Трэніроўка перад летнімі паходамі

- 9:40Выхаванне

Рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі, які па традыцыі праводзіўся ў апошнія дні мая, стаў своеасаблівай трэніроўкай перад летнімі паходамі, экскурсіямі, вандроўкамі.

Асноўная мэта тыдня — актывізацыя турыстычна-края­знаўчай і экскурсійнай дзейнасці сярод навучэнцаў, фарміраванне ў іх духоўных і маральных каштоўнасцей, грамадзянскасці і патрыятызму — дасягалася правядзеннем рознатэматычных мерапрыемстваў, адметных у кожным рэгіёне, але аб’яднаных агульнай тэматыкай Года народнага адзінства і 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

На Магілёўшчыне цэнтральным мерапрыемствам стаў абласны турыстычны злёт. Навучэнцы спаборнічалі ў сярэдняй і старэйшай узроставых групах па спартыўным арыентаванні, на турысцкай паласе перашкод, у тэхніцы воднага і веласіпеднага турызму, скалалажанні, камбінаванай эстафеце, а таксама ў конкурсах прадстаўлення каманд, песні, побыту і краязнаўчай віктарыне, прысвечанай 80-годдзю гераічнай абароны Магілёва. Пераможцай злёту стала каманда Кастрычніцкага раёна Магілёва, 2-е месца ў Касцюковіцкага раёна, 3-е — у Горацкага.

Падчас рэспубліканскага тыдня былі вызначаны і прызёры мінскага абласнога трэвел-праекта “Сямейны дыліжанс”. Дарэчы, наша выданне ўжо знаёміла чытачоў з пераможцамі — сям’ёй педагога дадатковай адукацыі Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алесяй Вячаславаўнай Чалевіч. На сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі таксама быў дапоўнены віртуальны даведнік “Экскурсійныя маршруты Міншчыны”. У Чэрвеньскім раёне распрацаваны даведнік рэгіянальных экскурсійных велапаходаў адукацыйнай накіраванасці.

Дапаўняюцца даведнікі адукацыйных маршрутаў і экс­курсій для навучэнцаў і ў Гродзенскай вобласці. Усе ўстановы адукацыі рэгіёна ўдзельнічалі ў турыстычна-экскурсійным конкурсе “Дарогамі ведаў”. На абласны этап конкурсу было прадстаўлена больш за 75 даведнікаў. Найбольш цікавыя распрацаваны ў Шчучынскім, Слонімскім, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Ваўкавыскім, Свіслацкім, Бераставіцкім і Лідскім раёнах.

Каля 250 мерапрыемстваў было праведзена ва ўстановах адукацыі Мінска. Сярод іх фестываль-конкурс “Зямля пад белымі крыламі”, эрудыт-круіз “Краіна мая — Беларусь”, гарадское адкрытае першынство па скалалажанні, круглы стол “Міжнародны дзень музеяў. Віртуальныя магчымасці наведвання экспазіцый”, працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні помнікаў і брацкіх магіл, краязнаўчы брэйн-рынг “Нашы славутыя землякі”, турыстычная гульня “Адкрый Перамогу!” і інш. Таксама былі арганізаваны выставы па тэме Вялікай Айчыннай вайны.

“Сцяжынкамі роднага краю”, “Падарожжа па родных мясцінах”, “Вялікімі крокамі” — так называліся інфармацыйныя гадзіны, якія прайшлі ва ўстановах адукацыі Кармянскага раёна. “Гартаючы летапіс вайны”, “Мой дзед сыходзіў на вайну” — гэта мерапрыемствы Рэчыцкага раёна. Адказы на пытанні “Дзе адпачыць?”, “Як адпачыць?”, “З кім адпачыць?” шукалі навучэнцы Жлобінскага раёна. Акцыі і мерапрыемствы турысцка-краязнаўчай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці прайшлі і ў Гомельскім раёне. Гэта “Агні перамогі ў руках маладых”, “Памятаем”, “За намі будучыня краіны!”.

Запамінальным стаў тыдзень і для навучэнцаў Брэсцкай вобласці. Так, у Ганцавіцкім раёне адбыўся велапаход “Дарогамі Сержпутоўскага”. Навучэнцы Камянецкага раёна праехаліся на сваіх двухколавых сябрах на пагранзаставу “Камянюкі”, а Жабінкаўскага — да 500-гадовага дуба, які расце на тэрыторыі Пятровіцкага лясніцтва. Помнікі археалогіі, гісторыі і архітэктуры вывучалі падчас аднадзённага паходу вучні Столінскага раёна. “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзін­ства” ў рамках аднайменнай акцыі праехаліся навучэнцы Драгічынскага раёна.

І гэта толькі невялікая частка мерапрыемстваў, якія праводзіліся падчас Рэспубліканскага тыдня турызму і края­знаўства для дзяцей і моладзі. Своеасаблівая трэніроўка перад летнімі вандроўкамі прайшла на выдатна. Добрых летніх шляхоў, турысты-краязнаўцы!

Ігар ГРЭЧКА.