Трымайся, не здавайся, кулямётчык Ціхун!

- 11:25Нам пішуць

72 гады мінула з дня заканчэння самай жорсткай і кровапралітнай вайны. Але чалавек і яго подзвігі жывыя, пакуль жыве памяць пра іх. Мы памятаем і любім вас, родныя нашы!

Навучэнцы ясляў-сада — сярэдняй школы Луцкаўлян шэфствуюць над ветэранамі і іх сем’ямі. Каля мясцовага музея з сімвалічнай назвай “Памяць” стаіць памятны знак, пастаўлены ў 2010 годзе ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі. Ветэранамі тады былі высаджаны вечназялёныя туі, а побач былі ўсталяваны зоркі з прозвішчамі тых, хто дажыў да гэтай даты. Ветэранаў, нашых землякоў, тады было 9.

Да 70-годдзя Перамогі жывы застаўся толькі адзін Канстанцін Кліменцьевіч Ціхун. Жыве ён, на шчасце, і цяпер (яму 93 гады), але не ў родных Рагачах (Гродзенскі раён), а ў Гродне ў дачкі. Напярэдадні свята да ветэрана накіравалася з кветкамі, падарункамі і добрымі словамі наша дэлегацыя, якая складалася з кіраўніцтва СВК імя Дзяньшчыкова, настаўнікаў і навучэнцаў школы Луцкаўлян. У гэтым складзе мы ездзілі з віншаваннямі і ў мінулым годзе, але тады бралі яшчэ і баян, і Канстанцін Кліменцьевіч папрасіў сыграць “Кацюшу”. Ён спяваў разам з намі і каханай жонкай Марыяй Мікалаеўнай. Сёлета баян мы ўжо не бралі, бо памерла жонка ветэрана, але радасць ад сустрэчы была вялікай. Мы памятаем і любім ветэранаў — і гэта радуе іх.

Успамінаць цяжка — забываць нельга. І Канстанцін Кліменцьевіч успамінае, як у 1944 годзе дваццацігадовым добраахвотнікам пайшоў на фронт. Здарылася так, што ў танку загінуў кулямётчык. І тады стралок Ціхун адправіўся яму на замену, не пасароміўшы сваё стралковае аддзяленне. У адным з баёў пад Кёнігсбергам адразу і не заўважыў, як па твары пацяклі струменьчыкі крыві. Раненне аказалася сур’ёзным: куля прайшла праз твар і плячо. Так Канстанцін Кліменцьевіч апынуўся ў шпіталі.

Пасля вяртання ў строй разам з войскамі дайшоў да Гамбурга, фарсіраваў Одэр, дзе і сустрэў дзень перамогі. Быў узнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам “Чырвонай Зоркі”.

Жыццё вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю перажытага. Шмат прыйшлося перажыць ветэрану на сваім вяку. Паўстагоддзя адпрацаваў у калгасе. Як і на вайне, у мірны час не шкадаваў сябе. Да баявых узнагарод дадаліся атрыманыя за доблесную працу ў пасляваенныя гады. Шмат разоў ветэран быў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. У 1979 годзе яму быў уручаны медаль ВДНГ СССР, а ў 1985 годзе, у 40-гадовы юбілей Вялікай Перамогі, Канстанціну Ціхуну было прысвоена званне “Майстар — залатыя рукі” і ўручаны дыплом.

Узнагароджваўся ён літаральна штогод, таму калі ў калгасе імя Дзяньшчыкова вырашалі, каго прылічыць да заслужаных калгаснікаў, то за Канстанціна Кліменцьевіча і яго жонку, даярку, выказаліся аднагалосна.

…Плакаў, расчуліўся немалады чалавек. Ціхай радасцю свяціліся яго вочы ад сустрэчы з намі, з тымі, хто яго памятае і любіць. Плакалі разам з ім і мы, сумуючы аб тых, хто не вярнуўся з вайны.

Каб сёння захаваць мір, трэба памятаць урокі гісторыі. А вы, Канстанцін Кліменцьевіч, яе жывое ўвасабленне. І хоць цяпер салдату Вялікай Айчыннай цяжка падняцца па прыступках дадому на чацвёрты паверх, хочацца пажадаць: трымайся, не здавайся, кулямётчык Ціхун!

Алена КОЗЫРАВА,
кіраўнік музея.