Сёння пачынаем серыю публікацый, прысвечаных лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнай прэміі кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва 2017 года. І першы наш герой сёлета — начальнік выдавецкага цэнтра “Марка” РУП “Белпошта” Ірына Шыпілава. Калектыў гэтай установы ўдастоены спецпрэміі “За значны ўклад у захаванне духоўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, стварэнне высокамастацкіх паштовых марак да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, іншых знамянальных падзей у гісторыі і культуры Беларусі”.
Паштовая марка… Здавалася б, маленькі шматок паперы памерам з запалкавы пачак. Сённяшнія 20-гадовыя і тым больш 15-гадовыя людзі, мабыць, зусім і не ведаюць, колькі эмоцый можа перажываць чалавек, наклейваючы паштовую марку на канверт і пасылаючы яго са сваім пісьмовым пасланнем на другі канец свету ці хоць бы ў іншы горад у межах Беларусі. Куды лягчэй набраць тэкст па вайберы — і цябе тут жа пачуюць, хоць у Аўстраліі ці Інданезіі.
Але ў паштовай маркі ёсць — і ніколі не страціцца — свой шарм! Ты бярэш яе ўласнымі рукамі, сам жа, даруйце, слініш, прыклейваеш на канверт і пасылаеш — ды хоць самому Богу на ўcкрайку Бразіліі ці Чылі… Так ты пасылаеш часцінку сябе. Матэрыяльную і духоўную часцінку. Па вайберы так не атрымаецца.
І адна справа, калі ты клеіш марку з катком, сабачкам ці матыльком. І зусім іншая — калі шлеш канверт з маркай, на якой адлюстраваны Янка Купала, Якуб Колас, Францыск Скарына… Тады ўжо ты пасылаеш часцінку не толькі сябе, але і сваёй дарагой Радзімы. І тады з гордасцю адчуваеш: твая Радзіма — ёсць частка ўсяго свету, культура тваёй Радзімы — ёсць частка сусветнай культуры. Унікальная, пазнавальная, яркая сваімі выбітнымі постацямі. Твая Радзіма, твая нацыянальная культура — на папяровым лапіку памерам запалкавага пачка! The World is great, Belarus is one, “Свет неабсяжны, а Беларусь — адна”, як называлася экспазіцыя выдавецкага цэнтра “Марка” на Азіяцкай міжнароднай філатэлістычнай выставе CHINA 2016.
За гэтай Belarus стаіць праца цэлага калектыву, пра што і гутарым сёння з Ірынай Шыпілавай.
— Ірына Валер’еўна, пазнаёмце, калі ласка, нашых чытачоў з калектывам, якім вы кіруеце. Колькі ў вас чалавек у штаце? І, безумоўна, прадстаўцеся, калі ласка, асабіста вы.
— Выдавецкі цэнтр “Марка” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” быў створаны ў 1996 годзе. У яго кампетэнцыю ўваходзіць непасрэднае планаванне, выданне і распаўсюджванне дзяржаўных знакаў паштовай аплаты, экспарт і імпарт філатэлістычных тавараў. Выдавецкі цэнтр “Марка” ажыццяўляе поўны цыкл работ ад стварэння макетаў паштовай маркіраванай і немаркіраванай прадукцыі да яе рэалізацыі, а таксама ажыццяўляе своечасовае інфармаванне. За год распрацоўваецца каля адной тысячы сюжэтаў, якія выкарыстоўваюцца на паштовых марках, канвертах і картках.
На сёння ў “Марцы” працуюць 39 чалавек. Над распрацоўкай арыгінал-макетаў паштовых марак працуюць чатыры дызайнеры. Стварыць карцінку — гэта яшчэ паўсправы, неабходна пісьменна нанесці патрабаваныя надпісы, прапрацаваць усе юрыдычныя аспекты па аўтарскім праве і г.д. З упэўненасцю магу сказаць, што кожны паштовы праект — гэта вынік зладжанай працы ўсяго калектыву. У кастрычніку бягучага года будзе 10 гадоў, як я была прызначана кіраўніком гэтага структурнага падраздзялення “Белпошты”, а агульны стаж маёй працы ў ВЦ “Марка” складае 21 год.
— У дзейнасці вашага выдавецкага цэнтра, напэўна, прысутнічае такое паняцце, як у нас, журналістаў, — тэматычнае планаванне?
— Безумоўна. Паштовыя адміністрацыі розных краін імкнуцца выпускаць маркі як мага больш прывабнымі, выразнымі і багатымі па змесце. Гэтымі крытэрыямі кіруецца пры распрацоўцы тэматычных планаў выдання паштовых марак і Мастацкі савет пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. На паштовых мініяцюрах адбіваюцца сучасныя рэаліі дзяржавы, багатая гісторыя і культура, дасягненні выдатных асоб, флора і фаўна. Выданню дзяржаўных знакаў паштовай аплаты папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа па зборы ад дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб інфармацыі і прапаноў, а таксама работа па выяўленні самых значных з іх. Фарміраванне тэматычных планаў ажыццяўляецца за 1—2 гады да пачатку планаванага перыяду. Сёння, напрыклад, ідзе дынамічная работа над тэматычным планам выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2018 год і над фарміраваннем праекта плана на 2019 год.
