Толькі шчаслівы настаўнік зробіць шчаслівым дзіця

- 11:38Адукацыйная прастора

З 2 чэрвеня ў краіне пачалася прыёмная кампанія ў 1-я класы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У сталіцы плануецца адкрыць каля 840 першых класаў, у якіх будуць вучыцца больш за 22 тысячы дзяцей.

Ужо да 12 гадзін у першы дзень прыёму дакументаў у гімназіі № 12 Маскоўскага раёна Мінска было пададзена 14 заяў. Пра асаблівасці прыёму ў першы клас, падрыхтаванасць дзіцяці да школы і цяжкасцях адаптацыі наш карэспандэнт гутарыць з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы Дзіянай Іванаўнай НОВІКАВАЙ.

— Дзіяна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, як арганізаваны ў гімназіі прыём дакументаў у першыя класы? Колькі сёлета вы плануеце набраць вучняў?

— Прыём дзяцей у першыя класы будзе доўжыцца да 29 жніўня і ажыццяўляецца без уступных іспытаў, субяседавання. Папярэдні запіс дзяцей таксама не праводзіцца. У першую чаргу прымаюцца дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі мікрараёна, замацаванага за гімназіяй рашэннем адміністрацыі Маскоўскага раёна. Дзеці, якія не пражываюць на гэтай тэрыторыі, могуць быць залічаны пры наяўнасці свабодных месцаў. Для прыёму дзяцей законныя прадстаўнікі павінны прадаставіць у навучальную ўстанову даведку аб стане здароўя дзіцяці, арыгінал і копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, пашпарт аднаго з законных прадстаўнікоў і заяву.

У новым навучальным годзе мы набіраем чатыры першыя класы. У нашым калектыве пачатковай школы працуюць вопытныя педагогі, стаж работы якіх складае больш за 15 гадоў. Паралель першых класаў будуць набіраць настаўнікі пачатковых класаў, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю: Ева Казіміраўна Шыкуць, Марына Валер’еўна Ізгачова, Наталля Канстанцінаўна Мельнікава і Юлія Уладзіміраўна Міхайлус. У пачатковай школе вельмі важная асоба настаўніка. Менавіта яна ўплывае на фарміраванне асобы вучняў. І вельмі важна трапіць да цікавага, творчага педагога, які зможа раскрыць дзіця па-са­праўднаму, каб яно стала зорачкай у нейкай сваёй галіне. Нашы дзеці розныя: хтосьці матэматык, хтосьці мастак, а хтосьці добра ўмее майстраваць ці спяваць. Часта бацькі хочуць ад дзяцей вельмі многага, імкнучыся рэалізаваць свае няздзейсненыя мары і жаданні. І калі яны пачынаюць патрабаваць больш, чым дзіця можа, тады і ўзнікаюць псіхалагічныя праблемы.

Нашы настаўнікі-пачаткоўцы — творчыя, натхнёныя, апантаныя працай людзі са сваім стылем выкладання, сфарміраваным педагагічным почыркам — імкнуцца раскрыць усіх дзяцей, даць пачатковую базу, на якую потым будуць назапашвацца новыя веды. Так, Марына Валер’еўна Ізгачова актыўна прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, з’яўляецца стваральнікам электроннага дадатку па беларускай мове па вывучэнні слоўнікавых слоў (дадатак паспяхова выкарыстоўваецца як самім педагогам, так і яе калегамі), прымае актыўны ўдзел у конкурсах (“ІT-рэгіён: minsk.edu. by”, “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”). Сёлета ўсе нашы педагогі будуць працаваць па новым “Буквары” В.І.Цірынавай. Наталля Канстанцінаўна Мельнікава сочыць за ўсімі навінкамі, творча адаптуе іх і спрабуе прымяніць у адукацыйным працэсе (напрыклад, актыўная ацэнка). Па традыцыйнай методыцы з прымяненнем інавацыйных знаходак, ІКТ, прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення малодшых школьнікаў пра­цуюць выдатнік адукацыі Ева Казіміраўна Шыкуць, Юлія Уладзіміраўна Міхайлус, таму, думаю, маленькія вучні трапяць у надзейныя рукі.

— Ці маюць бацькі права выбару настаўніка для свайго дзіцяці? Ці праводзіцца ва ўстанове знаёмства бацькоў з педагогамі?

