Тры пераможцы — на шчасце

- 9:40Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка падвялі вынікі конкурсу на лепшы студэнцкі анлайн-урок, які праходзіў у межах адукацыйнага анлайн-праекта “Будучыя педагогі — дзецям”. Спаборніцтва стала лагічным адказам на неабходнасць правядзення заняткаў у дыстанцыйным фармаце.

Для ўдзелу ў конкурсе было падрыхтавана 38 відэаролікаў. Іх аўтарамі сталі студэнты 1—4 курсаў філалагічнага, гістарычнага, фізіка-матэматычнага факультэтаў, факультэтаў прыродазнаўства, сацыяльна-педагагічных тэхналогій, пачатковай, дашкольнай і эстэтычнай адукацыі, а таксама калектыў маладзёжнага тэлебачання “СтудТБ БДПУ”. Лідарам па колькасці ўрокаў стаў фізіка-матэматычны факультэт (ад падраздзялення прадставілі 16 відэаўрокаў), на 2-м месцы замацаваўся факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (было заяўлена 8 ідэй).

Галоўнай мэтай спаборніцтва стала развіццё прафесійных кампетэнцый студэнтаў і ўмення выкарыстоўваць у вучэбным працэсе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Для арганізацыйнага камітэта было важна, каб моладзь разумела значнасць  падрыхтаваных работ, каб студэнты атрымалі зваротную сувязь у выглядзе кампетэнтнага разбору іх відэазаняткаў з навукова-метадычнага боку.

На разгляд журы праекты былі прадстаўлены па трох напрамках: прадметы матэматычнага і прыродазнаўчага цыкла, прадметы гуманітарнага напрамку, а таксама дысцыпліны эстэтычнага, здароўе­зберагальнага і тэхналагічнага кірунку. Работы павінны былі закранаць такія аспекты, як спосабы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, матывацыя навукова-даследчай дзейнасці вучняў, пераадольванне цяжкасцей, якія могуць узнікнуць у навучэнцаў пры рабоце з тэмай, і інш. Пасля падрыхтоўкі відэаролікаў моладзь абмяркоўвала іх са сваімі навуковымі кіраўнікамі: гэта робіцца для таго, каб студэнт быў перакананы ва ўсебаковай пісьменнасці і дакладнасці выкладаемага матэрыялу, а вучні атрымлівалі толькі правераны, якасны адукацыйны кантэнт.

Конкурс прайшоў у два этапы. На першым камісія выкладчыкаў і навукоўцаў па кожным напрамку вызначыла некалькі лідараў, якія прайшлі ў фінал (маладыя людзі набралі больш за 190 балаў з 225 магчымых). Студэнты прапанавалі сваё бачанне заняткаў па беларускай, англійскай, кітайскай мовах, беларускай літаратуры, хіміі, матэматыцы, астраноміі, сусветнай гісторыі, інфарматыцы і выяўленчым мастацтве. На другім этапе работы 6 фіналістаў ацэньвала журы ў складзе 14 чалавек.

Па словах арганізатараў, пасля адборачнага этапу лідары амаль не змяніліся. Так, фіналістамі сталі Данііл Рэбкавец, Кацярына Звяжынская, Аляксандра Хваль (фізіка-матэматычны факультэт), Настасся Багданчык (гістарычны факультэт), Ксенія Іванец (факультэт эстэтычнай адукацыі) і Кірыл Стальмакоў (факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій). Пераможцам конкурсу стаў чацвёртакурснік Данііл Рэбкавец з работай “Кадзіраванне графікі, гука і відэа”. На другой прыступцы апынулася чацвёртакурсніца Настасся Багданчык (урок “Сусветны эканамічны крызіс і краіны Захаду”). Трэцяе месца — у трэцякурсніцы Кацярыны Звяжынскай, якая раскрыла тэму “Плошча трапецыі”.

Усе напрацоўкі маладых людзей знаходзяцца ў адкрытым доступе на YouTube-канале БДПУ (у раздзеле “Будучыя педагогі — дзецям”). Яны могуць быць карыснымі як для вучняў, так і для іх бацькоў і проста зацікаўленых людзей.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ.