Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, уручыў работнікам беларускіх адукацыйных устаноў калядныя педагагічныя прэміі Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла.
За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, стараннае служэнне царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі каляднай прэміі ўдастоены намеснік Свята-Раства-Багародзічнага мужчынскага манастыра ў вёсцы Юравічы, старшыня аддзела адукацыі, катэхізацыі і місіянерскай работы Тураўскай епархіі БПЦ, ігумен Аўксенцій (Абражэй), а таксама начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Захожая.
Акрамя таго, мітрапаліт Павел у адпаведнасці з указам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў азнаменаванне 100-годдзя аднаўлення патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве ўзнагародзіў юбілейным медалём РПЦ прарэктара па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі Белдзяржуніверсітэта Ірыну Латушка.
Паводле слоў мітрапаліта, царква заўсёды надавала працэсу адукацыі асаблівую важнасць. “Слова “образование” паходзіць ад слова “образ”. Чалавек створаны па вобразе Божым і па падабенстве. Задача нашых выкладчыкаў, асабліва багаслоўскіх школ, заключаецца ў тым, каб дапамагчы маладым людзям знайсці гэты вобраз Божы, які закладзены ў кожным з нас. Толькі тады адносіны паміж людзьмі ў корані зменяцца, тады ў нас будуць праяўляцца добрыя хрысціянскія якасці”, — сказаў ён.
Калядны вечар, арганізаваны Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ і Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла”, прайшоў у Белдзяржфілармоніі. Гасцямі мерапрыемства сталі кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў і УВА Беларусі, супрацоўнікі дыпламатычнага корпуса, а таксама прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў. Завяршыўся вечар канцэртнай праграмай, падрыхтаванай Беларускім саюзам музычных дзеячаў.