Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла 17 ліпеня прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыіных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі, паведамілі ў ЦВК.
У ЦВК 17 ліпеня былі пададзены дакументы на стварэнне груп па вылучэнні Тамары Біруковай, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча і Аляксандра Юдаева. Таксама на пасяджэнні ЦВК была разгледжана частка раней пададзеных заявак. Ужо зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.
Пакуль яшчэ не разгледжаны заяўкі на стварэнне груп у падтрымку Сяргея Заблоцкага, Ірыны Першынай, Жанны Раманоўскай, Мікалая Статкевіча, Андрэя Канаўца, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. У адпаведнасці з заканадаўствам ЦВК павінен прымаць такія рашэнні на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў па стварэнні ініцыятыўнай групы. Плануецца, што пытанне аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі гэтых груп будзе вырашацца 20 ліпеня.
ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, калі парушаны палажэнні Выбарчага кодэкса. Права абскарджання адмовы і рэгістрацыі ініцыятыўнай групы належыць таму, хто прэтэндуе стаць кандыдатам. Гэта скарга падаецца ў Вярхоўны суд у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў групы могуць пачаць з 23 ліпеня і прадоўжыць па 21 жніўня ўключна. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта.
На правым баку падпіснога ліста павінны быць пазначаны без скарачэнняў звесткі аб асобе, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца работы і месца жыхарства, партыйнасць). Таксама там пазначаецца прозвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Падпісны ліст запаўняецца на беларускай або рускай мове. Звесткі аб выбаршчыку, прадугледжаныя ў графах 1-5, могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншымі асобамі, у тым ліку членам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Але выбаршчык уласнаручна ставiць у падпісным лісце дату подпісу і распісваецца ў графах 6 і 7. Подпісы выбаршчыкаў нумаруюцца. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем – аднаго раёна.
Акрамя таго, член ініцыятыўнай групы пры зборы подпісаў павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які засведчвае асобу. Гэтыя дакументы прад’яўляюцца выбаршчыкам. Збор подпісаў можа праводзіцца ў час пікетаў. Дазвол на такі пікет не патрэбны, калі ён арганізуецца ў месцы, не забароненым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Збор подпісаў у ваеннаслужачых, якія знаходзяцца ў воінскіх часцях, ажыццяўляецца па ўзгадненні з камандзірамі воінскіх часцей у пазаслужбовы час у месцы, вызначаным камандзірам часці. Пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, члены ініцыятыўных груп павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, што прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, якія не пражываюць у ім.
Пры зборы подпісаў забараняецца прымушэнне і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў. Пад узнагароджаннем разумеецца перадача выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей, правядзенне льготнай распрадажы тавараў або бязвыплатнае ці на льготных умовах аказанне паслуг. Не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час.
Грамадзяне, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, не маюць права прыцягваць асоб, якія знаходзяцца ў іх у падпарадкаванні або іншай службовай залежнасці, для збору подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час. Не дапускаецца правядзенне збору подпісаў у ходзе службовых камандзiровак. Таксама члены ініцыятыўных груп не маюць права пры зборы подпісаў раздаваць выбаршчыкам друкаваныя матэрыялы. Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх ажыццяўляецца збор подпісаў, могуць прадастаўляцца выбаршчыкам толькі для азнаямлення.
Каардынатары ініцыятыўнай групы павінны здаць падпісныя лісты ў адпаведную, раённую або гарадскую, выбарчую камісію не пазней за 21 жніўня 2015 года.
Права выбірацца Прэзідэнтам Беларусі маюць беларускія грамадзяне па нараджэнні, не маладзейшыя за 35 гадоў, якія валодаюць выбарчым правам і пастаянна пражываюць у рэспубліцы не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Пры гэтым тыя, хто мае судзімасць, не падлягаюць рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.
Грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, а таксама грамадзяне, якiя ўтрымлiваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаілення волі, удзел у выбарах не прымаюць.