У Беларусі створаны 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
“Створаны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў асноўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках. Так, створана 153 тэрытарыяльныя камісіі: раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, абласныя і Мінская гарадская тэрытарыяльная камісія”, — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць працаваць кожны рабочы дзень да 19.00, а ў суботу — з 10.00 да 14.00. “Выбаршчыкі, у якіх ёсць пытанні, заўвагі, скаргі наконт работы ініцыятыўных груп, а таксама асобы, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, маюць права звяртацца ў тэрытарыяльныя камісіі ў названы рабочы час і выказваць свае прэтэнзіі, прапановы і заўвагі”, — адзначыла кіраўнік ЦВК.
Кожная ўчастковая камісія павінна быць гатова кампетэнтна працаваць з выбаршчыкамі, адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік у Гродне на семінары-вучобе для прадстаўнікоў тэрытарыяльных камісій.
З завяршэннем фарміравання тэрытарыяльных камісій у краіне пачалося навучанне ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Нягледзячы на тое, што ў склад камісій уваходзіць нямала грамадзян, якія ўжо маюць вопыт удзелу ў такіх кампаніях, усё ж гэта не прафесіяналы. Людзям патрэбна адпаведная падрыхтоўка, лічыць Мікалай Лазавік. З гэтай мэтай у першую чаргу ў рэгіёнах праводзяцца семінары для прадстаўнікоў тэрытарыяльных камісій, якія працуюць перш за ўсё з кандыдатамі, дакументамі. Наступным этапам стане навучанне ў раёнах прадстаўнікоў участковых камісій.
“Гэта вельмі важны этап, паколькі ўчастковыя камісіі працуюць непасрэдна з выбаршчыкамі і сутыкаюцца на ўчастках з самымі рознымі сітуацыямі. Людзі павінны ведаць, як рэагаваць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі”, — падкрэсліў сакратар ЦВК.
Мікалай Лазавік падкрэсліў, што кампанія па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў мае свае асаблівасці. Да іх адносіцца асаблівае інфармацыйнае асяроддзе. “Сродкі масавай інфармацыі праяўляюць больш высокую актыўнасць па асвятленні ўсіх тэм, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў. Гэтая тэндэнцыя прасочваецца пачынаючы з самых першых этапаў выбарчай кампаніі”, — паведаміў ён.
Гэта адна з умоў, якая дасць магчымасць забяспечыць максімальную галоснасць выбараў. На гэта сакратар ЦВК нацэліў і прадстаўнікоў абласной і раённых камісій. “Усе этапы выбараў павінны прайсці максімальна адкрыта, гэта тычыцца і правядзення пасяджэнняў камісій. Усім, хто, згодна з законам, мае права на іх прысутнічаць, павінна быць прадастаўлена магчымасць выступіць, выказаць сваё меркаванне”, — падкрэсліў ён.