Ці стане гольф народным відам спорту для беларусаў?

- 11:48Рознае, Спартыўныя падзеі

Услед за такімі факультатывамі, як “Асновы алімпійскіх ведаў”, “Шахматны ўсенавуч” і “Скандынаўская хадзьба”, якія прапанаваны для ўкаранення ў сістэму адукацыі ў рамках прадмета “Фізічная культура і здароўе”, смела крочыць факультатыў па гольфе. Жаданне развіваць гэты пакуль што рэдкі для нашай краіны від спорту выказалі 5 устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Арыенцірам у развіцці гольфа абрана Фінляндыя. “У краіне з насельніцтвам 5,4 млн чалавек сёння дзейнічае 186 чэмпіёнскіх палёў, а гольфам займаецца больш як 220 тысяч чалавек, — падкрэсліў старшыня Беларускай асацыяцыі гольфа Уладзімір Несцеравіч Дражын.

Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся днямі ў рамках семінара “Развіццё гольфа ў Рэспубліцы Беларусь. Гольф-інфраструктура”, які сабраў разам прадстаўнікоў кіраўніцкіх органаў сістэмы адукацыі і настаўнікаў фізічнай культуры з розных рэгіёнаў краіны.

Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі гольфа імкнуліся развеяць той самы знакаміты міф, маўляў, гольф — спорт арыстакратаў.

“Гэта наша галоўная праблема, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Уладзімір Дражын. — І мы робім усё для таго, каб гэты стэрэатып зламаць. У 2015 годзе падчас сустрэчы з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым дамовіліся аб тым, што будзем крок за крокам ісці да ўвядзення факультатыву па гольфе ў асобных установах адукацыі. Нашым партнёрам на гэтым шляху стаў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”.

Асацыяцыя гольфа з’явілася ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе. На сёння ў краіне дзейнічае праграма развіцця гэтага віду спорту.

Па словах Уладзіміра Дражына, гольф атрымаў падтрымку на ўзроўні губернатараў усіх абласцей. Вынікам такога паразумення стане будаўніцтва чэмпіёнскіх палёў і палёў для міні-гольфа. Нагадаем, што ў краіне існуе толькі адзін гольф-комплекс, які месціцца ў Мінскім раёне.

Пакуль на лепшых пазіцыях у плане развіцця інфраструктуры знаходзіцца Гродзенская вобласць. Ужо сёння прынята рашэнне аб будаўніцтве вялікага поля ў раёне Аўгустоўскага канала. Як вядома, гэтая зона з’яўляецца вольнай ад візавага рэжыму, а значыць, прыцягне як беларускіх гальфістаў, так і аматараў з іншых краін. Задача на перспектыву — з’яўленне трэніровачнага поля, прыстасаванага для правядзення рэспубліканскіх і міжнародных турніраў, у кожнай з абласцей.

Што тычыцца міні-гольфа, то першае поле для яго ўжо з’явілася ў Магілёве. Там жа сёлета прайшоў і першы чэмпіянат Беларусі. У краіне запланавана будаўніцтва яшчэ двух падобных палёў у Гродзенскай вобласці, двух — у Брэсцкім і двух — у Гомельскім рэгіёнах. У Мінску, акрамя ўжо існуючай пляцоўкі для гульні ў міні-гольф на праспекце Пераможцаў, падобныя аб’екты з’явяцца ў раёне Камсамольскага возера (парк Перамогі), а таксама ў вёсцы Строчыцы Мінскага раёна (на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту).

Акцэнт, які асацыяцыя гольфа робіць на дзіцяча-юнацкі гольф, не выпадковы. Яе спецыялісты выпрацоўваюць комплексны падыход, пры якім у рабоце прымуць удзел школы, гімназіі, ліцэі, каледжы і ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Натуральна, кіраўнікоў на месцах хвалюе пытанне: “Як стварыць базу?”, — акцэнтуе ўвагу У.Н.Дражын. — Скажу шчыра, каб мець годнае сертыфікаванае поле для міні-гольфа, патрэбна як мінімум 50 тысяч долараў. Больш рацыянальным рашэннем будзе набыць камплекты для гульні ў гольф, якія могуць выкарыстоўвацца ў любой школьнай спартыўнай зале. Іх кошт — 1,5—2 тысячы долараў. Сума пад’ёмная як для фундатараў, так і для сістэмы адукацыі. Мы ўжо закупілі партыю камплектаў, якія будуць перададзены школам”.

Уладзімір Несцеравіч звярнуў увагу і на падрыхтоўку трэнерскіх кадраў. Першым крокам на гэтым шляху стала дамоўленасць з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры, дзе на адной з кафедраў будзе створана аддзяленне гольфа.

