Трымайцеся: моладзь кіруе!

- 12:00Міншчына, Прэс-тур

Жодзіна сустрэла нашу дэлегацыю не толькі сонечным надвор’ем, але і… аркестрам на ўваходзе ў сярэднюю школу № 5. Музычную накіраванасць школы падтрымлівала літаральна ўсё — пачынаючы ад эмблемы навучальнай установы і заканчваючы прэзентацыяй дзейнасці педагогаў і навучэнцаў факультатыўных заняткаў музычнай накіраванасці. Гісторыя навучальнай установы сапраўды заслугоўвае асаблівай увагі, але не меншай увагі заслугоўвае і школьнае вучнёўскае самакіраванне, арганізаванае тут на найвышэйшым узроўні. Менавіта таму асобнай часткай нашага візіту ў гэтую школу стала наведванне заняткаў для лідараў, дзе адбылася прэзентацыя дзейнасці Жодзінскага гарадскога парламента школьнага самакіравання.

Ініцыятыўныя рашэнні

Сяброўская сустрэча гарадскога парламента і лідараў самакіравання школы № 5 прайшла пад назвай “Ініцыятыва. Справа. Вынік” і была прымеркавана да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пачалася сустрэча са знаёмства з дзейнасцю Жодзінскага гарадскога парламента школьнага самакіравання, які, дарэчы, быў створаны ў верасні 2013 года пры гарадскім Савеце дэпутатаў падчас рэалізацыі ініцыятывы Міжнароднага дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Парламент, у які ўваходзяць 18 старшакласнікаў-актывістаў з устаноў адукацыі горада і прадстаўнікоў разнастайных грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў, сёння ўзначальваюць старшыня Аляксей Лытня і яго намеснік Аляксей Вансовіч.

Як паведамілі юныя лідары, маладзёжны парламент дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве не толькі з Жодзінскім гарвыканкамам, з гарадскім Саветам дэпутатаў, з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, але і з работнікамі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Менавіта дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву, з верасня 2014 года ўсе пасяджэнні парламента праходзяць на базе бібліятэкі.

Школьнікі неаднойчы станавіліся ініцыятарамі і ўдзельнікамі гарадскіх мерапрыемстваў, абласных і міжнародных семінараў і форумаў, пералічваць якія можна доўга. Да таго ж юныя парламентарыі з’яўляюцца частымі гасцямі на пасяджэннях Жодзінскага гарвыканкама і Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама на пасяджэннях гарадскога метадычнага аб’яднання педагогаў-арганізатараў “Выбар”.

Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты распрацоўваюць і рэалізоўваюць шмат сацыяльных праектаў. Сярод іх — праект, накіраваны на прафілактыку гандлю людзьмі “Час думаць, час выбіраць”, пры падтрымцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. А з 2013 года парламент таксама рэалізоўвае доўгатэрміновы праект “Захоўвай цяпло роднага ачага”, у якім закранаецца праблема сямейнай нядобранадзейнасці, але ў той жа час прапагандуецца вопыт шчаслівых сем’яў. Дарэчы, гэты праект заняў другое месца на конкурсе маладзёжных сацыяльных праектаў у маі 2014 года. Асобным пунктам для гарадскога маладзёжнага парламента з’яўляецца добраўпарадкаванне родных мясцін, таму невыпадкова з’явіўся і праект “Зробім Жодзіна лепшым!”, накіраваны на добраўпарадкаванне Багуслаў Поля. Праект падтрымаў не толькі Савет дэпутатаў, але і аддзел адукацыі, спорту і турызму, а таксама гарадскі камітэт БРСМ. Як запэўнілі парламентарыі, падчас яго рэалізацыі плануецца стварэнне плошчы ў гонар заснавальніка горада Багуслава Радзівіла па праекце юных архітэктараў школы № 8.

Дзейнасць маладзёжнага парламента Жодзіна адзначана не толькі ў горадзе, але і ў краіне, а яго кіраўнік Тамара Аляксандраўна Казак (дарэчы, яна была і вядучай сустрэчы) у маі 2015 года была ўзнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі за актыўны ўдзел у XVI рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, а таксама прымала ўдзел у Рэспубліканскім форуме спецыялістаў у сферы работы з моладдзю.

Напрыканцы выступлення юныя прадстаўнікі Жодзінскага маладзёжнага парламента прадэманстравалі невялікі відэафільм “Маладзёжныя ініцыятывы ў імя міру”, спецыяльна падрыхтаваны да Х Нацыянальнага дзіцячага форуму “Дзеці Беларусі — за мір і ўзаемаразуменне”, які сёлета прайшоў у Мінску. У фільме юныя лідары падрабязна расказалі аб гісторыі маладога горада і сваіх дзіцячых ініцыятывах у ім.

