Інтэрв’юеры рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый” у час экзітполу ў дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі, 11 кастрычніка, плануюць апытаць больш як 45 тыс. выбаршчыкаў. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Маладзёжнай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў БКМА кандыдат сацыялагічных навук Юрый Чарняк.
“Аднак гэта лічба пакуль толькі мяркуемая. Мы не можам спрагназаваць, колькі людзей прыйдзе на ўчасткі галасаваць, таму складана сказаць дакладны працэнт выбаршчыкаў, які будзе апытаны”, – растлумачыў Юрый Чарняк.
Паводле слоў кіраўніка лабараторыі, усяго ў правядзенні апытання грамадскай думкі на выхадзе з выбарчых участкаў 11 кастрычніка будзе задзейнічана больш як 1 тыс. чалавек. Асноўная частка зоймецца апытаннем выбаршчыкаў на выхадзе з 308 сельскіх і гарадскіх выбарчых участкаў. Колькасць участкаў вызначана ў адпаведнасці з методыкай правядзення апытання на выхадзе і дае магчымасць атрымаць інфармацыю па папярэдніх выніках галасавання з дакладнасцю плюс-мінус 5 працэнтаў. Работа інтэрв’юераў БКМА пачнецца ў 8.00.
“Усе інтэрв’юеры прайшлі навучанне. У дзень выбараў яны будуць экіпіраваны ў курткі БКМА, пры сабе ў іх будуць спецыяльныя бэйджы, пасведчанні, неабходная дакументацыя ўстаноўленага парадку для правядзення апытання”, – адзначыў кіраўнік лабараторыі.
Масавымі сацыялагічнымі апытаннямі БКМА займаецца з 2004 года. Толькі за апошнія паўгода Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў БКМА правяла шэраг сацыялагічных даследаванняў на розныя тэматыкі, а таксама прайшла акрэдытацыю ў Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і атрымала права на правядзенне апытанняў аб рэспубліканскіх рэферэндумах, выбарах Прэзідэнта Беларусі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.
Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый аб’ядноўвае 36 маладзёжных і дзіцячых арганізацый. Аб’яднанні, што ўваходзяць у склад саюза, уносяць свой уклад у арганізацыю і правядзенне экзітполу з улікам спецыфікі дзейнасці і сваіх магчымасцей.