Цікавая сустрэча

- 11:55Навіны рэгіёнаў

У БрДТУ адбылася прэзентацыя кнігі У.Ліпскага “Мужык”, у рамках якой студэнты эканамічнага факультэта сустрэліся з яе галоўным героем А.С.Скакуном, доктарам эканамічных навук, прафесарам, заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі, членам-карэспандэнтам Акадэміі аграрных навук, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і старшынёй Белаграпрамсаюза. А.С.Скакун на працягу доўгага часу з’яўляўся кіраўніком адной з паспяховых гаспадарак Брэстчыны ААТ “Астрамечава”. За час работы ён унёс важкі ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу краіны.

Перад пачаткам сустрэчы выкладчыкі, студэнты і магістранты азнаёміліся з выставай кніг знакамітага земляка “А.С.Скакун — вучоны-аграрый”, прысвечаных розным пытанням развіцця эканомікі і сельскай гаспадаркі (“Рапс — культура алейная”, “Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў”, “Асноўныя напрамкі ўдасканалення гаспадарчага механізма АПК” і інш.).

Кіраўнік універсітэцкай навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах памежжа, доктар педагагічных навук, прафесар М.П.Жыгалава расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра тое, як важна кожнаму чалавеку мець у жыцці любімую справу і верна служыць ёй, як А.С.Скакун.

Студэнты ўважліва слухалі аповед вучонага-практыка пра адносіны да работы, укараненне інавацый у аграрную прамысловасць, адаптацыю замежнага вопыту гаспадарання ў айчынных умовах, шляхі паспяховай рэалізацыі новых тэхналогій у АПК краіны і ААТ “Астрамечава”. Асаблівую ўвагу будучых эканамістаў А.С.Скакун звярнуў на станаўленне маладых спецыялістаў, пастаяннае самаўдасканальванне і крэатыўны падыход да справы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.