Сюжэты старанна вывяраюцца на гістарычную адпаведнасць спецыялістамі ў галіне культуры, гісторыі і архітэктуры. 2017 год атрымаўся дынамічным і разнапланавым, але няма адзінай схемы па стварэнні паштовых праектаў.
— А як было ў выпадку марак з Купалам, Коласам і Скарынам?
— Мастацкай асновай марак да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа сталі партрэты майстроў пяра, напісаныя народным мастаком СССР Міхаілам Савіцкім (са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Асновай для канвертаў “Першы дзень”, а таксама для афармлення палёў марачных лістоў паслужылі архіўныя матэрыялы з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Гэты праект распрацаваны вядучым дызайнерам ВЦ “Марка” РУП “Белпошта” Аленай Мядзведзь. Паштовы блок “500-годдзе беларускага кнігадрукавання” падрыхтаваны па матэрыялах з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У аснове маркі — старонка з Псалтыра. Вобраз Францыска Скарыны ўвасобіла мастак Таццяна Дольская. Сабрала ўвесь матэрыял у адзіную кампазіцыю вядучы дызайнер ВЦ “Марка” Марына Віткоўская.
— Ці існуюць увогуле нейкія строгія, магчыма, нават акрэсленыя нейкімі заканадаўчымі актамі, патрабаванні да афармлення маркі?
— Арганізацыя выпускаў паштовых марак строга рэгламентавана. Перш за ўсё гэта тычыцца абавязковых службовых надпісаў: назва дзяржавы на афіцыйнай мове (БЕЛАРУСЬ) і лацінскімі літарамі (ВЕLАRUS), год выпуску (арабскімі лічбамі) і намінальны кошт (арабскімі лічбамі). Дапускаецца лiтарнае абазначэнне намінальнага кошту паштовай маркі.
— Ці ёсць тут якія-небудзь табу? Ну, скажам, ці могуць прысутнічаць на марках рэпрадукцыі вядомых мастацкіх твораў, лікі святых з абразоў і інш.?
— На паштовых марках многіх краін свету, у тым ліку і на беларускіх паштовых марках, прысутнічаюць рэпрадукцыі мастацкіх твораў. Так, у 2018 годзе плануецца выпуск серыі з 4 марак “Шэдэўры жывапісу з музеяў Беларусі”, на якіх будуць прадстаўлены рэпрадукцыі карцін І.Айвазоўскага, І.Шышкіна, А.Куінджы, А.Саўрасава.
Што тычыцца лікаў святых, то з 1992 года, з улікам рэлігійных канонаў, намі была падрыхтавана да выпуску вялікая колькасць паштовых праектаў хрысціянскай тэматыкі. Сімвалічна, што на першай беларускай паштовай марцы намаляваны Крыж Ефрасінні Полацкай, а 1000-я марка стала часткай паштовага блока “Сабор беларускіх святых”.
Тут важна разумець, што філатэліі ўласціва адна важная якасць: выпуск марак — гэта не толькі спосаб аплаты паштовых паслуг, але і магчымасць паказаць духоўную і культурную спадчыну беларускага народа, пазнаёміць айчынных і замежных калекцыянераў з ідэямі чалавекалюбства і талерантнасці. Галоўнае пры выпуску паштовых марак на любую тэматыку — захаванне аўтарскіх правоў.
— Ірына Валер’еўна, наколькі гэта складаны працэс — стварэнне маркі? Ці карэктна казаць “маляваць маркі”?
— З развіццём інфармацыйных тэхналогій усё часцей арыгінал-макеты паштовых марак цалкам ствараюцца мастакамі-дызайнерамі на камп’ютары, так што выраз “маляваць маркі”, можна сказаць, выходзіць з абароту. Аднак на любым спецыялізаваным філатэлістычным конкурсе цэняцца мініяцюры, за мастацкую аснову якіх узяты рукатворныя работы (карціны, эскізы, прамалёўкі).
— Наколькі ведаю, ваш калектыў мае шмат узнагарод на розных міжнародных конкурсах. Раскажыце, калі ласка, хоць пра некаторыя з гэтых перамог, напрыклад, за апошнія 3 гады.
— Думаю, беларускія маркі за апошнія гады сталі выглядаць больш прыгожа і, так бы мовіць, больш урачыста. Гэта і нядзіўна, бо сёння пры іх вырабе выкарыстоўваюцца такія сучасныя паліграфічныя тэхналогіі, як кангрэўнае цісненне, выбарачная лакіроўка, тэрмічнае цісненне металізаванай фольгай і інш. Безумоўна, усё гэта — вялікі крок наперад. З развіццём паліграфічных магчымасцей прадпрыемстваў-вытворцаў з’явіліся незвычайныя паштовыя маркі ў выглядзе трыкутніка, круга, авала.
Арыгінальнасць нашых мастацкіх мініяцюр адзначаюць на айчынных і міжнародных конкурсах.
