Вілейскі раённы ЦКРНіР і Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці знаходзяцца на адной тэрыторыі ўжо на працягу 20 гадоў. Такое суседства ідзе на карысць іх выхаванцам. У кожнай установе рэалізуецца свой адукацыйны працэс, але разам з тым памяшканні і вулічныя гульнявыя пляцоўкі цэнтраў уяўляюць сабой адзіную інклюзіўную прастору.
“Нашы ўстановы па неабходнасці аб’ядноўваюць рэсурсы і будуюць сістэму рацыянальнага супрацоўніцтва, якое бывае толькі паміж добрымі суседзямі і аднадумцамі, ствараюць камфортныя і бяспечныя ўмовы для развіцця сваіх выхаванцаў”, — гаворыць дырэктар ЦКРНіР Святлана Святаславаўна Клямячыц. Дарэчы, па выніках работы сістэмы адукацыі за 2019 год калектыў Вілейскага раённага ЦКРНіР быў прызнаны лепшай установай спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і занесены на Дошку гонару Вілейскага раёна.
“У ДЦРД функцыянуюць 9 груп, адна з іх — інтэграванага навучання і выхавання. Нашы дашкольнікі паказваюць прыклад талерантнага стаўлення і прыняцця асаблівых дзяцей, — адзначае загадчыца ўстановы Таццяна Анатольеўна Калядова. — Спатрэбіўся час, каб дзеці пазнаёміліся адно з адным”.
Спачатку выхаванцы карэкцыйнага цэнтра былі даволі пасіўнымі ўдзельнікамі свят і мерапрыемстваў дашкольнага цэнтра, слаба ўзаемадзейнічалі на гульнявых пляцоўках. Але дзеці ёсць дзеці. Не ведаючы спецыяльных прыёмаў і метадаў узаемадзеяння, яны самі знайшлі сумесныя віды дзейнасці, навучыліся разумець і дапамагаць адно аднаму, прымаць асаблівых дзяцей у гульню. А педагогі ўстаноў накіроўвалі іх актыўнасць у патрэбнае рэчышча. Асаблівыя дзеці сталі ўдзельнікамі сумесных тэатральных паказаў, рухавых гульняў, спартыўных спаборніцтваў, модных паказаў, кірмашоў, свят. Педагогі пачалі праводзіць сумесныя заняткі з дзецьмі. У форме сюжэтна-ролевай гульні дашкольнікі далучаюцца да вучэбнай дзейнасці ЦКРНіР на ўроках “Сацыяльная адаптацыя”, “Арыенціроўка ў навакольным асяроддзі”, “Гаспадарча-бытавая праца”. У планах калектываў устаноў стварэнне інклюзіўнага тэатра, у якім будуць заняты не толькі выхаванцы цэнтраў, але і іх бацькі, а таксама валанцёры (вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі).
“Так, у дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі сёння ёсць рэальная магчымасць для камунікацыі ў розных сітуацыях. А звычайныя дзеці набываюць вопыт узаемадзеяння з асаблівымі дзецьмі, вучацца разумець і прымаць іх, аказваць падтрымку з улікам сітуацыі: бывае, сапраўды трэба дапамагчы асабліваму сябру, а ў іншым выпадку даць магчымасць яму штосьці зрабіць самому, — падкрэслівае Святлана Святаславаўна. — Што тычыцца павышэння прафесійнай кампетэнтнасці дашкольных педагогаў у пытаннях спецыяльнай адукацыі, то для іх спецыялісты ЦКРНіР праводзяць тэматычныя трэнінгі, кансультацыі, семінары-практыкумы, дні адкрытых дзвярэй, адкрытыя прагляды. Спецыялісты разам рыхтуюць забаўляльныя мерапрыемствы для выхаванцаў цэнтра. Усё гэта стала першым крокам на шляху фарміравання інклюзіўнай культуры і новых падыходаў да адукацыі дзяцей. З вопытам інклюзіўнага ўзаемадзеяння калектыў ЦКРНіР выступаў на метадычных мерапрыемствах раёна, абласным семінары-практыкуме, Рэспубліканскім савеце кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі, прадстаўляў гэты вопыт на VІІ Рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, дзе атрымаў дыплом у намінацыі “Даступная адукацыйная прастора”.
