Лета — самая добрая пара для актыўнага адпачынку дзяцей і дарослых. Выхаванцы нашага дзіцячага сада прынялі ўдзел у веламарафоне “Да разбітага каменю” ў рамках кубка Гродзенскай вобласці па маўцінбайку “Тры вярсты”.
Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступала дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне “Клуб веласіпеднага спорту і турызму “Веласлонім”. У праграме быў велакрос для дарослых да “Разбітага каменю”. А вось праграму для маленькіх удзельнікаў арганізавалі педагогі-валанцёры ясляў-сада № 5 Слоніма: настаўнікі-дэфектолагі Марына Кавалёва і Наталля Алтынава, выхавальнікі дашкольнай адукацыі Вольга Залаткоўская і Аксана Хвядук, кіраўнік фізічнага выхавання Яўгенія Плаўская. Яны арганізавалі гульнявыя пляцоўкі, дзіцячы боўлінг, анімацыі з аэрадызайнам — мадэляванне з паветраных шароў, аквагрым. А сустракаў дзяцей хамячок, якога можна было ўзяць у рукі.
Самыя маленькія ўдзельнікі на трасе былі разам з бацькамі. Вельмі прыемна, што першым да фінішу прыйшоў выхаванец нашага дзіцячага сада Ігар Цяплінскі.
Тамара БЕЛУШ,
загадчык ясляў-сада № 5 Слоніма.