— Так, у нашай гімназіі бацькі ма юць права выбару настаўніка. Ужо пры падачы дакументаў яны выказваюць свае пажаданні. Бацькі знаёмяцца з будучымі настаўнікамі сваіх дзяцей. Многія з іх калісьці самі вучыліся ў нашай гімназіі. Добра працуе сарафаннае радыё, калі бацькі з вуснаў у вусны перадаюць прозвішчы лепшых настаўнікаў. У маі мы звычайна право­дзім бацькоўскі сход, дзе расказ­ваем аб асаблівасцях падрыхтоўкі дзіцяці да школы, патрабаваннях настаўнікаў, якія бяруць першыя класы, сістэме іх работы. Бацькі могуць сустрэцца з педагогамі, пазнаёміцца з імі бліжэй, пагаварыць. Цесны кантакт наладжваецца ўжо на самым пачатку.

У асноўным бацькі імкнуцца напісаць заяву загадзя, аднак бываюць выпадкі, калі нам прыносяць дакументы напярэдадні новага навучальнага года. У сярэднім да ста чалавек па мікрараёне штогод мы павінны прымаць. І гэта нягледзячы на тое, што раён немалады і што за гімназіяй замацаваны толькі адзін дом. Недахопу ў дзецях мы не адчуваем.

— Чым прыцягвае дзяцей і баць­коў ваша ўстанова? Па-ранейшаму яна карыстаецца вялікай папулярнасцю?

— Наша гімназія — гэта ўстанова адукацыі поўнага рабочага дня. Раніцай бацькі прыводзяць дзіця на заняткі, а вечарам забіраюць з групы прадоўжанага дня. Прычым з выкананымі ўрокамі, калі гэта тычыцца 2—4 класаў. У другой палове дня малодшыя школьнікі займаюцца ў спартыўных секцыях, бальнымі і эстраднымі танцамі, наведваюць музычную школу (музычныя заняткі, інструмент, вакал, хор), арганізаваны розныя факультатывы, гурткі. У нашай гімназіі ёсць магчымасць вывучаць як асноўную кітайскую ці англійскую мову, а іншыя мовы можна асвойваць факультатыўна. Бацькам гэта вельмі зручна, ім не даводзіцца вазіць дзяцей у іншыя ўстановы.

Акрамя таго, мы размяшчаемся ў будынку былога дзіцячага садка, у нас не перасякаюцца дзеці малодшага, сярэдняга і старшага звяна. Гэта для малых вельмі зручна. Для навучэнцаў створаны цудоўныя ўмовы: утульныя класныя памяшканні, камфортныя спальні для першакласнікаў, гульнявыя пакоі для старэйшых дзяцей. Для кожнага класа ёсць асобныя гардэробныя і санітарныя пакоі. Гімназія робіць усё неабходнае для захавання і ўмацавання здароўя сваіх навучэнцаў. Дзіцяці падбіраецца парта ў залежнасці ад росту, рассадка ў класе адпавядае медыцынскім паказчыкам. Праблема школьных партфеляў вырашаецца дзякуючы наяўнасці ў кожным класе асобнай гардэробнай з індывідуальнымі шафкамі, дзе можна пакінуць спартыўную форму, зменнае адзенне, абутак, а ў першым класе, калі дзецям не задаюцца дамашнія заданні, яшчэ і падручнікі з сшыткамі. Да такіх спрыяльных умоў варта дадаць яшчэ і творчы калектыў педагогаў, дзе кожны настаўнік — асоба неардынарная, працавітая, якая любіць дзяцей і клапоціцца пра іх фізічнае і псіхічнае здароўе. Нашы вучні радуюць сваімі поспехамі, актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах гімназіі, раёна, горада, рэспублікі. Вучыцца ў нашай установе хочуць многія. У выніку напаўняльнасць класаў вялікая. Пры паступленні ў пачатковую школу мы папярэджваем бацькоў аб гэтай праблеме, і яны пагаджаюцца вучыцца тут.

— А як уплывае размяшчэнне вучняў пачатковых класаў у асобным будынку на адаптацыю дзяцей у пятым класе?

— Не ўплывае, бо сваіх чацвёртакласнікаў мы пераводзім у будынак старшай школы. Увесь апошні год у пачатковых класах дзеці адаптуюцца і да будынка, і да ўмоў старшай школы.

