Цеплыня дзіцячых сэрцаў

- 11:05Нам пішуць

Задача кожнага настаўніка — фарміраваць і развіваць духоўна-маральныя, сацыяльна значныя каштоўнасці навучэнцаў праз арганізацыю іх вольнага часу. Педагагічны калектыў нашай установы адукацыі з разуменнем адносіцца да вырашэння пастаўленай задачы ў арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы. З улікам вопыту ў школе склаліся пэўныя традыцыі ідэалагічнага выхавання. Адной з іх з’яўляецца прынцып калектыўнай дзейнасці.

Кожны год выхаваўчая скарбонка нашай школы папаўняецца. У ёй шмат добрых спраў, здзейсненых калектыўна: настаўнікі — вучні — бацькі. Гэта і работа сямейнага клуба “Здароўе”, і клуба “Існасць”; вечар сустрэчы выпускнікоў; мерапрыемствы ў межах святкавання Тыдня маці, Тыдня роднай мовы, Тыдня дабрыні; цыкл мерапрыемстваў, звязаных з удзелам у розных акцыях ад школьнага да рэспубліканскага ўзроўню. Нядаўняе мерапрыемства пакінула найвялікшае ўражанне.

Штогод мы з калегамі і вучнямі ўдзельнічаем у Рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. У 2017 годзе на чарговым савеце ўстановы па ініцыятыве дырэктара Ірыны Мікалаеўны Змачынскай было прапанавана зладзіць навагодні спектакль для дзяцей. Адразу была сфарміравана творчая група, у якую ўвайшлі самыя крэатыўныя настаўнікі, самыя таленавітыя вучні валанцёрскага атрада “Добрыя справы” і самыя актыўныя члены школьнай бізнес-кампаніі “Грашовае дрэва”. Кожны аддана працаваў у сваім кірунку. Школьныя бізнесмены спецыяльна для акцыі зрабілі і падарылі драўляных конікаў-скакункоў. Настаўнік абслуговай працы і дзяўчаты-старшакласніцы арганізавалі майстэрню па пашыве касцюмаў. Загадчык рэсурснага цэнтра праваслаўнай культуры са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі салодкія падарункі. Бацькі арганізавалі аўтаклуб для падвозу акцёраў і дастаўкі дэкарацый. Педагог-арганізатар з членамі калегіі культуры (вучнёўскае самакіраванне) працавалі над сцэнарыем, музычным афармленнем, эскізамі да дэкарацый і касцюмаў.

Размеркаванне роляў і рэпетыцыі, рэпетыцыі, рэпетыцыі… І хоць гэта нябачны бок дабрачыннай справы, але менавіта ён больш за ўсё аб’ядноўвае настаўнікаў і вучняў, дае магчымаць адчуць адно аднаго, зразумець, наладзіць кантакт. Нарэшце настаў самы адказны момант — прэм’ера спектакля-ранішніка “Агонь і Лёд, або Новы год абавязкова прыйдзе!”. Нашымі гледачамі і актыўнымі ўдзельнікамі сталі выхаванцы ясляў-сада № 2 і № 6 Чэрвеня, выхаванцы ЦКРНіР Чэрвеня, а таксама дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, для якіх быў зладжаны дабрачынны ранішнік сумесна з сельвыканкамам у Хутарскім СДК.

Маленькія і дарослыя гледачы з захапленнем назіралі за барацьбой паміж Вогненнай і Снежнай каралевамі, кожная з якіх хацела захапіць свет. Але цеплыня дзіцячых сэрцаў, іх добразычлівыя ўсмешкі і вера ў дабро змаглі перамагчы зло. Новы год уступіў у свае правы. Дзед Мароз і Снягурка прыйшлі да дзяцей з падарункамі.

Пусцее зала. Гасне святло. І здаецца, усё, місія выканана. Але гэта не так. Гучныя апладысменты і словы падзякі прадаўжаюць гучаць у нашых сэрцах, чым натхняюць на новыя добрыя калектыўныя справы.

Людміла ГРОЗНАЯ,
педагог-арганізатар
Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна.