Цуды на Каляды

- 15:33Нам пішуць

Набліжаюцца навагоднія святы, да якіх мы ўсе загадзя рыхтуемся, чакаем іх з нецярпеннем. Але ў многіх сем’ях часта забываюць аб такім важным свяце, як Каляды. Гісторыя свята Ражджаства сыходзіць у далёкае мінулае, яна таямнічая і прыгожая, звязаная з навагодняй казкай, пакрытая таямніцамі і традыцыямі, якія да гэтага часу шануюць і захоўваюць у многіх сем’ях.

Свята Ражджаства Хрыстова ў царкоўным календары з’яўляецца другім па значнасці пасля Вялікадня. Каляды — самае любімае свята католікаў, светлае і радаснае. Калядная ноч лічыцца чароўнай — у гэты час спраўджваюцца ўсе жаданні. У кожнага чалавека свае мары, але, на жаль, жыццё не ўсім дае роўныя магчымасці ў іх ажыццяўленні. Але права на калядны цуд ёсць у кожнага дзіцяці!

Напярэдадні гэтага цудоўнага свята грамадскія арганізацыі БРСМ і БРПА арганізавалі акцыю “Цуды на Каляды”. Тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў, дзецям з мнагадзетных сем’яў і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мы ўсе разам зможам падарыць маленькі цуд, усяліць надзею ў кранальныя дзіцячыя сэрцы!

Дзеці нашай школы не засталіся абыякавымі да гэтай акцыі. З хваляваннем і трапятаннем навучэнцы і настаўнікі збіралі канцылярскія тавары, цацкі, дзіцячую мастацкую літаратуру. Няхай наш невялікі калядны падарунак прынясе радасць таму, хто асабліва мае ў ёй патрэбу!

І.С.ЕМЯЛЬЯНАВА,
педагог-арганізатар Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.