Тэст на дабрыню і клопат,

- 11:56World Skills

або Як будучыя выхавальнікі спаборнічалі па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”

Упершыню на ІІІ Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills будзе прадстаўлена кампетэнцыя “Дашкольная адукацыя”. У графік адборачных спаборніцтваў па гэтай кампетэнцыі ўключаны шэраг навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў нашай краіны, якія займаюцца падрыхтоўкай выхавальнікаў для дзіцячых садоў. У ходзе правядзення рэгіянальных конкурсаў адбудзецца адбор самых лепшых навучэнцаў, якія паспаборнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills.

Метадыст Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталля Вацлаваўна Агеева, якая курыруе новую кампетэнцыю, адзначыла ролю РІПА ў арганізацыі і правядзенні як адборачных тураў, так і самога рэспубліканскага конкурсу. У асноўным гэта тычыцца метадычнага суправаджэння. Асаблівая адказнасць ускладзена на інстытут у падрыхтоўцы па новых кампетэнцыях, якія сёлета будуць прадстаўлены на ІІІ Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills. Сярод іх і “Дашкольная адукацыя”.

— З мэтай павышэння прэстыжу педагагічных прафесій, папулярызацыі іх сярод моладзі, зместавага напаўнення прафесійнай падрыхтоўкі выхавальнікаў дзіцячых садоў новымі тэхналогіямі, дэманстрацыі яе значнасці і ўнікальнасці было вырашана ўключыць у спіс прафесійных кампетэнцый WorldSkills дашкольную адукацыю, — адзна-чыла Наталля Вацлаваўна. — Мяркуючы па першых выніках адборачных тураў, прафесійная падрыхтоўка будучых выхавальнікаў у поўнай меры адпавядае сучасным запытам.

Адным з першых, хто быў задзейнічаны ў конкурсным марафоне, стаў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, які нядаўна прымаў канкурсантаў абласнога этапу спаборніцтва.

У конкурсе прынялі ўдзел будучыя выхавальнікі дашкольных устаноў з Барысаўскага, Салігорскага і Нясвіжскага дзяржаўных каледжаў. Барысаўскі дзяржаўны каледж прадстаўлялі навучэнкі Юлія Сільвановіч і Дар’я Шлома. Салігорскі дзяржаўны каледж — Віялета Вальчанка і Дана Майстранкова, Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа — Ангеліна Шумейка. Ацэньвалі выступленні канкурсантаў Т.М.Нядвецкая, кандыдат псіхалагічных навук, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Т.В.Грыгаровіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама, І.А.Бабурына, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама. Сярод арганізатараў конкурсу — метадыст РІПА Н.В.Агеева, начальнік цэнтра прафесійнай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Т.П.Страпко і метадыст цэнтра М.С.Фралова.

Гаворачы пра Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, трэба адзначыць, што навучальная ўстанова за час свайго існавання назапасіла багатыя педагагічныя традыцыі і з’яўляецца адным з лідараў рэгіёна. Калектыў высокапрафесійны, здольны да інавацыйнай дзейнасці з укараненнем сучасных педагагічных прыёмаў і методык. Вучэбна-матэрыяльная база цалкам адпавядае патрабаванням. Спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” была адкрыта два гады назад, навучанне па ёй знаходзіцца ў працэсе ўдасканалення і набывае ўсё новыя і новыя грані. Намеснік дырэктара каледжа С.І.Курчык паведаміла, што пры адборы ўдзельнікаў конкурсу мала было прадставіць на спаборніцтва самых падрыхтаваных навучэнак. Хацелася вылучыць менавіта тых асоб, якім уласціва творчасць, ініцыятыва, нестандартнае мысленне, якія ўжо маюць свой падыход да дзяцей і могуць іх захапіць.

Ангеліна Шумейка валодае менавіта гэтымі асабістымі якасцямі і за амаль два гады навучання прадэманстравала сваю працавітасць і адказнасць. Дзяўчына скончыла тэатральную студыю, дзе авалодала, апрача іншых якасцей, сродкамі камунікацыі, каб умець устанаўліваць кантакт з дзецьмі.

Не менш важнай часткай работы ў падрыхтоўцы да конкурсу стала фарміраванне каманды педагогаў, якія б дапамаглі Ангеліне рыхтавацца. Асноўны ўпор у гэтым быў зроблены на выкладчыкаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Галіну Уладзіміраўну Яўланаву (выкладчыка педагогікі) і Аксану Станіславаўну Цвірко (выкладчыка матэматыкі), якія праходзяць перападрыхтоўку ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы да конкурсу аказала кіраўніцтва і спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. У час падрыхтоўкі неабходна было пазнаёміць навучэнку з асноўнымі метадамі і прыёмамі, якія выкарыстоўваюцца пры рабоце з дзецьмі, з асаблівасцямі методыкі гульні, спосабамі арганізацыі дзіцячых мерапрыемстваў. І якраз дарэчы былі пляцоўкі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка”, ясляў-садоў №№ 4, 5 Нясвіжа.