Так, у 2015 годзе на VIII Нацыянальнай філатэлістычнай выставе “Белфіла-2015”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, за экспазіцыю “Летапіс Перамогі” мы атрымалі залаты памятны медаль і дыплом. У тым жа годзе — залаты медаль і дыплом у групе В, у якой прадстаўлены краіны, што выпускаюць ад 30 да 69 паштовых марак у год.
У 2016 годзе на Міжнароднай філатэлістычнай выставе “Брэст-2016”, прысвечанай гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, за экспазіцыю “Вялікая Айчынная вайна на дзяржаўных знаках паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь” атрымалі залаты памятны медаль і дыплом, а на Міжнародным філатэлістычным біенале “Россика-2016” у Берліне — бронзавы памятны медаль і дыплом за “Каталог паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2014”.
У тым жа годзе за экспазіцыю The World is great, Belarus is one на Азіяцкай міжнароднай філатэлістычнай выставе CHINA 2016 у горадзе Наньнінь у Кітаі атрымалі сярэбраны медаль і дыплом.
У 2017 годзе за кнігу марак “Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2015” — сярэбраны медаль на Сусветнай выставе марак у Бандунгу (Інданезія), за гэтую ж кнігу марак — дыплом І ступені на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі — 2017” у намінацыі “У люстэрку часу” і залаты памятны медаль на ІХ Нацыянальнай філатэлістычнай выставе “Белфіла-2017”.
Таксама летась мы прымалі ўдзел у штогадовым сусветным конкурсе “Вялікі прыз Выставы WIPA” (Вена, Аўстрыя), на якой за паштовы блок “Пчалярства ў Беларусі” занялі пачэснае 8-е месца. А на Міжнароднай філатэлістычнай выставе “Пецярбургскі вернісаж. Тыдзень паштовых калекцый — 2017” за дэманстрацыю Белавежскай пушчы атрымалі дыплом і падзяку.
— Не сакрэт, што за апошнія дзесяцігоддзі інтэрнэт пасунуў убок марку функцыянальную — тую, якую мы лепім на канверт з лістом… А што наконт філатэліі, калекцыйных марак? Наколькі папулярны гэты занятак сёння ў свеце, у Беларусі?
— На жаль, сёння і ў нас, і ў свеце назіраецца агульная тэндэнцыя зніжэння цікавасці да калекцыяніравання паштовых марак. Але магу з упэўненасцю сказаць, што цікавасць да марак у нашай краіне ўсё-такі ёсць! Чаго толькі варты той факт, што ў красавіку 2017 года ў рамках XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІБО-2017” адбылася IX Нацыянальная філатэлістычная выстава “Белфіла-2017”, прысвечаная 25-годдзю першай беларускай паштовай маркі і 950-годдзю горада Мінска, на якой было прадстаўлена 115 калекцый з Азербайджана, Арменіі, Германіі, Беларусі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны! Цешыў актыўны ўдзел у выставе дзяцей і моладзі: у юнацкім класе экспанавалася 21 калекцыя.
І яшчэ адзін факт адносна цікавасці да марак: адгрузка беларускага філатэлістычнага матэрыялу на экспарт ажыццяўляецца ў 60 краін свету па міжнародных кантрактах і прыватным абанеменце (876 філатэлістаў).
— Ірына Валер’еўна, якія самыя незвычайныя маркі вам даводзілася бачыць?
— О, такіх было шмат! Бачыла маркі са стразамі Свароўскі, бачыла маркі з элементамі нафты, бачыла, а дакладней, нюхала маркі з фруктовымі пахамі…
Наогул жа, трэба сказаць, што спецыфіка філатэлістычнага рынку патрабуе пастаяннага маркетынгавага даследавання. Без гэтай працы немагчыма прадказаць камерцыйны поспех і наклад таго ці іншага паштовага выпуску. Але мы — усё-такі за класічную філатэлію. Бо паштовая марка традыцыйна выконвае тры функцыі: служыць у якасці аплаты паштовых збораў, уяўляе сабой прадмет калекцыяніравання і з’яўляецца выразным сродкам адлюстравання знамянальных падзей у гісторыі дзяржавы і прапаганды яе культурнай спадчыны.
— Можа быць, вы і самі калекцыяніруеце маркі? Ці збіралі іх у дзяцінстве?
— Я ў дзяцінстве збірала гашаныя маркі з выявамі рэпрадукцый карцін, а мая сястрычка — маркі на фларыстычную тэму. Толькі, відаць, няма сэнсу пытацца пра калекцыяніраванне марак у мяне ды іншых супрацоўнікаў нашага калектыву. Мы іх не калекцыяніруем — мы імі жывём… Выпуск кожнай паштовай мініяцюры — гэта насамрэч вельмі карпатлівая праца, даследчая праца і, вядома ж, творчасць. І можна з упэўненасцю сказаць, што нашы паштовыя выпускі складваюцца ў яркі, дынамічны летапіс нашай краіны. Нездарма даўно стаў крылатым выраз “Паштовая марка — гэта візітоўка краіны”.
Мікола ЧЭМЕР.