Толькі падтрымка

- 10:28Нам пішуць

Вядучую ролю ў нармальным псіхічным развіцці дзіцяці адыгрывае сям’я. Якасць інтэграцыі чалавека ў грамадства шмат у чым вызначаецца ўзроўнем яго псіхалагічнай адаптацыі, механізмы якой фармуюцца і рэалізоўваюцца ў сям’і. Толькі сям’я можа даць дзіцяці-сіраце неабходны статус і дапамагчы адаптавацца ў грамадстве.

У Чэрыкаўскім раёне на 1 красавіка бягучага года 24 дзіцяці выхоўваюцца ў 15 прыёмных сем’ях, 8 непаўналетніх выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу і 17 дзяцей — у 14 апякунскіх сем’ях.

Асноўная задача, якая стаіць перад спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра — аказанне сацыяльна-псіхолага-педагагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям, іх выхаванцам і педагогам устаноў адукацыі, якія суправаджаюць гэтыя сем’і, з мэтай павышэння педагагічнага майстэрства ўсіх удзельнікаў выхаваўча-адукацыйнага працэсу.

Выхаванне прыёмных дзяцей, забеспячэнне іх маральнага і фізічнага развіцця, стварэнне неабходных умоў для атрымання імі адукацыі, падрыхтоўка да самастойнага жыцця, абарона праў і законных інтарэсаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з планам развіцця прыёмнай сям’і, які складаецца на 6 месяцаў.

Своечасовая рэалізацыя гэтых планаў і маніторынг становішча дзяцей (іх здароўя і развіцця, ацэнка паспяховасці дзіцяці, сацыяльна-псіхалагічнай бяспекі ў замяшчальнай сям’і і выхаваўчага патэнцыялу бацькоў) дапамагае вызначыць далейшую работу з прыёмнымі сем’ямі.

На базе цэнтра створаны клуб для прыёмных бацькоў “Сям’я”. Пасяджэнні праходзяць у форме сямейных сустрэч па абмене вопытам, святаў, бацькоўскіх канферэнцый, педагагічнага кансіліуму, бацькоўскай гасцёўні і накіраваны на стварэнне спрыяльнай эмацыянальнай атмасферы ў замяшчальных сем’ях для паспяховага выхавання і развіцця дзіцяці.

Працуе ў нас і метадычнае аб’яднанне для прыёмных бацькоў, мэтай якога з’яўляецца авалоданне прыёмнымі бацькамі псіхолага-педагагічнымі ведамі, навыкамі эфектыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі, стварэнне аптымальных умоў для выхавання і развіцця дзіцяці, фарміраванне ў прыёмных бацькоў адэкватнай, дынамічнай і прагнастычнай пазіцыі. Заняткі праводзяцца раз у квартал у форме семінара-практыкума, круглага стала, брэйн-рынга, мазгавога штурму.

Спецыялісты СПЦ таксама працуюць з прыёмнымі дзецьмі ў рамках дзіцячых аб’яднанняў “Прымірэнне” і “Скрыжаванні лёсу” з мэтай фарміравання ў выхаванцаў пачуцця абароненасці і стабільнасці ў соцыуме і заўтрашнім дні. Работа арганізавана праз правядзенне карэкцыйных заняткаў з элементамі трэнінгу і гульні, групавых кансультацый, сумесных святаў. Заняткі праводзяцца цыкламі ў групах для дзяцей дашкольнага ўзросту, малодшага школьнага ўзросту, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

З дзецьмі школьнага ўзросту выкарыстоўваюцца як індывідуальныя (гутаркі, сямейнае кансультаванне, карэкцыйна-кансультацыйная работа, гутаркі дома), так і групавыя формы работы (лекцыі, семінары, кансультацыі, крэатыўная тэрапія, казкатэрапія, музычная тэрапія, арт-тэрапія, паходы выхаднога дня, святы, трэнінгі, псіхалагічныя гульні, сустрэчы з рознымі спецыялістамі — медыкамі, прадстаўнікамі РАНС, РАУС, пракуратуры).

З мэтай выяўлення і распаўсюджвання станоўчага вопыту работы прыёмных бацькоў, забеспячэння іх прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі, раскрыцця творчых здольнасцей, камунікабельнасці прыёмных дзяцей штогод у раёне праводзіцца конкурс на лепшую прыёмную сям’ю.

Святлана ЦІХАНЕНКА,
сацыяльны педагог СПЦ Чэрыкава, Магілёўская вобласць.