Натуральна, любы конкурс з’яўляецца свайго роду выпрабаваннем на стрэсаўстойлівасць кожнага яго ўдзельніка. Каб аказаць дапамогу ў падобных сітуацыях, выхаваць байцоўскія якасці, у падрыхтоўцы канкурсанткі была задзейнічана педагог-псіхолаг Алеся Генадзьеўна Кашуба, якая, як кажуць, пагрузіла Ангеліну ў рабочы працэс і дапамагала ёй справіцца з цяжкасцямі.

У Смаленскай вобласці прайшоў III Рэгіянальны чэмпіянат “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia), у якім актыўны ўдзел прынялі прадстаўнікі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Як паведаміла К.А.Пятруцкая, дырэктар каледжа, на працягу трох конкурсных дзён навучэнка II курса навучальнай установы Аляксандра Пагасай нароўні з астатнімі ўдзельнікамі — чацвёртакурснікамі навучальных устаноў Смаленскай, Арэнбургскай вобласці і Рэспублікі Татарстан — выконвала конкурсныя заданні, дзе паказала творчы і нестандартны падыход. Дэманстрацыя ўменняў канкурсантаў у выразным чытанні казкі В.Катаева “Цветик-семицветик”, у распрацоўцы і правядзенні заняткаў па робататэхніцы “Водны транспарт” з элементамі эксперыментавання, афармленні інфармацыйна-дэманстрацыйнага стэнда па тэме “8 Сакавіка”, распрацоўцы і правядзенні віртуальнай экскурсіі ў мабільным планетарыі “Ледзяныя сусветы”, распрацоўцы і правядзенні заняткаў з дзецьмі 3—4 гадоў з выкарыстаннем развіццёвых (дыдактычных) матэрыялаў-палачак Кюізенера, гімнастыкі з дзецьмі пасля дзённага сну ацэньвалася вопытнымі экспертамі. З боку нашай краіны ў ролі эксперта выступіла Н.В.Пралыгіна, загадчыца аддзялення Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Удзел у расійскім чэмпіянаце дазволіў набыць вопыт у арганізацыі і правядзенні конкурсаў такога ўзроўню, у фарміраванні зместу конкурсных заданняў кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, а таксама прадэманстраваць узровень падрыхтоўкі навучэнцаў Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. У ходзе спаборніцтва было наладжана цеснае ўзаемадзеянне і намечаны перспектывы супрацоўніцтва паміж нашым каледжам і аднапрофільнымі ўстановамі адукацыі краін Садружнасці.

У конкурсную праграму абласных этапаў спаборніцтва былі ўключаны некалькі модуляў, сярод якіх — развіццё мовы і культура маўленчых зносін, пазнавальнае развіццё, фізічная культура, выяўленчая дзейнасць, самапрэзентацыя і субяседаванне.

У ходзе спаборніцтва дзяўчаты прадстаўлялі візітныя карткі сваёй спецыяльнасці, дзе яскрава, з душой дэманстравалі работу выхавальніка, яго вобраз і тыя рысы характару, якія неабходны для таго, каб наладзіць зносіны з дзецьмі, перш-наперш гэта праяўленне любові і клопату. У ходзе спаборніцтва канкурсанткі прадэманстравалі свае прафесійныя веды, артыстычныя здольнасці, майстэрства арганізатара для правядзення забаўляльна-выхаваўчых мерапрыемстваў у дзіцячых установах. Удзельніцы конкурсу паказвалі фрагменты заняткаў з дзецьмі ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі, самастойна выбіралі метады і прыёмы работы з дашкалятамі, у тым ліку пры чытанні літаратурных твораў. Канкурсанткі дэманстравалі не толькі выразнае чытанне казак, але і ўменне працаваць з дзецьмі дашкольнага ўзросту па змесце мастацкага твора. Акрамя таго, дзяўчаты правялі з дзецьмі дыдактычную гульню і склалі тэхналагічную карту.

Па меркаванні спецыялістаў, якія ўвайшлі ў склад прафесійнага журы, канкурсанткі прадэманстравалі высокі ўзровень тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі, мэтанакіраванасць і настойлівасць, творчасць і камунікабельнасць, асабістае абаянне і артыстызм. Але ж пераможца можа быць толькі адзін. У выніку перамагла выхаванка Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Дар’я Шлома, якая была ўдастоена дыплома І ступені. Другое месца заняла навучэнка Салігорскага каледжа Віялета Вальчанка, трэцяе — Ангеліна Шумейка з Нясвіжа.

— Неабходным прафесійным ведам, сучасным падыходам у дашкольнай адукацыі мяне навучылі нашы педагогі, — адзначыла Дар’я. — Але самае галоўнае, яны развілі ў маёй асобе любоў да дзяцей, без чаго я ніколі б не адбылася ў прафесіі. У падрыхтоўцы да спаборніцтва мне дапамагалі Ірына Лявонцьеўна Бузянкова, Галіна Пятроўна Калініна, Алена Іванаўна Букініч. Усе нашы педагогі самааддана служаць сваёй прафесіі.

Дзяўчына пераканана, што прафесія выхавальніка — гэта не толькі прызванне, гэта лад жыцця, звязаны з навучаннем і выхаваннем дзяцей. Па меркаванні Дар’і, выхавальнік — гэта чараўнік, які вядзе дзяцей у свет дабра і радасці, адкрывае ім новыя гарызонты, вучыць успрымаць прыроду, музыку, паэзію. А для гэтага трэба многа ведаць і ўмець, каб быць заўсёды цікавым дзецям.

— Гледзячы ў вочы дзяцей, хочацца зрабіць наваколле для іх больш яркім, запамінальным, акружыць іх клопатам, падзяліцца цеплынёй і любоўю сваёй душы, — расказала дзяўчына. Свой выбар стаць педагогам Дар’я зрабіла яшчэ ў школе. У 2014 годзе яна паступіла на педагагічнае аддзяленне Барысаўскага дзяржаўнага каледжа па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.

— Добрасумленнае стаўленне да вучобы, ініцыятыўнасць і імкненне развіваць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, удасканальвацца ў будучай прафесіі — адметныя рысы гэтай выхаванкі, — адзначыла Лілія Эдуардаўна Чэча, дырэктар каледжа. — Чацвёрты год Даша з’яўляецца старастай вучэбнай групы. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы, каб будучыя выхавальнікі назапасілі неабходны багаж ведаў. А прафесійныя ўменні і навыкі навучэнцы адточваюць пры правядзенні заняткаў з дашкольнікамі ў час педагагічнай практыкі, якая арганізавана непасрэдна ва ўстановах дашкольнай адукацыі Барысава.

У Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага адбыўся рэгіянальны этап прафесійнага конкурсу WorldSkills па гэтай кампетэнцыі. Гэты каледж спаборнічаў з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.П.Шамякіна. Каледж прадстаўляла Вольга Ляляўская, навучэнка IV курса, а педагагічны ўніверсітэт — Юлія Чадзюк, студэнтка IV курса факультэта “Дашкольная і пачатковая адукацыя”. Журы конкурсу ўзначаліў Дзмітрый Мікалаевіч Чорненькі, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэгіянальнага этапу прафесійнага конкурсу прымалі ўдзел М.М.Валодзін, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, В.Я.Барысенка, загадчыца кафедры спецыяльнай педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, выкладчыкі, студэнты і навучэнцы. Атмасферу прафесійнага свята стварыла выступленне творчых калектываў каледжа. Конкурсныя іспыты па кампетэнцыі праходзілі на базе ясляў-сада № 16 Гомеля (заданні “Распрацоўка і правядзенне заняткаў з падгрупай дзяцей. Выразнае чытанне, прэзентацыя кнігі” і заданне “Распрацоўка і правядзенне рухавай гульні з дзецьмі дашкольнага ўзросту”) і на базе каледжа (заданні “Распрацоўка і правядзенне заняткаў з падгрупай валанцёраў у адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” і “Афармленне інфармацыйна-дэманстрацыйнага стэнда да свята”). Канкурсанты прадэманстравалі сфарміраваныя прафесійныя кампетэнцыі, свой творчы патэнцыял і пазітыўнае стаўленне да выбранай прафесіі. Згодна з рашэннем журы конкурсу, Вольга Ляляўская, навучэнка Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, стала пераможцай рэгіянальнага этапу конкурсу.

На Магілёўшчыне абласны этап па гэтай кампетэнцыі праходзіў у сацыяльна-гуманітарным каледжы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Навучэнка каледжа Настасся Мальцава стала пераможцай і прадставіць свой рэгіён на рэспубліканскім узроўні.

У наступных нумарах мы пазнаёмім чытачоў з тэставым праектам “Дашкольная адукацыя” у рамках WorldSkills і з тым, як прайшоў адборачны этап па гэтай кампетэнцыі ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы.

Ала КЛЮЙКО.