Цікава! Адзін з самых простых (але і самых прыблізных) спосабаў ацэнкі школьнай гатоўнасці — філіпінскі тэст. Неабходна папрасіць дзіця дакрануцца правай рукой да левага вуха, правёўшы руку над галавой. У дарослага гэта не выкліча цяжкасцей, у школьнікаў — таксама, але, аказваецца, не кожнае шасцігадовае дзіця зможа гэта зрабіць. Тэст паказвае ступень морфафункцыянальнай сталасці арганізма, узровень саспявання нервовай сістэмы і здольнасць мозга ўспрымаць і перапрацоўваць інфармацыю.

— Якім павінна быць дзіця, падрыхтаванае да школы?

— Бліжэй да 6 гадоў дзіцяці баць­кі пачынаюць задумвацца пра яго паступленне ў школу: хтосьці спяшаецца аддаць раней, нават да спаўнення шасці гадоў, а хтосьці катэгарычна супраць гэтага. І прычыны розныя: некаторыя аддаюць, бо так зрабілі знаёмыя ці таму, што самі калісьці пайшлі ў школу рана, а хтосьці баіцца, што потым дзіцяці будзе проста нецікава. Момант наступлення псіхалагічнай падрыхтаванасці ў кожнага індывідуальны. Падрыхтоўка дзіцяці да школы — гэта цэлы комплекс ведаў, уменняў і навыкаў, якімі павінен валодаць дашкольнік. Гатоўнасць да школы падраздзяляецца на фізіялагічны, псіхалагічны і пазнавальны аспекты, кожны з якіх уключае ў сябе цэлы шэраг складнікаў. Усе віды гатоўнасці павінны гарманічна спалучацца ў дзіцяці. Калі штосьці не развіта ці развіта не ў поўнай меры, то гэта можа паслужыць праблемам у навучанні, у зносінах з равеснікамі, у засваенні новых ведаў і г.д.

Лічу, што дзіця, падрыхтаванае да школы, — гэта дзіця, у якога ў дашкольным узросце вядучай была гульнявая дзейнасць, а не вучэбная, навязаная бацькамі. Прырода ўсё роўна возьме сваё, і калі бацькі навучылі дзіця чытаць, пісаць, але не далі яму магчымасці нагуляцца, то ў пачатковай школе будуць праблемы. Менавіта ў гульні дзеці вучацца быць ініцыятыўнымі, браць адказнасць, слухаць і чуць іншых, супрацоўнічаць. Дзіця павінна быць псіхалагічна падрыхтавана да школы, быць самастойным, умець абслугоўваць сябе, ведаць правілы паводзін у калектыве і прымяняць іх на практыцы, гэта значыць тое, што закладваецца ўжо ў дашкольнай установе. У апошні час часта сустракаюцца інфантыльныя дзеці, не прывучаныя да самастойнасці, да самаабслугоўвання, бо за іх усё робяць бацькі або бабулі і дзядулі, якія вельмі іх любяць. Пры першых цяжкасцях такія дзеці губляюцца і чакаюць, што ўсе праблемы за іх вырашаць дарослыя, хоць мо­гуць справіцца і самі. Яшчэ адзін важны момант — уменне будаваць адносіны ў калектыве, што таксама закладваецца яшчэ да школы.

Бацькам важна сфарміраваць у дзіцяці пазітыўныя адносіны да школы, але не ідэалізаваць яе. Не варта і пужаць дзіця школай, маўляў, “там усе будуць смяяцца, што ты не хочаш чытаць”, інакш яно адмовіцца ў яе ісці ўвогуле.

— Якія праблемы могуць узнікнуць у першыя месяцы вучобы ў школе, калі дзіця не падрыхтавана да школы?

— Калі дзіця не падрыхтавана псіхалагічна, то яно можа быць плаксівым, вельмі хутка стамляцца, нават эмацыянальна выгараць. Нягледзячы на тое, што ёсць “тихий час” у першых класах, дзіця будзе санлівае, на ўроках яно будзе сядзець пад партай, гуляць з цацкамі, скандаліць: “Не хачу ў школу”. Яно можа гаварыць пра тое, што дрэнна сябе адчувае. І калі дзіця маніпуліруе бацькамі, то знойдзе, што сказаць і як сябе павесці. Безумоўна, маленькаму вучню спатрэбіцца добрае фізічнае здароўе: калі першакласнік два тыдні ходзіць на ўрокі, а потым два тыдні хварэе, яму будзе вельмі складана паспяваць за матэрыялам і інфармацыяй і прывыкаць да новага калектыву.

