Цэлы свет на гульнявой пляцоўцы

- 12:13Навіны рэгіёнаў

Тэрыторыя ўстановы дашкольнай адукацыі — гэта яе своеасаблівая візітная картка. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і дзіцячы сад пачынаецца з тэрыторыі. Калектыў Сноўскага ясляў-сада Нясвіжскага раёна імкнецца зрабіць сваю тэрыторыю не толькі прыгожай, але і карыснай у плане маральнага, эстэтычнага і фізічнага развіцця дзіцяці з улікам сезонных змен у прыродзе.

Ствараючы адукацыйную прастору і развіваючы экалагічнае асяроддзе, педагогі і тэхнічны персанал актыўна выкарыстоўваюць рэльеф і ландшафт тэрыторыі. Роля ландшафтнага дызайну бясспрэчная ў адукацыйным працэсе. З мэтай арганізацыі цікавага вольнага часу, аздараўлення і экалагічнага выхавання дзяцей на тэрыторыі сада створаны розныя экалагічныя куточкі, размешчаны фізкультурная і гульнявыя пляцоўкі. Тэматычныя гульнявыя пляцоўкі надзвычай разнастайныя, яны абсталяваны з улікам педагагічнай мэтазгоднасці арганізацыі адукацыйнага працэсу на свежым паветры, камфортнага і бяспечнага адпачынку дзяцей.

Кожны куток на тэрыторыі Сноўскага ясляў-сада — прадуманае, прыгожае, цікавае асяроддзе. І, што немалаважна, усе пляцоўкі ўстановы актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі, каб кожная прагулка прыносіла задавальненне дзецям і была карыснай для іх развіцця.

Наперад па экалагічнай сцяжынцы

На тэрыторыі сада распрацавана і функцыянуе экалагічная сцежка, якая ўключае 13 станцый, дзе выхаванцы падчас прагулкі эксперыментуюць, назіраюць, вучацца бачыць тое, што іх акружае, расказваюць пра свае ўражанні. Падарожнічаючы ад адной станцыі да другой, дзеці выконваюць заданні педагога, атрымліваюць навыкі арыентавання ў часе і прасторы.

Адным з аб’ектаў, які асабліва цікавы дзецям, з’яўляецца “Лес”. Тут ёсць мурашыная хатка, будан, палянка адпачынку з лаўкамі і вогнішчам. Развіццю пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў, падтрыманню цікавасці да дадзенага аб’екта спрыяюць і інфармацыйныя стэнды “Правілы паводзін у прыродзе” і “Хто пакінуў след”. Тут дзеці на практыцы замацоўваюць уяўленні аб правілах паводзін у прыродзе, суадносяць сюжэты прапанаваных малюнкаў з прыродаахоўнымі знакамі, знаходзяць іншыя аб’екты экалагічнай сцежкі для размяшчэння гэтых знакаў; складаюць апавяданні, вырашаюць праблемныя сітуацыі, суадносяць карткі, на якіх размешчаны жывёлы, з выявамі пакінутых імі слядоў і многае іншае.

Для фізічнага развіцця выхаванцаў на тэрыторыі ёсць фізкультурная пляцоўка, якая змяшчае бегавую і веласіпедную дарожкі, яму для скачкоў у даўжыню, іншае спартыўнае абсталяванне. Тут у дзяцей ёсць магчымасць прайсціся па сцежцы здароўя, пагуляць у футбол, валейбол, боўлінг, рухавыя гульні, гульні з элементамі спорту.

Мастацка-эстэтычная работа ў летні перыяд уключае выяўленчую дзейнасць, якая спрыяе фарміраванню ў дзяцей эстэтычных адносін да свету, развіццю ўяўлення. З мэтай арганізацыі работы ў гэтым напрамку на тэрыторыі ўстановы створаны “Дом творчасці”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі малююць, лепяць, знаёмяцца з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; там жа арганізоўваюцца тэатралізаваныя пастаноўкі.

Створанае асяроддзе на гульнявой пляцоўцы “Гіпермаркет” дазваляе не толькі дзецям з радасцю праводзіць час за любімай гульнёй, але і выхавальнікам вырашаць вучэбныя задачы, спрыяе замацаванню ведаў выхаванцаў аб правілах паводзін за сталом і ў грамадскіх месцах, фарміруе сацыяльны вопыт, асабістыя якасці дзіцяці на аснове яго ўключэння ў сістэму сацыяльных зносін у розных жыццёвых і гульнявых сітуацыях. Секцыйнае размежаванне магазіна рэалістычна адлюстроўвае сучасны буйны гандлёвы аб’ект. Гіпермаркет уключае ў сябе аддзелы “Спарттавары”, “Цацкі”, “Канцылярскія тавары”, “Прадукты”. У гіпермаркеце ёсць таксама гульнявы куток для наведвальнікаў з дзецьмі, дзіцячае кафэ “Дэльфін”, а таксама свая міні-пякарня. Гуляючы, дашкольнікі вучацца лічыць прадметы, выкарыстоўваючы колькасныя і парадкавыя лічэбнікі, арыентавацца ў навакольным асяроддзі, вызначаць і абазначаць месцазнаходжанне аб’ектаў, падбіраць і класіфікаваць прадметы па зададзенай прымеце.

У госці да бабы Ганны, дзеда Івана і ката Матэматыка

Адным з пазнавальных і цікавых месцаў на тэрыторыі Сноўскага ясляў-сада, дзе выхаванцы знаёмяцца з побытам і традыцыямі беларускага народа, з’яўляецца гульнявая пляцоўка “Беларуская сядзіба”. Тут дзяцей сустракаюць каля свайго дома дзед Іван і баба Ганна. Можна прысесці адпачыць і паслухаць беларускія казкі, легенды, песні, пацешкі. Створанае на пляцоўцы асяроддзе дазваляе дашкольнікам пазнаёміцца з прадметамі, якімі нашы продкі карысталіся раней (калаўрот-самапрадка, вілы). У скрыні прыхавана беларуская нацыянальная вопратка, ручнікі, абрусы, пакрывалы. Дзеці з задавальненнем выкарыстоўваюць гэтыя прадметы ў сваіх гульнях з лялькамі, пераапранаюцца самі, засцілаюць стол для сустрэчы гасцей, тым самым пашыраюць веды пра асаблівасці беларускага нацыянальнага каларыту.

З мэтай далучэння дашкольнікаў да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва створаны куток ручнога ткацтва, дзе размяшчаюцца рознага памеру рамы-станкі, захоўваюцца ніткі. Куток упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі, шнуркамі, пры дапамозе якіх дзеці ствараюць узоры незвычайнай прыгажосці і тым самым развіваюць дробную маторыку рук, паляпшаюць памяць, уяўленне. Цэнтральнае месца займае печ, якая раней з’яўлялася неад’емнай часткай дома і служыла крыніцай цяпла і святла. Стылізаваны малюнак беларускага ручніка дазваляе падчас заняткаў выяўленчай дзейнасцю фарміраваць уменне выкарыстоўваць сродкі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (колер, узор), выхоўвае цікавасць да беларускага арнаменту, любоў да роднага краю, яго традыцый, народных рамёстваў.

Пляцоўка збірае выхаванцаў падчас правядзення беларускіх народных свят і гульняў, што таксама выхоўвае цікавасць да народных традыцый і абрадаў.

Кот па мянушцы Матэматык з планеты “Лічы-адгадвай” сустракае дзяцей на гульнявой пляцоўцы “Усё ўмеем, ведаем, можам” і запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак у падарожжа ў краіну “Матэматыка”. Вандроўка пачынаецца з пейзажу, дзе на кроне дрэва, на хаце, на кветках, на матыльках схаваны лічбы. Каб іх адшукаць, трэба быць вельмі ўважлівымі. Гэта спрыяе развіццю мыслення, увагі, умення пазнаваць і знаходзіць лічбы. Падарожнічаючы з Матэматыкам, дзеці трапляюць у краіну “Геаметрыя”, у якой усе дзікія і свойскія жывёлы складаюцца з розных па памеры, колеры, форме геаметрычных фігур, што дазваляе ў гульнявой форме замацоўваць уяўленні дзяцей аб геаметрычных фігурах. Гульнявую пляцоўку ўпрыгожвае ваза з кветкамі. Дашкольнікі маюць магчымасць дэкарыраваць посуд пры дапамозе рознакаляровай крэйды — гэта фарміруе творчыя здольнасці, развівае дробную маторыку рук. Кожная кветка складаецца з рознай колькасці пялёсткаў і геаметрычных фігур рознага колеру. Выкананне пэўных заданняў, самастойных дзеянняў, вырашэнне праблемных сітуацый дапамагае фарміраваць у выхаванцаў элементарныя ўяўленні пра колькасць і лік, велічыню, геаметрычныя фігуры і форму прадметаў, прастору і час, знаходзіць адзінкавыя і множныя групы прадметаў і з’яў у навакольным асяроддзі. У цэнтры пляцоўкі абсталявана развіццёвая дошка бізіборд. Размясціўшы на адной кампактнай паверхні ўсё, што звычайна выклікае цікавасць у дзяцей у кватэры, мы змаглі не толькі зацікавіць іх, але і прывіць асновы бяспечных паводзін у побыце і тым самым засцерагчы выхаванцаў ад непрыемных сітуацый у свабодных даследаваннях.