“Сёння ў ЦКРНіР створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе, якое з’яўляецца крыніцай развіцця асаблівых дзяцей. Функцыянуюць два вучэбныя класы (11 навучэнцаў) і дашкольная група (7 выхаванцаў), якія абсталяваны сучаснай мэбляй, — працягвае Святлана Святаславаўна. — Пакоі афармлялі педагогі цэнтра, рабілі на сценах яркія малюнкі, стваралі асяроддзе з улікам індывідуальных патрэб дзяцей. Ва ўстанове ёсць дыягнастычны і метадычны кабінеты, сенсорны пакой, кабінет ранняй комплекснай дапамогі, памяшканне бібліятэчнага фонду і архіўных дакументаў. Абсталяваны зоны рэлаксацыі, індывідуальныя рабочыя месцы для дзяцей з аўтызмам, поручні па ходзе руху і інш. У планах дырэктара — зрабіць зону адпачынку для дзяцей (тэрасу з навесам, на якую можна будзе трапіць з памяшкання класа). Выхаванцы цэнтра актыўна карыстаюцца базай ДЦРД: музычнай і спартыўнай заламі, тэатральнай, выяўленчай і LEGO-студыямі, медыцынскім кабінетам і вулічным дзіцячым кафэ. Гаворачы аб інклюзіўных падыходах, нельга забывацца аб партнёрскіх даверлівых узаемаадносінах з бацькамі. У цэнтры праводзяцца выставы-конкурсы творчых сямейных работ, бацькоўскія гасціныя, мінітрэнінгі, майстар-класы, кансультацыі, рыхтуюцца фотакалажы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца правядзенню творчых майстар-класаў, на якіх галоўнымі майстрамі выступаюць бацькі асаблівых дзяцей і дзе ў іх ёсць магчымасць расказаць пра свае праблемы проста і адкрыта”.
У кастрычніку 2019 года ў рамках дабрачыннага праекта “Крылы шчасця”, які рэалізуецца ТАА “СК хайнікс мемары салюшнс Усходняя Еўропа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі ЦКРНіР створана шматфункцыянальная інклюзіўная гульнявая пляцоўка, якая ўключае спецыяльныя арэлі для дзяцей з рухальнымі парушэннямі, 3 развіццёвыя панэлі, 2 пясочніцы (у тым ліку высокую пясочніцу для дзяцей з рухальнымі парушэннямі), сцежку здароўя, сенсорныя клумбы, каруселі, траўмабяспечнае пакрыццё, 2 крэслы-коканы, драўляныя лаўкі. Дзякуючы праекту “Крылы шчасця”, з’явіліся дадатковыя магчымасці для сацыялізацыі дзяцей. На інклюзіўнай пляцоўцы ў выхаванцаў фарміруюцца элементарныя працоўныя навыкі, беражлівыя адносіны да прыроды, бо яны даглядаюць расліны, наводзяць парадак. Выхаванцы цэнтраў бавяць разам вольны час, удзельнічаюць у інклюзіўных мерапрыемствах з выкарыстаннем гульнявога абсталявання пляцоўкі, умацоўваюць здароўе, здымаюць псіхаэмацыянальнае напружанне.
Праект “Крылы шчасця” дазволіў арганізаваць заняткі ў інклюзіўных гуртках: навучэнцы карэкцыйнага цэнтра наведваюць інклюзіўныя творчы і тэатральны гурткі на базе пачатковай школы № 6 Вілейкі. У рамках праекта аказваецца дапамога ў набыцці спецыяльнага абсталявання, дыдактычных і гульнявых дапаможнікаў. На занятках дзеці падтрымліваюць зносіны на роўных, развіваюць творчыя здольнасці, уяўленне, самастойнасць, упэўненасць, у іх з’яўляюцца новыя сябры.
