Цуды рускай мовы

- 15:41Нам пішуць

Тыдзень рускай мовы і літаратуры ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна — адна з самых адметных форм пазакласнай работы па прадмеце. Па-першае, гэта мерапрыемства пачынае цыкл тыдняў па прадметах вучэбнага плана ў школе, па-другое, кожны навучэнец становіцца актыўным удзельнікам і спрабуе свае сілы ў розных відах дзейнасці.

Фота да матэрыяла: Цуды рускай мовы.“З рускай мовай можна тварыць цуды!” — словы К.Паўстоўскага сталі дэвізам творчых, пазнавальных, конкурсных мерапрыемстваў тыдня. Прычым арганізатары — настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталля Аляксандраўна Хадоркіна і Святлана Станіславаўна Пілецкая — улічвалі і пажаданні вучняў.

Паэтычны перапынак “Мае любімыя радкі” сабраў прыхільнікаў рускай паэзіі: радкі з твораў рускіх пісьменнікаў на стэндзе пакінулі навучэнцы малодшых і старшых класаў, педагогі, тэхработнікі.

Тое, што незалежна ад узросту ўсе любяць казкі, паказала гульня-падарожжа “У свеце казак”. Конкурсныя заданні патрабавалі ўспомніць не толькі змест казак, але і словы герояў, адгадаць па апісанні, якія прадметы адпавядаюць казачным героям, параўнаць рускія і беларускія казкі. Паколькі цяпер удзяляецца павышаная ўвага правілам бяспечных паводзін, то ўдзельнікі гульні вызначалі, якія казкі вучаць асновам бяспекі жыццядзейнасці. Напрыклад, усім знаёмая казка “Калабок” вучыць жыццю, а менавіта — не сыходзіць з дому без дазволу бацькоў. Такім чынам, казкі вучаць, як можна паступаць у той ці іншай сітуацыі. Лепшымі знаўцамі казак сталі навучэнцы 6 класа.

“Слоўнікі — нашы дарадцы” — тэма сустрэчы-прэзентацыі, якую правяла бібліятэкар Святлана Іосіфаўна Грыва. Яна пастаралася данесці да навучэнцаў, наколькі важна правільна ўмець карыстацца слоўнікамі: “Калі вам патрэбна інфармацыя аб паходжанні слова, яго значэнні, прыходзьце ў бібліятэку, і слоўнікі вам абавязкова дапамогуць справіцца з заданнем”.

Фота да матэрыяла: Цуды рускай мовы.Сацыяльнае апытанне “ТОП-5 лепшых кніг”, праведзенае ў дзень кнігі, паказала, што навучэнцы аддаюць перавагу гістарычным творам, таксама захапляе фантастыка. Але раман у вершах А.С.Пушкіна “Яўгеній Анегін” заняў першае месца ў апытанні і амаль кожны зачытваў словы Таццяны “Я вам пішу…”. Магчыма таму, што ў наступным годзе адзначаецца 220 гадоў з дня нараджэння паэта. А яшчэ напярэдадні важнай даты навучэнцы сустрэліся ў літаратурнай гасцёўні “Героі Пушкіна ў нас у гасцях”, дзе гучалі музычныя кампазіцыі і рамансы на вершы паэта. У госці “зазірнулі” Моцарт і Сальеры, Таццяна Ларына і Яўгеній Анегін, Ліза і Аляксей, Царэўна і Царыца. Выдатныя акцёрскія і аратарскія здольнасці прадэманстравалі Надзея Янкоўская, Юльяна Лапшэвіч, Юлія Млынкоўская, Алег Сільвановіч, Максім Пятровіч. Цікавым для навучэнцаў і педагогаў быў і той факт, што літаральна некалькі дзён назад настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.А.Хадоркіна вярнулася з экскурсійнай паездкі ў Дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-літаратурны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік А.С.Пушкіна “Міхайлаўскае”. Вядомыя памятныя пушкінскія мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю вялікага паэта, любімыя і апетыя ім, пакінулі ў Н.А.Хадоркінай незабыўнае ўражанне. Свае пачуцці, захапленне ўбачаным настаўніца пастаралася данесці да прысутных.

Фантазіраваць, вылучаць ідэі, рэалізоўваць іх, маляваць, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках, рыхтаваць і выступаць з дакладамі на вучэбных занятках — усё было магчыма падчас тыдня рускай мовы і літаратуры.

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.