Трыумф хімікаў і біёлагаў

- 11:49Адукацыйная прастора

Часам адказнай працы сталі вясновыя канікулы для 241 удзельніка заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Хімія” і “Біялогія”. У 2018 годзе лепшых знаўцаў гэтых прадметаў з усіх абласцей краіны, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прымаў Гродна.

Дзень першы. Вітальны

Урачыстае адкрыццё алімпіяды адбылося ў Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікаў алімпіяды, настаўнікаў, кіраўнікоў каманд віталі галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Аляксандраўна Аляксеева, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін.

З натхняльнымі словамі пажадння поспехаў звярнуліся да юных талентаў старшыня журы па вучэбным прадмеце “Хімія” загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк і старшыня журы па вучэбным прадмеце “Біялогія” дацэнт кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта БДУ Аксана Львоўна Несцерава.

Аляксандр Генрыхавіч Сонгін сказаў, што цікава было б сустрэцца з удзельнікамі гэтай алімпіяды праз 15—20 гадоў і даведацца, колькі з іх сталі кандыдатамі навук, які ўклад унеслі ў развіццё нашай краіны, і пажадаў, каб алімпіяда стала для іх светам адкрыццяў і новых цікавых сустрэч.

Дзень другі. Тэарэтычны

Тэарэтычны тур быў арганізаваны ў гімназіі № 2 Гродна.

Як адзначыла старшыня журы па прадмеце “Біялогія” А.Л.Несцерава, у гэтым годзе заданні тэарэтычнага тура былі складанымі і выходзілі за межы школьнай праграмы, а з прапанаваных чатырох варыянтаў адказаў тэста правільнымі маглі быць усе чатыры.

У тэарэтычным туры па біялогіі навучэнцам 9 класаў трэба было адказаць на 60 пытанняў, навучэнцам 10 класаў — на 70 пытанняў, 11 класаў — на 75 пытанняў, у залежнасці ад класа, па батаніцы, заалогіі, малекулярнай біялогіі і біяхіміі, мікрабіялогіі.

У гэтым навучальным годзе тэсты правяраліся з дапамогай камп’ютарнай праграмы. Алімпіяднікам трэба было дакладна заштрыхаваць кружок насупраць правільнага адказу, які ў далейшым сканіраваўся камп’ютарам. Як адзначыла Аксана Львоўна, эксперымент аказаўся паспяховым. І дзеці, і камп’ютар з задачай справіліся. І хоць зашыфраваныя работы было вырашана праверыць дадаткова членамі журы, разыходжанняў не было.

Тэарэтычны тур па прадмеце “Хімія” — гэта 20 тэстаў і 5 задач для ўсіх класаў.

Дзень трэці. Практычны

Практычны тур праходзіў у сярэдняй школе № 23 Гродна.

І на тэарэтычным, і на практычным турах у навучальных установах падтрымліваўся строгі кантроль, але біёлагі ў гэты дзень маглі хадзіць па школе. Справа ў тым, што за час практычнага тура ўдзельнікі павінны былі выканаць работы ў трох розных кабінетах — працаваць з розным абсталяваннем, рыхтаваць прэпараты, рабіць замалёўкі.

Хімікам-дзевяцікласнікам у практычным туры трэба было правесці якасны аналіз неарганічных рэчаваў. У гэтым годзе даследавалі цвёрдыя рэчывы (у мінулыя гады — часцей растворы). На гэта ім адзводзілася тры гадзіны. Як расказаў Віктар Мікалаевіч Хвалюк, чалавек часцей сустракаецца ў жыцці менавіта з цвёрдымі рэчывамі, даследаваць іх больш складана. Дзесяцікласнікі за чатыры гадзіны павінны былі правесці колькасны аналіз мінеральнай вады, а адзінаццікласнікі за такі ж час — выявіць колькасць наяўнасці жалеза ў растворы.

Дзень чацвёрты. Разборны

Да гэтага дня члены журы, кіраўнікі каманд, настаўнікі рыхтуюцца не менш адказна, чым да двух алімпіядных тураў. “Разбор палётаў” — гэта больш экзамен для дарослых. Да гэтага яны бачылі алімпіяднікаў праз зашыфраваную работу, у гэты ж дзень ідзе размова вочы ў вочы.

— Часам разгортваецца сапраўдная навуковая дыскусія, удзельнікі алімпіяд могуць даказваць, што іх варыянт адказу мае права на існаванне, — гаворыць член журы алімпіяды па хіміі, доктар хімічных навук, прафесар кафедры хіміі і біятэхналогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Васілій Мікалаевіч Бурдзь. — Гэта вельмі цікавая работа, радуешся, калі бачыш такіх дапытлівых і разумных маладых людзей.

Дарэчы, членамі журы былі як прафесары, так і студэнты і магістранты, якія самі некалькі гадоў назад былі ўдзельнікамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Гэта стварае пераемнасць у рабоце журы.

Дзень пяты. Падагульняючы

Завяршыліся чатыры дні напружанай працы. Гэтыя дні былі напоўнены і радасцю новых адкрыццяў, пераадоленнем, сустрэчамі з аднадумцамі, задавальненнем ад зробленага. Увесь спектр эмоцый можна было назіраць у гэты час у зале Палаца творчасці: і як радасна віталі адно аднаго ўдзельнікі алімпіяды — паспелі пазнаёміцца і пасябраваць, бо разам праводзілі вольны час на экскурсіях, у тэатры, заапарку, і як хваляваліся ў чаканні абвяшчэння вынікаў — а тут былі і слёзы радасці і перажыванняў, і як абдымалі сваіх настаўнікаў, а настаўнікі — вучняў, і як узнімаліся цэлымі дэлегацыям, калі абвяшчалі імя земляка-пераможцы. Спаборніцтва, афарбаванае сяброўствам, вызначала агульны настрой завяршэння заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

І вось самы хвалюючы момант. Падзячныя водгукі па выніках алімпіяды па хіміі ўручае прарэктар па вучэбнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Генадзь Аляксеевіч Гачко. А яшчэ Генадзь Аляксеевіч ад імя рэктара ўніверсітэта ўручае падарункі ўдзельнікам і выпускнікам школы дакладных навук ГрДУ, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе.

— Дзякуй, што вы такія ў нас ёсць! — гаворыць Генадзь Аляксеевіч.

Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віктар Іванавіч Паплеўка, уручыўшы пахвальныя водгукі ўдзельнікам алімпіяды па біялогіі, таксама зрабіў падарунак, якім можна будзе скарыстацца пазней. Па рашэнні савета ўніверсітэта ўсе ўдзельнікі, адзначаныя дыпломамі алімпіяды, пры паступленні ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт атрымаюць 30-працэнтную надбаўку да стыпендыі.

Дыпломы ІІІ ступені ўручылі Віктар Мікалаевіч Хвалюк і Аксана Львоўна Несцерава.

— Вы ўсе дайшлі ад старту да фінішу алімпіяды, праявілі характар і добрыя веды. У вас наперадзе цэлае жыццё, а сёння вы атрымалі бясцэнны вопыт, у тым ліку і вопыт умення прайграваць, а значыць, рабіць вывады і ісці далей, — сказаў В.М.Хвалюк.

А.Л.Несцерава цёпла павіншавала дзяцей і падзякавала гродзенцам за гасціннасць і добрую арганізацыю работы.

— Цікава было ўбачыць арыгінальнасць вашага мыслення, — так павіншаваў дыпламантаў ІІ ступені член журы, загадчык кафедры нармальнай фізіялогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прафесар Віктар Уладзіміравіч Зінчук і ўручыў дыпломы ІІ ступені.

— Добры дзень, гонар нацыі! — звярнуўся да ўдзельнікаў алімпіяды на яе ўрачыстым закрыцці начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін. Аляксандр Генрыхавіч падзякаваў педагогам і бацькам лепшых вучняў краіны за іх выхаванне, членам журы — за адказную работу.

І сапраўды ёсць чым ганарыцца дыпламантам І ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Яны паказалі самыя высокія вынікі, да якіх ішлі не адзін год вучобы. Для многіх з іх работа па вывучэнні самых любімых прадметаў не заканчваецца — адабраны кандыдаты для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах.

Аляксандр Генрыхавіч уручыў спецыяльны прыз галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама навучэнцы лідскай сярэдняй школы № 1 Валерыі Пранюк і навучэнцы Азёрскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Валянціне Цімошка.

А потым на сцэну выклікалі вучаніцу негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна Лізавету Крайневу і вучня Церашкоўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Дзмітрыя Ільюшанка. Аляксандра Аляксандраўна Аляксеева ўручыла ім спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Хімія” і “Біялогія” лепшыя вынікі паказалі навучэнцы Мінска. Яны заваявалі 13 дыпломаў па біялогіі і 11 дыпломаў па хіміі. Лепшыя вынікі сярод рэгіёнаў — у Гродзенскай вобласці. Гродзенцы, як і навучэнцы Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заваявалі па тры дыпломы І ступені па кожным прадмеце. Усяго ў прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці — 19 дыпломаў, у навучэнцаў ліцэя — 17 дыпломаў.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія” ўзнагароджаны:

Арцём Баярскі, Гродзенская гарадская гімназія;

Вікторыя Еўстафьева, гімназія № 29 Мінска;

Юлія Тулуп, гімназія № 39 Мінска;

Яўген Маліч, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Дзяніс Новаш, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Настасся Шаляпіна, гімназія № 1 Ваўкавыска;

Паліна Булаўская, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Андрэй Злобін, Гродзенская гарадская гімназія;

Уладзімір Кундзер, гімназія № 29 Мінска.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія” ўзнагароджаны:

Валерыя Пранюк, сярэдняя школа № 1 Ліды;

Лізавета Лецка, сярэдняя школа № 9 Магілёва;

Настасся Клебека, гімназія № 1 Іўя;

Антон Кацуба, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Дар’я Пісецкая, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Кацярына Камінская, гімназія № 10 Мінска;

Максім Касцоў, сярэдняя школа № 13 Гродна;

Яна Барысовіч, гімназія № 37 Мінска;

Ксенія Пацеева, Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Любоў Бельская, сярэдняя школа № 15 Магілёва.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.