Тыдзень лесу на Навагрудчыне

- 14:48Нам пішуць

Лес можна смела назваць адным з галоўных багаццяў не толькі нашай краіны, але і Зямлі ў цэлым. З’яўляючыся адначасова “зялёнымі лёгкімі” нашай планеты, крыніцай чысціні паветра і вод, ён яшчэ і абараняе сельскагаспадарчыя землі, з’яўляецца крыніцай матэрыяльных рэсурсаў нашай краіны, месцам жыцця шматлікіх жывых істот, а таксама месцам адпачынку для людзей.

З 15 сакавіка па 8 красавіка 2017 года супрацоўнікі Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра прынялі актыўны ўдзел у папаўненні лясной скарбонкі Беларусі: было пасаджана 15 гектараў лесу. За гэты час раённы эколага-біялагічны цэнтр змог не толькі павялічыць лясную скарбонку Навагрудчыны на 60 000 саджанцаў, але і прыняць актыўны ўдзел у “Тыдні лесу — 2017”, які ў гэтым годзе быў прысвечаны ўзнаўленню лясоў, пашкоджаных стыхійнымі бедствамі. Далучыліся да гэтай акцыі і шматлікія ўстановы адукацыі Навагрудчыны.

Толькі аб’ядноўваючы свае намаганні, мы зможам зберагчы і захаваць лес і ўсё тое, што ён нам дае, каб нашы нашчадкі змаглі ў поўнай меры ацаніць непаўторную прыроду беларускай зямлі і атрымаць асалоду ад яе.

Марына РАБЦЭВІЧ,
загадчык аддзела экалогіі Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра.