Кіраўнікі дзяржаў СНД павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з перамогай

- 10:40Выбары 2015

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў ад імя кіраўнікоў дзяржаў СНД 16 кастрычніка павіншаваў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.

“Думаю, будзе правільным, калі мы перад пачаткам пасяджэння сумесна павіншуем нашага калегу і сябра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах і пажадаем яму моцнага здароўя і поспехаў на гэтай адказнай пасадзе”, — сказаў Нурсултан Назарбаеў перад пачаткам пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД у вузкім складзе.
“Упэўнены, што Беларусь пад вашым кіраўніцтвам будзе і далей садзейнічаць умацаванню нашых інтэграцыйных працэсаў па ўсіх напрамках”, — падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан.
Акрамя таго, Нурсултан Назарбаеў павіншаваў кыргызскі народ і прэзідэнта Алмазбека Атамбаева з паспяховым правядзеннем парламенцкіх выбараў 4 кастрычніка.
“Гэта знамянальна, паколькі за многія гады ўпершыню спакойна прайшлі выбары і народ чарговы раз даказаў сваю мудрасць, што ён хоча жыць у спакойнай дзяржаве. Упэўнены, што новы склад Жагорку Кенеша апраўдае надзеі, унясе дастойны ўклад у пабудову эканамічна моцнага Кыргызстана”, — лічыць Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан.
Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў прайшло ў курортным пасёлку Бурабаі Акмалінскай вобласці пад старшынствам Прэзідэнта Казахстана.
У пасяджэнні прынялі ўдзел Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў, намеснік міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Андрэй Галбур, намеснік старшыні кабінета міністраў Туркменістана Сатлык Сатлыкаў, часовы павераны ў справах Украіны ў Казахстане Юрый Лазебнік і старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.