Тыдзень, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння знакамітай рускай паэтэсы Марыны Іванаўны Цвятаевай, прайшоў у сярэдняй школе № 7 Смаргоні.
Пачаўся ён з “Дыялогу з паэтам…”, падчас якога навучэнцы чыталі “Адкрыты ліст М.І.Цвятаевай да дзяцей”, абмяркоўвалі яго ключавыя палажэнні, шукалі адказы на пастаўленыя аўтарам пытанні, а потым пісалі творчую працу — ліст у адказ, эсэ па адным з пажаданняў.
Вершам “Красною кистью рябина зажглась” пачалася літаратурная гасцёўня з аднайменнай назвай. Навучэнцы 11 класа пашырылі свае веды пра жыццё і творчасць Марыны Іванаўны, акунуліся ў свет цвятаеўскай паэзіі, дэкламавалі і аналізіравалі яе вершы.
У 10 класе Галіна Францаўна Іванец правяла інтэграваны ўрок рускай мовы і літаратуры па тэме “Гартаючы цвятаеўскія старонкі: стылістычны аналіз тэксту”. Для навучэнцаў 5—11 класаў на стэндзе філалагічнага клуба “Словесник” былі прапанаваны пытанні і заданні віктарыны, пошук адказаў на якія дапамог дзецям бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю паэтэсы. Падчас класных гадзін вучні разам з класнымі кіраўнікамі паглядзелі дакументальны фільм “Марына Цвятаева: апошні дзённік”.
Навучэнцы 10—11 класаў за тыдзень настолькі натхніліся творчасцю Марыны Цвятаевай, што самі пачалі тварыць. Былі створаны відэаролікі на вершы “Маме” (Валянцін Стурліс), “Я словно бабочка к огню…” (Настасся Валохіна, Вікторыя Войтка, Дыяна Кавяза, Карына Васілеўская), “Над синевою подмосковных рощ…” (Дзмітрый Пумпур), “Не отрекаются любя” (Кацярына Закудоўская). Даніла Вяль і Юлія Забельская запісалі на відэа сваё выкананне песні “Мне нравится, что вы больны не мной” ва ўласнай аранжыроўцы.
Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.