Тыдзень эстэтычнага цыкла

- 9:26Нам пішуць

Напярэдадні зімовых канікул, з 19 па 24 снежня, у сярэдняй школе № 45 Магілёва прайшоў тыдзень эстэтычнага цыкла, які адкрыўся выставай дзіцячых малюнкаў і творчых работ, аформленых у фае школы. У гэты ж дзень адбылася гульнявая праграма, у якой навучэнцы змаглі прадэманстраваць свае веды і знаходлівасць падчас віктарыны па прадмеце “Мастацтва”. Дзеці спявалі, малявалі з завязанымі вачыма, нават стваралі сяброўскі шарж пры дапамозе нагі. Скончылася праграма сумесным флэш-мобам.

На працягу ўсяго тыдня настаўнікі пачатковай школы, працоўнага навучання і музыкі давалі адкрытыя ўрокі, праводзілі пазакласныя мерапрыемствы.

У чацвер, 22 снежня, у школе працавала “Майстэрня Дзеда Мароза”, у рамках якой прайшлі тры адкрытыя майстар-класы па вырабе навагодніх сувеніраў. Усе жадаючыя змаглі далучыцца да работы і стварыць навагоднія шары, паштоўкі і падарункі сваімі рукамі.

Завяршыўся тыдзень тэматычным конкурсам “Гаспадынька”, у якім удзельнічалі навучэнкі сёмых класаў. Канкурсантак падтрымлівалі аднакласнікі і бацькі. Дапамаглі ў правядзенні праграмы і юныя ўдзельніцы школьнага музычнага калектыву “Хэпі кідс”. Перамагла самая ўмелая гаспадыня Злата Афанасенка. Скончыўся конкурс усеагульным чаяваннем.

Такія мерапрыемствы далучаюць навучэнцаў да свету мастацтва і вучаць эстэтычнаму ўспрыманню навакольнай рэчаіснасці.

Тамара КАРПІЦКАЯ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання эстэтычнага цыкла сярэдняй школы № 45 Магілёва.