Трымаць высокую планку

- 10:57Планёрка ў рэгіёне

“У Старобіне Салігорскага раёна за кошт сродкаў раённага бюджэту завершана рэканструкцыя і рамонт будынка ясляў-сада № 2 на 120 месцаў, які расчыніў свае дзверы ў жніўні, — падзяліўся навіной начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Салігорскага райвыканкама Ігар Аляксандравіч ЦЫБУЛЬКА. — А ў кастрычніку пачне працаваць STEM-клас у сярэдняй школе № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова”.

— Якія самыя значныя дасягненні ў сістэме адукацыі раёна вы можаце адзначыць за апошнія гады?

— Стабільным застаецца ўдзел высокаматываваных вучняў у разнастайных конкурсных мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў: у 2018/2019 навучальным годзе 758 перамог міжнароднага ўзроўню, 337 — рэспубліканскага ўзроўню, 230 перамог абласнога ўзроўню. 12 дыпломаў заваявана на рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных і даследчых канферэнцыях, 10 дыпломаў — на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Па выніках 2018/2019 навучальнага года 13 навучэнцаў заахвочаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Каманда раённага Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі трынаццаты раз стала чэмпіёнам Рэспубліканскай спартакіяды “ТэхнаСпорт” па трасавым мадэлізме. Двухразовай чэмпіёнкай свету ў першынстве па пажарна-ратавальным спорце сярод дзяўчат-юніёрак (Варна, Балгарыя; Саратаў, Расія) стала Валерыя Фурык. Званне пераможцы абласнога конкурсу “Вучань года — 2018” прысвоена Настассі Рабавай, вучаніцы 10 класа гімназіі № 3 Салігорска. Максімальныя 100 балаў на ЦТ набралі чатыры выпускнікі раёна па беларускай мове, рускай мове, гісторыі Беларусі. Білінгвістычная франкафонная секцыя гімназіі № 1 Салігорска ўдастоена знака адзнакі Міністэрства адукацыі Францыі Label France Education. Такі знак прысвойваецца міністрам замежных спраў Францыі ўстановам адукацыі, якія прадстаўляюць за межамі краіны на аснове ўласнай нацыянальнай адукацыі двухмоўнае франкафоннае навучанне.

— Як развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі?

— Установы агульнай сярэдняй адукацыі раёна на працягу 3 гадоў рэалізоўвалі пілотны праект па нарматыўным фінансаванні ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі. Гэта дазволіла эфектыўна выкарыстоўваць выдзеленыя сродкі для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аснашчанасць устаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання адпаведна пераліку складае 89,1%. Доля ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, аснашчаных сучаснымі сродкамі навучання, — 50%. Для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі з 01.09.2018 па 01.09.2019 набыта 374 адзінкі камп’ютарнай тэхнікі, 70 адзінак тэлевізараў, 8769 адзінак спартыўнага інвентару, 3047 адзінак мэблі, 448 адзінак вучэбнага абсталявання, 45 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання; посуду, інвентару і дапаможнага абсталявання (вагі, воданагравальнікі, сантэхнічнае абсталяванне) — 6775 адзінак.

— Як наладжана работа па арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў?

— Рэалізацыя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ва ўстановах адукацыі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” накіравана на атрыманне навучэнцамі навыкаў па рабочых прафесіях. У бягучым навучальным годзе вучні 11-х класаў па выніках навучання і вытворчай практыкі будуць мець магчымасць здаць кваліфікацыйны экзамен на атрыманне пасведчання з прысваеннем разраду па 8 рабочых прафесіях: швачка, сталяр, сакратар, аператар ЭВМ, цясляр, садавод, справавод, слесар-сантэхнік. Працягваецца супрацоўніцтва сямі ўстаноў з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі нашай краіны. Для 930 вучняў (64,3%) III ступені арганізавана профільнае навучанне. Функцыянуюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці — 10 груп (51 навучэнец). У 2019 годзе 6 выпускнікоў з 24 профільных педагагічных класаў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці. Функцыянуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці — 4 групы (20 вучняў), ваенна-патрыятычнай накіраванасці — 2 групы (12 вучняў).

— Як ідуць справы з арганізацыяй платных адукацыйных паслуг?

— Спектр і колькасць адукацыйных паслуг звышбазавага кампанента маюць станоўчую дынаміку на працягу апошніх гадоў. Ва ўстановах сярэдняй адукацыі карыстаюцца попытам заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы, па падрыхтоўцы да ЦТ, заняткі па развіцці творчых здольнасцей і схільнасцей (выяўленчае мастацтва, харэаграфія, вакал). Становяцца запатрабаванымі заняткі па вывучэнні другой замежнай мовы, па праграмаванні, логіцы. Найбольш папулярныя сярод выхаванцаў дашкольных устаноў гурткі па выяўленчай дзейнасці, харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, спартыўнага кірунку.

— Раскажыце, калі ласка, аб новых формах дашкольнай адукацыі.

— У раёне пражывае каля 12 500 дзяцей ва ўзросце ад 0 да 6 гадоў. На працягу пяці апошніх гадоў назіраецца рост колькасці выхаванцаў у дашкольных установах. Пры гэтым выкананы нарматыў забяспечанасці месцамі выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна на ўзроўні 102,8%, ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту дашкольнай адукацыяй стапрацэнтны. Назіраецца станоўчая дынаміка ў развіцці новых форм дашкольнай адукацыі, у стварэнні груп па інтарэсах, у зніжэнні паказчыка захворванняў, у навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу. У 2018 годзе ў раёне функцыянавала 89 новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у гэтым навучальным годзе іх ужо 93. Найбольш папулярныя такія формы, як адаптацыйная група, дзяжурная група (ранішняга/вячэрняга знаходжання), матчына школа, у сельскай мясцовасці вельмі папулярныя прагулачныя групы і сезонныя пляцоўкі.

— Якія інклюзіўныя праекты рэалізуюцца ў раёне?

— Педагогі Салігорскага раённага ЦКРНіР працягваюць рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. Праект “Інклюзія праз тэатралізаваную дзейнасць “Укараненне адаптыўнай мадэлі сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах дзіцяча-дарослай агульнасці сродкамі мастацка-камунікатыўнай дзейнасці”, над якім працуюць у гімназіі № 3 Салігорска, дазволіў стварыць інклюзіўны тэатр “Казка побач”, ролі ў якім выконваюць выхаванцы ЦКРНіР і валанцёры. У сярэдняй школе № 1 Салігорска ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць “Апрабацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР”, у рамках якой адкрыты класы сумеснага навучання.

У XIV Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Жулдызай” для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі (Казахстан, май 2019 год) выхаванец ЦКРНіР Арцём Шулякоўскі прымаў удзел у намінацыі “Вакал”, у намінацыі “Самы артыстычны” стаў дыпламантам і атрымаў зорку “Жулдызай 2019”. Выхаванцы ЦКРНіР Аляксандра Мастовіч і Фёдар Новік атрымалі дыпломы ІІІ ступені абласнога этапу Міжнароднага конкурсу “Я малюю Пецярбург”. Вольга Мастовіч, навучэнка спецыяльнага 9 класа раённага ЦКРНіР, атрымала дыпломы І ступені ў намінацыях “Лепшае прадстаўленне сваёй краіны”, “Творчае майстэрства” на І культурна-адукацыйным форуме для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і дарослых “СНД — наша вялікая сям’я” (Ленінградская вобласць).

Надзея ЦЕРАХАВА.