Цікавае лета са студэнтам-важатым

Трэцюю змену ў аздараўленчым лагеры “Дружба”, што ў Ашмянскім раёне, вырашылі правесці як культуралагічную. Уменні выхавальніка Аляксандры Козыравай тут прыйшліся дарэчы — студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можа многаму навучыць сваіх выхаванцаў.

Штогод дзясяткі будучых настаўнікаў шліфуюць сваё педагагічнае майстэрства, атрымліваюць вялікі вопыт работы з дзецьмі ў летніх лагерах. Як паведаміла начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Поцька, у гэтым годзе заключаны дамовы аб рабоце студэнтаў выхавальнікамі і важатымі ў 14 лагерах. Створаны 41 педагагічны атрад. Каб работа была якаснай, студэнтаў рыхтуюць да гэтай дзейнасці — яны праходзяць навучанне на працягу некалькіх месяцаў у школе важацкага майстэрства. Такая школа працуе ва ўніверсітэце другі год.

У “Дружбе” працуе педагагічны атрад у складзе 7 чалавек. Як адзначае начальнік лагера Наталля Фалевіч, дзяўчаты адказна ставяцца да работы, прыслухоўваюцца да парад і заўваг старэйшых калег, вучацца правільна весці дакументацыю — у канцы змены трэба будзе напісаць характарыстыкі на сваіх падапечных, вядуць дзённік атрада, каб потым паўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы педагагічны атрад. І, канечне, прыдумваюць цікавыя заняткі і мерапрыемствы са сваімі выхаванцамі.

Аляксандра Козырава, дарэчы, другая віцэ-міс конкурсу “Міс Гродна — 2017”, ужо на адкрыцці змены паставіла нумар чырлідараў са сваімі дзяўчынкамі. Ды і дзяўчынкі ў яе атрадзе творчыя — наведваюць гурткі Гальшанскага дома культуры. Так што творчы тандэм у іх склаўся. Зараз рыхтуюцца да канцэрта, які пакажуць шэфам лагера.

Дырэктар лагера “Арляня” Смаргонскага раёна Алег Стрыга пазнаёміцца з членамі педатрада прыязджаў ва ўніверсітэт і папрасіў іх прывезці ў лагер “багаж” сцэнарыяў, ідэй і пазітыўнага настрою.

Камандзір атрада Ганна Тарговіч другі год працуе ў гэтым лагеры. Ганна атрымлівае спецыяльнасць “Лагапедыя” на педагагічным факультэце і лічыць вопыт работы ў лагеры вельмі карысным.

— За дзень я не прысяду, але і вопыту набіраюся — як знайсці індывідуальны падыход да дзіцяці, як арганізаваць калектыў. Я сказала б так: працаваць у лагеры складана і адказна, але вельмі цікава. Нас тут добра вучаць, і галоўны дэвіз, аб чым адразу паведаміў Алег Аляксандравіч: “Дзеці вышэй за ўсё!” Перад пачаткам змены была сустрэча ў Смаргонскім райвыканкаме і пажаданне, што мы павінны паказваць дзецям прыклад ва ўсіх справах, — расказвае Ганна.

— У маладых супрацоўнікаў, можа, няма таго вопыту, як у старэйшых педагогаў, але ў іх вочы гараць, ёсць вялікае жаданне працаваць, а гэта — самае галоўнае, — дадае Алег Стрыга. — Па выніках другой змены буду дасылаць ва ўніверсітэт падзяку за работу студэнткі педагагічнага факультэта Веранікі Кажанеўскай. Упэўнены, што такія падзякі будзе каму выказаць і па выніках работы педатрадаўцаў у трэцяй змене.

Дарэчы, Вераніка Кажанеўская — пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2016”.

Студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму будучы настаўнік гісторыі Рыгор Анікій у “Дзень казак” ператварыўся ў Марфея. Выкарыстаўшы свой вопыт удзелу ў тэатральным гуртку, лёгка справіўся з заданнем зрабіць гэты дзень для дзяцей па-сапраўднаму казачным. Будучы сацыёлаг Юлія Гапоненка з дапамогай незвычайнага макіяжу дапамагла дзецям ператварыцца ў казачных персанажаў.

“Крэатыўныя, энергічныя, сучасныя” — так характарызуе студэнтаў, якія працуюць у лагеры “Ластаўка” Астравецкага раёна, начальнік лагера Наталля Малкова. А старшы выхавальнік Ганна Дзятловіч дадае, што дзеці ў “Ластаўцы” і пяці хвілін на месцы не сядзяць, а разам з імі і маладыя выхавальнікі і важатыя, якія дапамагаюць рэалізаваць дэвіз лагера: “Кожнаму дзіцяці — сваё карыснае і цікавае лета!”

Рыгор і Юлія самі выказалі жаданне працаваць у самым малодшым атрадзе, з дзецьмі 6—8 гадоў. Таму расказаць вечарам казку — гэта яны ўжо ўмеюць.

А Аляксандра Козырава чацвёртую змену збіраецца працаваць у лагеры “Касмадром” у Шчучынскім раёне.
Яшчэ 44 студэнты ГрДУ ў гэтым годзе працуюць у дзіцячым спартыўным аздараўленчым комплексе “Жамчужына Расіі” ў Анапе. Сэрвісныя і педагагічныя атрады з ГрДУ другі год выязджаюць на ўзбярэжжа Чорнага мора.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *