Кіраўнік ЦВК Расіі азнаёміўся з ходам датэрміновага галасавання

- 17:09Выбары 2015

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Расіі Уладзімір Чураў азнаёміўся 8 кастрычніка з ходам датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі на ўчастку, размешчаным у Маскве.

Уладзімір Чураў вывучыў інфармацыю, размешчаную на інфармацыйным стэндзе, агледзеў кабінкі для галасавання, а таксама пацікавіўся, як праводзілася інфармаванне грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Расіі, аб выбарах. Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка растлумачыў, што інфармацыя аб выбарах ў месцы размяшчэння ўчасткаў была ў расійскіх СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах, адпаведныя сюжэты выходзілі на тэлеканалах. Акрамя таго, выбаршчыкам персанальна былі накіраваны інфармацыйныя пісьмы.
Пасол адзначыў, што галасаванне арганізавана не толькі ў Маскве, але яшчэ ў трох расійскіх гарадах: у Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Растове-на-Доне. Ён таксама паведаміў, што ў асноўны дзень выбараў па заяўках грамадзян, якія фізічна не змогуць прыбыць на выбарчы ўчастак, будзе арганізавана выязное галасаванне дома. Акрамя таго, выязное галасаванне пройдзе ў Сочы ў санаторыі “Беларусь”.