпускнікі гавораць, што адукацыя, якую дае каледж, — фундаментальная.  Іх пазнаюць і адзначаюць у розных вышэйшых навучальных установах.  Ці не гэта самая лепшая характарыстыка?

З 2015 года Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж — падраздзяленне БНТУ. У гэтым своеасаблівы бонус для навучэнцаў: атрымаўшы дыплом, яны могуць паступіць ва ўніверсітэт на скарочаную праграму па 18 спецыяльнасцях. Дарэчы, больш за 30% мінулагодніх выпускнікоў  яго выкарысталі.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.