У 2019—2022 гадах у ЦКРНіР рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадукцыйнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. У ім заняты валанцёры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, далучаюцца і выхаванцы ДЦРД Вілейкі. У рамках інавацыі праводзяцца інклюзіўныя мерапрыемствы для навучэнцаў, педагогаў і бацькоў: прагулкі на гульнявой пляцоўцы, тэматычныя экскурсіі, святы. Для педагогаў ЦКРНіР, устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна прайшоў семінар па арганізацыі адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з АПФР, метадычны рынг “Інклюзія — за і супраць” (падзяліўшыся на 2 каманды, педагогі абмяркоўвалі моцныя і слабыя бакі інклюзіі), трэнінгі, творчая гасціная, падчас якой былі складзены дапаможнікі для работы з асаблівымі дзецьмі, падрыхтаваны інфармацыйныя буклеты па ўзаемадзеянні з рознымі дзецьмі.
Ужо не першы год у раёне па ініцыятыве БРСМ праводзіцца навагодняя акцыя “Ёлка жаданняў”. Дзеці разам з бацькамі пішуць лісты Дзеду Марозу, якія перадаюцца ў выканкам. Прадстаўнікі выканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі могуць ажыццявіць мары дзяцей падчас навагодняга ранішніка. Арганізоўваюцца сумесныя экскурсійныя паездкі па Беларусі для выхаванцаў цэнтраў і валанцёраў, а таксама дзяцей з інваліднасцю, якія вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна, у тым ліку для тых, хто займаецца дома. Яшчэ адной удалай формай узаемадзеяння стала акцыя “Разам да інклюзіі”, якая на працягу 5 апошніх гадоў праводзіцца ў рамках дабрачыннага марафону, прымеркаванага да Дня інвалідаў. Марафон ладзіцца ў Вілейскім раёне штогод, з 2003 года, па ініцыятыве ЦКРНіР і ТЦСАН.
“Шчаслівыя разам” — так гучала тэма конкурсу сачыненняў для бацькоў, арганізаванага ЦКРНіР і сярэдняй школай № 1 Вілейкі ў рамках інавацыйнага праекта. У ім прынялі ўдзел 15 сем’яў. Пераможцай стала Вікторыя Канчаніна — мама “сонечнай дзяўчынкі” Ксюшы.
“Матуля, у вас дзяўчынка! Гэтыя словы доктара прымусілі мяне адчуць глыбокае пачуццё шчасця першы раз, — піша Вікторыя. — Я яшчэ не бачыла сваю дзяўчынку, але ведала, што маё жыццё зменіцца і я вельмі-вельмі яе люблю. Узяўшы на рукі свой камячок, я зразумела: вось яно шчасце, самае сапраўднае. Усё змянілася імгненна… Сіндром Даўна… Я была ў шоку. Як жыць? Што рабіць? Шмат пытанняў і ніводнага адказу. Але… Я — мама! Сабраўшы ўсе свае сілы, трымаючы на руках свой камячок шчасця, я зразумела, што павінна зрабіць усё, каб мая дзяўчынка была шчаслівай. Так, жыццё падзялілася на “да” і “пасля”, толькі ў маім выпадку да я была шчаслівая, а пасля — вельмі шчаслівая. Некалькі гадоў мы былі шчаслівыя толькі ўдваіх. Падарожнічалі, адпачывалі, жылі ў поўнай гармоніі. Я акружыла дачку такой любоўю, што яна стала для яе шчытом ад негатыву навакольнага свету. … У нас з’явіўся тата. Я зразумела, што раблю ўсё правільна, бо маёй дзяўчынцы не хапала добрага, любячага бацькі. Так мы сталі шчаслівай сям’ёй. “Матуля, у вас дзяўчынка!” — гэтыя словы зноў прымусілі мяне адчуць глыбокае пачуццё шчасця. Мы жывём поўнай сям’ёй, любім і дапаўняем адно аднаго. Мае дзеці Ксенія і Васіліса — гэта маё шчасце!”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.