Піянерам у развіцці гольфа ў беларускай сістэме адукацыі стаў Валерый Варанцоў, настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 10 Слуцка. Валерый Леанідавіч добра знаёмы нашым чытачам сваім наватарскім падыходам да выкладання прадмета. У рамках семінара ён презентаваў упершыню распрацаваную ў Беларусі праграму факультатыўнага навучання дзяцей гульні ў гольф: “Гэта праект, які будзе рэалізаваны на працягу двух гадоў. Ён разлічаны на навучэнцаў 5—10 класаў. Каляндарна-тэматычнае планаванне прадугледжвае, што ў першы год навучання дзеці будуць займацца два разы на тыдзень па адной акадэмічнай гадзіне. На другім годзе навучання заняткі будуць праходзіць тры разы на тыдзень. Праграма ў хуткім часе будзе вынесена на абмеркаванне спецыялістаў Міністэрства адукацыі, і мы спадзяёмся, яна атрымае адабрэнне”.

Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, адзначыла, што ў рабоце задзейнічаны вядучыя педагогі-практыкі, якія выказалі жаданне пазнаёміць сваіх вучняў з гэтай інтэлектуальнай гульнёй. Гэта настаўнікі ўжо згаданай сярэдняй школы № 10 Слуцка, сярэдняй школы № 2 Слуцка, Лучнікоўскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна і Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.

Падтрымала калегу і прарэктар па метадычна-ідэалагічнай рабоце МАІРА Алена Віктараўна Доўгун, падкрэсліўшы, што год назад інстытут пачаў правядзенне спецыялізаваных семінараў, каб падрыхтаваць педагогаў да работы ў рамках факультатыву.

“Не кожны мае спартыўныя таленты, акрамя таго, ёсць пэўная катэгорыя дзяцей, якія не могуць дазволіць сабе хуткасныя віды спорту па стане здароўя. Гольф — выдатная альтэрнатыва! — выказала сваё меркаванне начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Любоў Сцяпанаўна Клепчукова. — Тут таксама немалая фізічная нагрузка: выдатна працуе плечавы пояс, за адну гульню гальфіст праходзіць у сярэднім 6 км.

Мазыр — буйны горад, у якім нямала буйных прадпрыемстваў. У нас ёсць катэгорыя бацькоў, якія могуць купіць сваім дзецям інвентар для гольфа.

Гэты праект цікавы і па іншых прычынах. Адна з іх — незвычайны рэльеф Мазырскага раёна, які якраз падыходзіць для стварэння гольф-аб’ектаў. Думаю, што ў Мазыры прыжыўся б свой гольф-клуб. Канечне, найбольш мяне хвалюе тэхналогія абслугоўвання поля і тая сума, у якую абыдзецца ўтрыманне. Дарэчы, выдатны варыянт — стварэнне міні-пляцовак, якія будуць замацаваны за пэўнымі ўстановамі адукацыі.

Кадравае пытанне можна вырашыць за кошт мэтавага накіравання. Упэўнена, у нашым рэгіёне знойдзецца нямала маладых людзей, якія б захацелі стаць трэнерамі па гольфе, а потым развіваць гэты від на Мазыршчыне. Мы ўжо маем вопыт работы аналагічнага характару. У раёне да нядаўняга часу не было спецыялістаў па шэрагу відаў спорту. Цяпер маем сваіх трэнераў, скажам, па гарналыжным спорце, наш мясцовы курорт карыстаецца папулярнасцю.

Гольф — азартная гульня, якая патрабуе стратэгічнага мыслення, яна, без сумненняў, знойдзе сваіх прыхільнікаў”.

У жніўні гэтага года Беларуская асацыяцыя гольфа стала паўнапраўным членам Сусветнай федэрацыі спартыўнага міні-гольфа. Цікава, што беларусам адразу паступіла і прапанова аб правядзенні чэмпіянату свету па міні-гольфе ў 2018—2019 гадах. Для таго каб трапіць у лік прэтэндэнтаў на міжнародны турнір, неабходна мець два сертыфікаваныя палі ў межах аднаго горада.

“Пакуль мы абралі ў якасці базы Магілёў, — дзеліцца інфармацыяй кіраўнік БАГ, — паколькі там пабудавана ўжо адна сертыфікаваная пляцоўка. Другая — у працэсе будаўніцтва. Пасля завяршэння работы ацаніць аб’екты будуць запрошаны эксперты сусветнай федэрацыі міні-гольфа. Пры станоўчай ацэнцы мы зможам падаваць заяўку на ўдзел у конкурсе на права прыёму турніру. Наш плюс — сур’ёзны аўтарытэт Беларусі як краіны, якая надзвычай адказна ставіцца да правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Яшчэ адзін варыянт — Гродна, дзе сёння вядзецца будаўніцтва дзвюх пляцовак для міні-гольфа. Гэта выдатны шанс выхаду на міжнародную арэну!”

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Уладзіміра ЗДАНОВІЧА.