І яшчэ дзяўчынкі па ўсіх псіхафізіялагічных законах сталеюць раней, чым хлопчыкі. Яны больш сацыяльна адаптыўныя і ўседлівыя. Хлопчыкі сталеюць для дысцыплінарнага школьнага асяроддзя марудней. Ім трэба даўжэй гуляць, чым дзяўчынкам. І калі хлопчыкі не дагулялі, гэта суцэльныя вучэбныя праблемы для самога дзіцяці. І нашы педагогі гэта ўлічваюць.

— У апошні час ва ўстановах арганізоўваюцца курсы па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Ці практыкуюцца такія заняткі ў вас?

— Так, у нашай гімназіі ўжо больш за 10 гадоў працуе школа развіцця “Савяня”, дзе настаўнікі рыхтуюць дзяцей да паступлення ў першы клас. Педагогі займаюцца з дашкольнікамі матэматыкай, музыкай, вывучаюць навакольны свет, вучаць чытаць і развіваюць дробную маторыку рук. Гэтыя курсы запатрабаваны: сёлета іх наведвалі каля 150 дзяцей. Заняткі праводзяцца па суботах у дзве змены. У бацькоў ёсць выбар: хтосьці прыводзіць дзяцей на 9 гадзін раніцы, а хтосьці — на 11.30. Заняткі доўжацца 30 хвілін, што таксама рыхтуе дзяцей да ўседлівасці на ўроках. У школе развіцця працуе пастаянны калектыў педагогаў, што таксама немалаважна.

— Ці праводзіць педагог-псіхолаг гутаркі з патэнцыяльнымі першакласнікамі?

— Спецыяльна пры залічэнні такіх гутарак мы не праводзім. Калі пры падачы заявы ў бацькоў ёсць пэўныя сумненні, пытанні, то мы нікому не адмаўляем у дапамозе і педагог-псіхолаг гімназіі праводзіць кансультацыю. Дзеці, якія ўжо сталі першакласнікамі, першы год знаходзяцца пад асаблівай увагай педагогаў-псіхолагаў, якія вывучаюць іх адаптацыю да вучэбнага працэсу, да новых умоў, пры неабходнасці кансультуюць бацькоў. Тым больш што ў нас у гімназіі працуюць вопытныя спецыялісты.

— Па якіх прычынах бацькам могуць адмовіць у залічэнні дзіцяці?

— Калі медыцынская камісія дапусціла дзіця да навучання з 6 ці 7 гадоў, то ніякіх абмежаванняў не існуе. Адмовіць бацькам могуць толькі ў выпадку адсутнасці свабодных месцаў у пачатковай школе, калі дзіця не пражывае ў мікрараёне, замацаваным за ўстановай.

— Ёсць такое меркаванне, што калі дзіця закончыла школу пры гімназіі, то ў яго больш шансаў паступіць у гэтую гімназію. Гэта сапраўды так?

— Дзе б дзіця ні вучылася (пры гімназіі ці ў звычайнай школе), калі яно паспяховае і ўсё яму лёгка даецца, то праблем з паступленнем не будзе. А каб адаптацыя ў пятым класе прайшла паспяхова, можна навед­ваць курсы падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў. Дарэчы, у нас у гімназіі ёсць такія курсы. Праўда, перавага ў пачатковых класах пры гімназіі ў тым, што настаўнікі мэтанакіравана рыхтуюць дзяцей да паступлення, што не заўсёды робіцца ў звычайнай школе.

— Што робіцца ва ўстанове для таго, каб пераход з дашкольнай установы быў плаўным і менш балючым?

— На гэта накіравана сумесная работа “настаўнік — бацькі”, “настаўнік — педагог-псіхолаг”, “бацькі — педагог-псіхолаг”, а таксама стварэнне камфортных умоў, набліжаных да садаўскіх. У першым класе ёсць курс “Уводзіны ў школьнае жыццё”, які мае вялікае значэнне для адаптацыі дзяцей да школы. І зноў я вяртаюся да асобы настаўніка і лічу, што толькі шчаслівы настаўнік можа зрабіць дзіця шчаслівым, толькі пісьменны падзеліцца сваімі ведамі, толькі таленавіты ўбачыць талент і будзе садзейнічаць яго развіццю.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва педагога.