“Тэхнічны” Інстытут Канфуцыя ў Беларусі хутка пачне свой першы навучальны год

- 14:20Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

Не першы па ліку і адначасова ўнікальны: у БНТУ прайшла цырымонія адкрыцця Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ. І хоць у нашай краіне раней ужо былі адкрыты вышэйшыя ўстановы адукацыі з удзелам кітайскага боку, апошні істотна адрозніваецца ад сваіх “гуманітарных” папярэднікаў тым, што ён мае тэхнічную скіраванасць. 

Як паказала папярэдняе апытанне, якое праводзілася перад стварэннем інстытута, вучыцца ў ім ужо ёсць жадаючыя. Здзіўляцца гэтаму не прыходзіцца: у нас актыўна развіваюцца сувязі з Паднябеснай — ад дзелавых, адукацыйных да культурных.
Вывучацца ў Інстытуце Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ, аб чым гаворыць і сама назва, будуць не толькі кітайская мова і асаблівасці кітайскай культуры, аднак і тэхнічныя дысцыпліны, важныя для эканомікі. Як паведамілі ў галоўным тэхнічным універсітэце Беларусі, не застануцца без увагі сферы нана- і біятэхналогій, распрацоўкі па якіх актыўна ўкараняюцца кітайскім бокам у сваю вытворчасць.
Заканамернае пытанне, якое ўзнікае ў сувязі з такой святочнай падзеяй, як адкрыццё новага інстытута: дзе ж будуць працаваць выпускнікі гэтай установы адукацыі? Адзін з варыянтаў — Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, уваходзіць у які будуць і айчынныя рэзідэнты. Будаўніцтва гэтага парка ўжо хутка пачнецца.
Вучыць у Інстытуце Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ будуць як кітайскія выкладчыкі, якія застануцца жыць у Беларусі, так і беларускія, якія пройдуць перападрыхтоўку на базе ўніверсітэта нашых партнёраў. Трэба адзначыць, што дыпломы, выдадзеныя інстытутам, будуць лічыцца сапраўднымі як у Беларусі, так і ў Кітаі.
Сёлета студэнтамі Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ стануць прыблізна паўсотні чалавек. Якім чынам сярод жадаючых іх будуць адбіраць, дакладна не вядома. Хутчэй за ўсё, ім будзе прапанавана нейкае заданне.
“Гэтым інстытутам мы заканчваем стварэнне сістэмы Інстытутаў Канфуцыя ў Беларусі, якія забяспечаць вучэбнае, навуковае, інфармацыйнае суправаджэнне ўсяго комплексу двухбаковых адносін з КНР”, — адзначыў Анатоль Афанасьевіч Тозік, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Так, некалькі гадоў назад пры БДУ быў створаны сумесны Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, а таксама Інстытут Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Аднак на гэтым адукацыйнае супрацоўніцтва не спынецца. Будуць створаны аддзяленні і класы гэтых інстытутаў у іншых установах адукацыі, у тым ліку і ў абласных.

Святлана ШЫЯН.
Фота Аляксандра ДЗІДАВІЧА, БелТА.