Законы самакіравання ў школе № 5

Аб дзейнасці органаў вучнёўскага самакіравання ў школе № 5 Жодзіна расказаў Артур Ілюхін, які з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ і БРПА, а таксама членам школьнага самакіравання. Ён пазнаёміў гасцей сустрэчы з кірункамі дзейнасці, а таксама расказаў аб канкрэтных справах. Крыху дзіўна, але абсалютна апраўдана было пачуць першай, а значыць, самай важнай справай самакіравання арганізацыю самаабслугоўвання навучэнцаў, дзяжурства і падтрыманне дысцыпліны і парадку. Артур растлумачыў, што ў кожнага вучня свае абавязкі: падтрыманне парадку ў класе, на прышкольнай тэрыторыі, дзяжурства ў сталовай і па школе.

“Зразумела, мы не толькі вучымся і працуем, але і актыўна выкарыстоўваем свой вольны час (гэта спорт, танцы, КВЗ, тэатральныя пастаноўкі і іншае). Да таго ж “старэйшыя — малышам” — адзін з самых важных кірункаў нашай дзейнасці. Штогод для навучэнцаў малодшых класаў мы праводзім мерапрыемствы і акцыі: “Пасвячэнне ў першаклашкі”, агітбрыгада па правілах дарожнага руху, навагоднія выступленні, “Дзень абдымкаў” і іншыя”, — паведаміў Артур.

Асобная ўвага ўдзяляецца ў школе дабрачыннасці. Штогадовай стала акцыя “Няма чужых дзяцей”, падчас якой сабраныя вучнямі рэчы і кнігі накіроўваюцца ў Жодзінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр. Напярэдадні Новага года школьнікі арганізоўваюць у дзіцячым аддзяленні гарадской бальніцы паказ з падарункамі “Цуды на Каляды”.

“Штогод падчас летніх канікул 5 гадоў запар для актыву праводзіцца выязны турыстычны лагер, дзе таксама дзейнічаюць законы самакіравання, таму што арганізоўваць вольны час, падтрымліваць парадак і нават гатаваць ежу даводзіцца самастойна. Гэта добрая школа выжывання і трэніроўка лідарскіх якасцей”, — заўважае Артур Ілюхін.

Паколькі аснову самакіравання школы складаюць актывісты БРСМ, юнак расказаў і аб традыцыйных мерапрыемствах гэтай арганізацыі, а таксама пазнаёміў прысутных з газетай “Чатыры чвэрці”, у стварэнні якой таксама ўдзельнічаюць лідары. Ён таксама падкрэсліў, што дзейнасць маладзёжных арганізацый і самакіравання школы дае магчымасць школьнікам рэалізаваць свой творчы патэнцыял і развівае арганізатарскія здольнасці і лідарскія якасці, якія, безумоўна, спатрэбяцца ў жыцці.

“Доўга не думаць! Пайшлі!”

Другую, практычную, частку сустрэчы — заняткі па развіцці лідарскіх якасцей — правяла педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 5 Алена Віленаўна Булаўская. Юнакоў і дзяўчат, якія сядзелі за адным вялікім сталом, падзялілі на дзве групы. Кожная каманда атрымлівала, шукала ў незвычайных месцах заданні, на якія трэба было аператыўна даць разгорнуты адказ. А як жа інакш?! Перад намі — лідары.

“Налева — 4 крокі, налева — 3 крокі… Доўга не думаць! Пайшлі!” — менавіта ў такім рытме шукалі заданні хлопчыкі і дзяўчынкі. А потым… А потым за хвіліну выдавалі проста фантан ідэй у адказ на свае заданні, якія ў першую чаргу тычыліся запланавай тэмы — аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заданні патрабавалі канкрэтных і хуткіх рашэнняў. Вось, дарэчы, адно з іх: “Вы ў складзе рабочай групы па планаванні мерапрыемстваў, якія пройдуць у рамках 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Якія мерапрыемствы вы прапанавалі б уключыць у гэты план і чаму?” Ці яшчэ: “Вы старшыня Жодзінскага райвыканкама і даўно звярнулі ўвагу на тое, што неахайныя надпісы на будынках псуюць эстэтычны выгляд горада. Якое рашэнне ў барацьбе з гэтай негатыўнай з’явай вы прымеце?” Як бачыце, тут трэба добра паразважаць. Але яны, зусім юныя хлопцы і дзяўчаты, знайшлі мноства варыянтаў для вырашэння кожнай з гэтых задач. Ім сапраўды было што сказаць, над чым паразважаць і з чаго пасмяяцца.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся рэфлексіўны момант, калі ўдзельнікі змаглі скласці з атрыманых літар словы “Чарнобыльская катастрофа”, расказаць аб якасцях сапраўднага лідара, а таксама зрабіць суседу псіхалагічны падарунак — кавалак сваёй самай адметнай рысы характару, назваўшы яе.

Што і казаць, уразілі. Шэрагам ініцыятыў, ідэй, нястрыманай актыўнасцю і, напэўна, сваёй маладой яскравай жыццярадаснасцю. Хочацца толькі пажадаць юнакам і дзяўчатам: так трымацца і трымаць у тонусе свой любімы горад!

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.