У свеце творчасці і краіне бяспекі

Хочацца адзначыць самую звонкую — музычную — гульнявую пляцоўку “У свеце музыкі”. Аснашчэнне пляцоўкі спрыяе развіццю пазнавальнай цікавасці да гукавой дзейнасці, патрэбы ў мастацкім пазнанні музыкі, самастойнай ігры на дзіцячых музычных інструментах, садзейнічае добраму настрою пры правядзенні свят, забаў.

Ствараючы дзіцячы аркестр з самаробных інструментаў, мы адкрываем перад выхаванцамі выдатны свет гукаў, які дапамагае развіццю псіхічных працэсаў дашкольнікаў, увагі, адчування, памяці, мыслення, уяўлення, эмоцый, зносін. Інструменты, размешчаныя на стэндзе, створаны з розных падручных матэрыялаў: пластмасавых труб, металічных тарак, дзіцячых вядзерцаў, металічных місак, формачак для кексаў, веласіпедных званкоў, рашотак для нарэзкі яек, патэльняў і г.д. Гучанне кожнай прылады залежыць ад матэрыялу, якім па ім грукаюць: драўляны малаточак, металічны чарпак, пластмасавая ўказка.

Для сенсорнага развіцця самых маленькіх выхаванцаў сада аформлена дзіцячая гульнявая пляцоўка “Вясёлыя пальчыкі”, абсталяванне якой дазваляе выхаванцам самастойна выбіраць, спрабаваць, супастаўляць, параўноўваць. Кожны мінісюжэт на гэтай пляцоўцы — своеасаблівая лабараторыя пошуку, пазнання, адкрыцця для кожнага дзіцяці, дзе яно з лёгкасцю можа выконваць, выпраўляць правільныя або няправільныя дзеянні пры дапамозе здымных элементаў (на магнітнай аснове). На гульнявой пляцоўцы дзеці гуляюць у такія дыдактычныя гульні, як “Упрыгож матрошку”, “Пачастунак для лясных жыхароў”, “Падбяры боцікі”, “Упрыгож кветку”, “Рознакаляровыя шары” і іншыя.

З мэтай фарміравання ў выхаванцаў уяўленняў аб правілах бяспечнай жыццядзейнасці створана гульнявая пляцоўка “Правілы бяспечных паводзін”.

Першы блок гульнявой пляцоўкі накіраваны на фарміраванне ў выхаванцаў уяўленняў аб правілах пажарнай бяспекі, працы пажарных. Наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння, такіх як вядро, пясок, вогнетушыцель, пажарны рукаў, дазваляе праводзіць розныя віды гульняў.

Другі блок гульнявой пляцоўкі накіраваны на фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб правілах дарожнага руху. Тут выхаванцы разглядаюць сітуацыі і падбіраюць неабходныя дарожныя знакі на магніце, суадносяць іх з сітуацыяй, абгрунтоўваюць свой выбар, выбіраюць з прапанаваных колераў правільныя сігналы святлафора, размяшчаюць іх, выкарыстоўваючы адпаведныя колеры на магніце, выбіраюць дарожныя знакі рознага прызначэння.

Размалёўка сцен павільёна, прадстаўленая на гульнявой пляцоўцы “Краіна “Насякомія”, уключае ў сябе розныя віды насякомых, мноства кветак з геаметрычных фігур, соты з вялікай колькасцю пустых ячэек. Падабраны матэрыял спрыяе пазнавальнаму развіццю дашкольнікаў, фарміруе ўяўленні аб узаемасувязі нежывой прыроды, раслін, насякомых. Дыдактычны матэрыял, прадстаўлены ў выглядзе разразных картак, дапамагае замацаваць уменне лічыць колькаснымі і парадкавымі лічэбнікамі, параўноўваць мноства, лікі. Кожная картка мае магнітную аснову, што дае магчымасць праверыць правільнасць выбранай геаметрычнай фігуры для складання кветкі не толькі зрокава, але і спосабам накладання. Гуляючы ў нязмушанай абстаноўцы, выхаванцы трэніруюцца ва ўменні арыентавацца ў прасторы. Аснашчэнне пляцоўкі спрыяе развіццю творчых здольнасцей дзяцей, уяўлення, маўлення, садзейнічае іх добраму настрою.

Прадметнае асяроддзе, створанае рукамі работнікаў сада, дзяцей, іх бацькоў, прыносіць радасць, дорыць адчуванне цяпла, камфорту, задаволенасці. Дзякуючы намаганням і творчай фантазіі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, тэрыторыя ўстановы дашкольнай адукацыі мае непаўторны прывабны выгляд і ўспрымаецца як культурны і эстэтычны цэнтр аграгарадка Снова.

Алена ГРЭЧКА,
загадчыца Сноўскага ясляў-сада Нясвіжскага раёна.