Дзейнасць цімураўскага атрада “Добрыя сэрцы” Парэцкай базавай школы Слонімскага раёна прадставілі на раённым семінары-практыкуме “Міласэрная дзейнасць у дзіцячым грамадскім аб’яднанні як аснова маральнага выхавання маладога пакалення”. На семінары прысутнічалі педагогі-арганізатары школ Слонімскага раёна.
У Парэцкай базавай школе з 2001 года існуе піянерская дружына імя Васі Крайняга. “Міласэрнасць” — так вызначаны адзін з галоўных кірункаў дзейнасці арганізацыі. У 2014 годзе з самых актыўных піянераў быў створаны цімураўскі атрад “Добрыя сэрцы”. На арганізацыйным зборы была прынята ідэя распрацаваць пастаянна дзеючы праект “Зона карыснага дзеяння”. Піянеры зразумелі галоўнае: іх абавязак — дапамагаць людзям.
З упэўненасцю можна сказаць, што галоўным правілам цімураўскай работы стаў заклік: “Не чакай, пакуль паклічуць або загадаюць. Старайся сам убачыць, дзе патрэбны твае ўмелыя рукі, тваё добрае сэрца. Здолей зрабіць усё ціха і сціпла, не чакаючы пахвалы і ўзнагароды, а проста радуючыся, што ўсім навокал добра”.Юныя цімураўцы запрасілі ўдзельнікаў семінара ў сваю імправізаваную гасцёўню. Там іх сустрэлі прыгожым духмяным караваем і песняй “Хлеб ды соль”. Вядучыя паведамілі гасцям, што ў іх сёння свята сустрэчы з шаноўнымі жыхарамі аграгарадка Васілевічы. Кожны з іх — часцінка гісторыі роднага краю і жывы прыклад для падрастаючага пакалення.
Знаёмства пачалося з Марыі Паўлаўны Сасноўскай. У гады Вялікай Айчыннай вайны Марыя Паўлаўна была падлеткам. Жыла ў акупіраванай фашыстамі вёсцы, бачыла і калецтвы, і здзекі, і смерць.
Наступная сустрэча была з Сяргеем Паўлавічам Строкам, вязнем канцлагера “Эллер” у горадзе Кобленцы. Яго ва ўзросце 17 гадоў з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі вывезлі ў Германію. Там ён працаваў на цагельным заводзе, капаў абарончыя акопы. Аднойчы Сяргей Паўлавіч і яшчэ восем яго таварышаў уцяклі з палону.
Прыемным было знаёмства з Людмілай Васільеўнай Герасімчык. Яна дбайная і руплівая гаспадыня, старанная працаўніца. З маладосці працавала аператарам машыннага даення на ферме. Маці траіх дзяцей, клапатлівая і любячая бабуля. У Людмілы Васільеўны залатыя рукі. Яна пячэ прыгожыя і вельмі смачныя караваі. Яе ведаюць далёка за межамі нашага раёна. Аб майстэрстве Людмілы Васільеўны расказвалі журналісты раённай газеты “Слонімскі веснік” і рэспубліканскай “Советская Белоруссия”.
Каравай, якім сустракалі гасцей, таксама спякла Людміла Васільеўна. А яшчэ жанчына прыгожа спявае і ўваходзіць у склад народнага ансамбля народнай песні “Жывіца”.
Цікавым было знаёмства з настаўніцай вышэйшай катэгорыі Ірынай Уладзіміраўнай Саўко, якая мае 39-гадовы стаж педагагічнай працы. Вучні і бацькі і сёння ўспамінаюць сваю настаўніцу з любоўю і павагай. Многія з іх лічаць, што Ірына Уладзіміраўна — настаўнік ад Бога. А сама яна гаворыць, што самая найлепшая прафесія на зямлі — гэта прафесія настаўніка. Мабыць, таму яе старэйшая дачка і ўнучка выбралі педагогіку. Ірына Уладзіміраўна і сёння не застаецца абыякавай да праблем школы.
Выхаванне дабрыні пачынаецца ў сям’і. У знак гэтага вучні паказалі гасцям казку “Мужык і жонка”. Напрыканцы свята была запалена свечка надзеі. Дзеці і дарослыя загадалі жаданні з упэўненасцю, што яны абавязкова збудуцца.
Ларыса МАРКАЧ,
педагог-арганізатар Парэцкай базавай школы Слонімскага раёна.