Тэрыторыя чытання

- 14:49Навіны рэгіёнаў

Навукоўцы даўно даказалі, што чытанне вельмі карыснае для чалавека: яно не толькі паляпшае памяць, развівае фантазію, але і часта дапамагае зняць стрэс і адцягнуць увагу ад руціны. Але як зацікавіць дзяцей кнігамі, асабліва ў той час, калі электронныя тэхналогіі на кожным кроку? Гэтае пытанне хвалюе многіх бацькоў і настаўнікаў.

Актуальнасць праблемы абумоўлена тым, што сучасныя дзеці ў большасці гледачы, чым чытачы і слухачы. Камп’ютарная эра прынцыпова мяняе аб’ёмы, носьбіты, формы існавання, перадачы і ўспрымання інфармацыі. Вучань, які не чытае ў малодшым, сярэднім і старшым звяне школы, менш эрудзіраваны, пісьменны і паспяховы, чым яго аднагодкі, якія прысвячалі чытанню дастатковую колькасць часу. Слоўнікавы запас тых, хто не чытае, бедны і невыразны. Адсюль праблемы ў вывучэнні такіх прадметаў, як літаратура, гісторыя, геаграфія, біялогія, грамадазнаўства і г.д.

У гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня трэці год рэалізоўваецца інавацыйны праект па стварэнні ўмоў для павышэння матывацыі да чытання і фарміравання чытацкіх кампетэнцый вучняў праз выкарыстанне сеткавых форм работы. Ва ўстанове стала традыцыяй правядзенне тыдня чытання, мэтай якога з’яўляецца развіццё цікавасці да гэтага віду дзейнасці. Гімназія была абвешчана тэрыторыяй чытання: кожны дзень удзельнікам прапаноўваўся новы фармат такой актыўнасці.

Тыдзень стартаваў з літаратурных QR-квестаў “Агент 007, або Знайдзі героя” і “Пазнай мяне”. Для правядзення першага квеста былі алічбаваны ў QR-коды літаратурныя ўрыўкі з апісаннем герояў твораў, якія вывучаюцца ў курсе школьнай праграмы (коды пазначаліся літарамі), і ілюстрацыі да гэтых твораў з іх героямі (коды пазначаліся лічбамі). На працягу тыдня ўдзельнікам квеста неабходна было сканіраваць тэлефонам QR-коды, чытаць тэксты, знаходзіць адпаведныя ім ілюстрацыі, называць творы і іх аўтараў. У ходзе другога квеста неабходна было раскадзіраваць паэтычныя тэксты рускіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову, і пазнаць іх. Навучэнцам за разгаданы квест гарантавалася выдатная адзнака па літаратуры, а дарослым — задавальненне ад новага фармату чытання.

У аўторак праходзіла акцыя “Свабодны мікрафон”: на перапынках у фае гімназіі ўсе жадаючыя маглі прачытаць урывак з любімых літаратурных твораў. Была аформлена выстава калажаў “Мая чытаючая сям’я”, якую рыхтавалі навучэнцы са сваімі бацькамі. Акрамя таго, бацькі школьнікаў падрыхтавалі рэкламныя малюнкі-плакаты “Кніга майго дзяцінства”, разглядаючы якія, хлопцы і дзяўчаты маглі даведацца, што чыталі іх мамы і таты ў дзяцінстве.
У актыўнай форме прайшла віктарына для вучняў 3—6 класаў “Па старонках любімых кніг”. Рэбусы, загадкі, крыжаванкі прымушалі ўдзельнікаў думаць у кожным туры віктарыны. Праводзіць яе і ацэньваць адказы дапамагалі навучэнцы старшых класаў.

Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння І.С.Тургенева, аб’яднала два класы. Навучэнцы 10 класа падрыхтавалі ўрыўкі вершаў у прозе І.Тургенева і вельмі натхнёна прадставілі іх падчас правядзення гасцёўні, а дзевяцікласнікі ў канцы мерапрыемства атрымалі заданні па групах і, выкарыстоўваючы розныя інфармацыйныя рэсурсы, адказалі на ключавыя пытанні аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Таксама прайшоў конкурс “Магістр чытання”, які вызначыў самага хуткага і дасведчанага чытальніка ў кожнай узроставай групе. А па колькасці наведванняў раённай дзіцячай і гімназічнай бібліятэк вызначылі лідара чытання 2018 года. Сёлета ім стала навучэнка 9 класа Ганна Войцік.

Завяршыў тыдзень “Паэтычны батл” сярод навучэнцаў 5—11 класаў. На працягу пятніцы на кожным перапынку спаборнічалі знаўцы паэзіі, даказваючы ўсім, што менавіта іх клас ведае больш вершаў. Баі былі вельмі эмацыянальнымі і захапляльнымі. У фінальным батле сышліся навучэнцы 10 класа і, не здзіўляйцеся, 5 класа. У ходзе апошняга бою ўдзельнікамі былі прачытаны 104 вершы. З адрывам у два вершы перамаглі дзесяцікласнікі.

Па выніках тыдня ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя сувеніры, а пераможцы конкурсаў — дыпломы і выдатныя адзнакі.

Наталля КАМІНСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня.