Цацачныя гісторыі ад самых маленькіх

- 14:54Міншчына, Прэс-тур

Яслі-сад № 12 Барысава з 2007 года з’яўляецца апорнай установай па мастацка-эстэтычным развіцці дашкольнікаў. Больш за 15 гадоў у садзе дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва. Педагогі ўстановы разам з бацькамі творча праяўляюць сябе ў стварэнні неабходнага прадметнага асяроддзя, гульняў і дапаможнікаў.

“У кожнай садаўскай групе ёсць усе патрэбныя матэрыялы для правядзення заняткаў па маляванні, лепцы, аплікацыі, канструяванні. Тут і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і альбомы ілюстрацый па народным мастацтве, кніжнай графіцы, даступныя дзіцячаму ўспрыманню, — расказвае загадчык установы Ірына Міхайлаўна Бабіцкая. — Ва ўсіх групах арганізаваны куткі для выстаў дзіцячых і сумесных з бацькамі работ, якія пастаянна мяняюцца. Асаблівую ўвагу ўдзяляем фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да нацыянальнага выяўленчага мастацтва, а таксама да традыцый і звычаяў іншых народаў свету, выхоўваем паважлівае і талерантнае стаўленне да іх. Творчыя работы дзяцей, якія выкананы ў нашай выяўленчай студыі, дэманструюцца ўсім гасцям сада. Экскурсіі для іх праводзяць не толькі педагогі, але і дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту. Выхаванцы ахвотна знаёмяць наведвальнікаў з дзіцячым дызайнам, цестапластыкай, рознымі тэхнікамі малюнка (бацікам, гратажам, габеленам, вітражамі). Некаторыя экскурсіі праводзяцца на беларускай мове”.

Кіраўнік выяўленчай студыі намеснік загадчыка ўстановы Вольга Віктараўна Куляшова правяла разам з дзецьмі міні-экскурсію па выставе “Цацачныя гісторыі. Прафесіі нашых бацькоў”.

“Лялька прыдумана для таго, каб дапамагаць дзецям сталець, — адзначыла Вольга Віктараўна. — Дзецям не так важна, якая ў іх будзе цацка, танная або дарагая. Галоўнае, каб яна падабалася, была прыемнага выгляду. А галоўнае патрабаванне выхавальнікаў і бацькоў — каб цацка была бяспечнай. Калі гаварыць аб ранняй прафарыентацыі дашкольнікаў, то перш за ўсё мы павінны сфарміраваць у іх правільныя эмацыянальныя адносіны да свету прафесій. Мы прадастаўляем дзецям магчымасць паспрабаваць свае сілы ў даступных ім відах дзейнасці, перш за ўсё у гульні, у якой дзеці набываюць вопыт зносін паміж сабой, пэўны сацыяльны вопыт. Экспанаты, якія прадстаўляюцца на выставах, — гэта цацкі, зробленыя рукамі выхаванцаў, бацькоў і педагогаў дашкольных устаноў нашага раёна з экалагічна бяспечных і чыстых матэрыялаў. Гульні з такімі цацкамі садзейнічаюць пашырэнню кругагляду малышоў, а таксама прывіваюць ім любоў да нейкай прафесіі, на карысць якой яны могуць зрабіць свой выбар у будучыні. Лялькі на выставе — прадстаўнікі самых розных прафесій, у тым ліку рэдкіх. Выхаванцы з радасцю расказваюць пра іх усім прысутным”.

У рамках правядзення дзён адкрытых дзвярэй госці ўстановы, педагогі і бацькі самі атрымліваюць практычныя навыкі па выкарыстанні нетрадыцыйных тэхнік малявання, наведваюць заняткі, майстар-класы, семінары-практыкумы, праблемныя семінары, экскурсіі, яны становяцца ўдзельнікамі вэбінараў. Вольга Віктараўна кіруе работай і сямейнага клуба. Бацькам, якія зацікаўлены ў асваенні навыкаў работы ў розных выяўленчых тэхніках, педагог актыўна дапамагае. Пасля бацькі з поўным асэнсаваннем справы займаюцца з дзецьмі дома. Вольга Віктараўна — неаднаразовы ўдзельнік жнівеньскіх абласных педагагічных нарад, дзе яна прадстаўляе свой вопыт, праводзіць майстар-класы. Яна зрабіла сваімі рукамі шмат упрыгажэнняў для дзіцячага сада, у якім працуе.

Для нас Вольга Віктараўна Куляшова правяла майстар-клас па тэхніцы арыгамі і прапанавала напярэдадні Новага года зрабіць святочную паштоўку “Дзед Мароз”. “Хаця паперу стварылі ў Кітаі, але тое, як працаваць з ёй, менавіта тэхніку арыгамі, прыдумалі японцы, — паведаміла педагог. — Раней папера каштавала дорага. У большасці выпадкаў тэхнікай арыгамі займаліся багатыя людзі. Існуе павер’е, што займацца гэтай тэхнікай трэба ў добрым настроі, каб пасля можна было без усякіх сумненняў падарыць выраб сябрам. Калі ж арыгамі стваралася ў дрэнным настроі, то работу часцей за ўсё спальвалі. Дзеці вельмі добра складваюць арыгамі. Дзякуючы гэтым заняткам, у іх развіваецца дробная маторыка рук, фарміруюцца выдатныя канструктыўныя здольнасці”.

“Як вы ўжо заўважылі, важная роля ў нашай установе адводзіцца рабоце з сям’ёй, — гаворыць загадчык сада Ірына Міхайлаўна. — У нас арганізоўваецца работа сямейных клубаў па самых розных кірунках дзейнасці. Для бацькоў педагогі праводзяць кансультацыі, рыхтуюцца разам з імі да свят, кірмашоў, тыдняў здароўя, конкурсаў і выстаў. Для малышоў, якія толькі збіраюцца пераступіць парог нашага сада, функцыянуе група кароткачасовага знаходжання, а для іх мам — “Матчына школа”. Усе мерапрыемствы, якія мы праводзім, садзейнічаюць паспяховай адаптацыі дзяцей да ўмоў дашкольнай установы і павышаюць узровень псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў. У наступным навучальным годзе плануем пачаць новы праект для бацькоў — віртуальны клуб “Школа асэнсаванага бацькоўства”. На базе нашай санаторнай групы будзе створаны бацькоўскі клуб фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.